Выбрать главу

Трагічны парадокс нашай гісторыі! Заклапочаная маральным станам і духоўным развіццём народа, царква намагалася палепшыць гэты стан і паспрыяць гэтаму развіццю, заняўшы пазіцыю адчужэння ад этнічных белару скіх асноў, ад першаэлементу нацыянал ьнай культуры — мовы беларускага народа, пайшоўшы на падтрымку імперскай палітыкі асіміляцыі, — будзем сёння гаварыць пра гэта шчыра, як ёсць. Адсюль і тая ненармальная адсутнасць належнага духоўнага супрацоўніцтва творчай і навуковай беларускай інтэлігенцыі з царквою — зява, як вы разумееце, вельмі і вельмі непажаданая, бо ад гэтага церпіць агульная справа духоўнага адраджэння нацыі, маральная і палітычная стабільнасць нашага грамадства. Гэта ва ўсіх адносінах вельмі кепска, калі храм Божы і нацыянальна-патрыятычная інтэлігенцыя раз'яднаны. I асабліва кепска ва ўмовах станаўлення нашай Беларускай дзяржавы, якое рашуча вымагае кансалідацыі ўсіх грамадскіх сіл. Прыгадаем, для прыкладу, якую незаменную ролю ў перыяд нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Балгарыі адыграла Балгарская праваслаўная царква: усе яе храмы і манастыры былі не толькі магутнымі асяродкамі захавання нацыянальнага духу, вогнішчамі балгарскайверы, але і асяродкамі барацьбы за нацыянальнае вызваленне. З ліку святароў выйшлі многія выдатныя дзеячы балгарскай літаратуры і мастацтва, і нават асобы, якія з'яўляюцца нацыянальнымі героямі Балгарыі.

Зразумела, што мы глядзім наперад і верым у скоры надыход часу, калі Божы храм і народ на Беларусі будуць гаварыць не рознымі мовамі, а адною — моваю гэтай зямлі, калі адраджэнне веры Хрыстовай у душах чалавечых у поўнай меры будзе супадаць з адраджэннем беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай самастойнасці, беларускаймовы і культуры.

На гэтай аптымістычнай ноце я і хацеў бы закончыць сваё кароткае прывітанне. Ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і ад сябе асабіста сардэчна віншую з тысячагадовым юбілеем праваслаўнай царквы на Беларусі і зычу плённай працы акадэмічнай навуковай канферэнцыі.

І АПОРА, І ПРЫКЛАД, І КРЫНІЦА НАТХНЕННЯ...

Тыднёвік "ЛіМ" за 30 кастрычніка 1992 года

Якуб Колас — з'ява ў духоўным жыцці беларускага народа незвычайная, непаўторная і, я сказаў бы, неабсяжная. З'ява, якую не ахапіць і самым шырокім паглядям, ва ўсе глыбіні якой не пранікнуць і самым праніклівым узіраннем. Для кожнага наступнага пакалення чытачоў ён будзе адкрывацца па-новаму — і шырэй, і глыбей, — па меры таго, як будзе шырыцца і паглыбляцца нацыянальна-гістарычная самасвядомасць беларускага народа, ці іначай кажучы — па меры таго, як Беларусь будзе станавіцца Беларуссю.

Якуб Колас — не проста вялікі мастак слова, а вялікі мастак-мысліцель, для якога і стварэнне малюнкаў-вобразаў, і лепка характараў, і канструяванне сюжэтаў мелі сэнс толькі таму, што ўсё гэта было падпарадкавана спасціжэнню і раскрыццю духоўнага свету чалавека, сацыяльных і маральна-псіхалагічных заканамернасцяў развіцця грамадства, высвятленню, так бы мовіць, “таямнічых” ходаў гісторыі наогул і гісторыі свайго народа ў прыватнасці.

Якуб Колас — не проста выдатны, высокааўтарытэтны ў вачах чытачоў пісьменнік, а пісьменнік-Педагог (з вялікай літары), пісьменнік-Настаўнік нацыі. Гэтанадзвычайнаяроля была яму забяспечана не толькі яго магутным талентам, але і тым, што ён быў дасканалым знаўцам народнага жыцця і побыту, асаблівасцяў светаўспрымання і псіхалогіі беларусаў, а таксама яшчэ і тым, што яму вельмі хацелася паспрыяць, дапамагчы свайму заняволенаму, няшчаснаму народу выйсці на шырокі прастор гістарычнай жыццядзейнасці. Не адмаўляючы і рэвалюцыйных сродкаў абнаўлення рэчаіснасці, жаданага вырашэння лёсу Бацькаўшчыны, ён хацеў бы, аднак, дасягнуць гэтага перш за ўсё спосабамі цывілізаванай культурна-асветніцкай працы — ён належыў да плеяды асветнікаў-гуманістаў, якіх эпоха гвалтоўных рэвалюцыйных ломак таксама ламала і нявечыла, асуджала на страшэнныя маральныя пакуты.

У беларускай літаратуры Якуб Колас — постаць, якая ніколі ў сваей эпічнай велічы нікому не ўступіць першынства, якімі б геніяльнымі ні былі эпікі, што прыходзілі і будуць прыходзіць пасля. Так распарадзілася сама гісторыя, у якой ён заняў сваё асобае месца. Тое, што зрабіў у нашай літаратуры Якуб Кол ас, — застаецца недасягальным назаўсёды. I рэч не ў тым, што яго наступнікі і паслядоўнікі менш таленавітыя. Рэч у тым, што ён быў першы, хто ахапіў душой увесь неабдымны свет беларуса, хто пранік у гэты свет на ўсю глыбіню, у ва ўсе яго куткі і закутачкі.