Выбрать главу

Ідэя нацыянальнага аДраджэння Беларусі — ідэя перш за ўсё патрыятычная, родалюбная і, вядома ж, усенародная.

Ніхто ў паасобку не мае манапольнага права на беларускі патрыятызм. Між тым, есць, я сказаў бы, сектанты, якія хацелі б адлучыць некаторых грамадзян ад права клапаціцца пра наша нацыянальнае Адраджэнне. Маўляў — вы трымаліся асуджаных часам перакананняў і поглядаў, і таму цяпер мы абыдземся без вас. Цяжка прыдумаць нешта больш неразумнае, чым такая пазіцыя.

У пошуках шляхоў станаўлення нашай незалежнай дзяржавы трэба помніць, што цяпер кожны памылковы крок можа вельмі дорага нам абысціся, іншы крок можа аказацца катастрафічна непапраўным. Для Беларусі, для беларусаў наступіў самім Богам наканаваны час збіраць камяні... Дагэтуль не толькі нашы нядобразычліўцы, але, здаецца, і мы самі ж рабілі ўсё магчымае, а нават і немагчымае, каб разрозніць беларусаў між сабой, каб адчужыць і аддаліць беларуса ад Беларусі. Хочацца верыць, што нарэшце з гэтым нашым самаедствам мы канчаем назаўсёды.

Клопат пра беларускае нацыянальнае адраджэнне доўгі час бралі на сябе пераважна прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі. Сёння сітуацыя істотна мяняецца — да ідэі адраджэння далучаюцца людзі з усіх іншых сфер грамадскага жыцця. I аднак жа — задачай задач застаецца: абудзіць, разбудзіць ад нацыянальнай спячкі ўвесь беларускі народ — павярнуць усіх грамадзян нашых да вялікай ідэі адраджэння Беларусі. Зрабіць так, каб літаральна кожны беларус усвядоміў, што і ад яго залежыць будучыня Бацькаўшчыны, і гэта ўсведамленне зрабіў сваім найпершым, сваім святым абавязкам. Каб кожны як малітву штодня сабе паўтараў: я павінен жыць і працаваць так, каб маёй Беларусі было лепш, каб яна багацела і дужэла, расла духоўна і набывала ўсё больш высокі аўтарытэт у свеце.

На вялікі жаль, і ў нашым парламснце, і ва Урадзе, і ў іншых дзяржаўных і недзяржаўных структурах супроць лініі на станаўленне суверэннай, незалежнай, нейтральнай, без'ядзернай Беларускай Дзяржавы выступаюць не толькі даўнія, загартаваныя і асатанелыя "ворагі беларушчыны" (Купала), але і некаторыя дэмакраты, прыхільнікі і абаронцы эканамічных рэформ. Што гэта значыць? Гэта значыць, што па-ранейшаму Беларуская ідэя яшчэ не стала галоўнай аб'ядноўчай сілай — і ў гэтым найвялікшая наша бяда. Гаварыў неаднойчы і скажу яшчэ раз з гэтай высокай трыбуны: Наша дзяржава яшчэ далёка не стала ў поўным сэнсе слова беларускай дзяржавай. Нам гэта яшчэ належыць зрабіць. I гэта стане тады, калі беларускімі пачуюцца нашы парламент і ўрад. Вядома, рэч не толькі ў мове, і аднак жа — перш за ўсё і сто разоў перш за ўсё — у мове! Толькі тады, калі ўсе да адной паперы і паперкі з Вярхоўнай Рады і з Рады Міністраў пойдуць на беларускай мове, — толькі тады мы зможам нарэшце шчасліва ўздыхнуць і сказаць: Пачалося! Аве, Беларусь!.. Просіцца на абвяшчэнне адно параўнанне. Ніколі гэты дом, наш Вялікі тэатр, так не поўніўся роднымі гукамі, роднымі словамі, роднымі галасамі, як сёння. Дык вось, не ведаю, ці судзіць мне доля дажыць, але быў бы бязмежна шчаслівы пачуць аднойчы, што ўся Беларусь, уся зямля наша, як гэты дом сёння, поўніцца роднымі гукамі, словамі, галасамі! Што для гэтага мы павінны рабіць і зрабіць? Усё, каб яўныя і замаскаваныя антыбеларускія сілы ў Беларусі пацярпелі поўны крах. Угоўнены, што гэта пытанне часу. Мы не дазволім ужо, каб наш народ і краіна зноў былі адкінуты далёка назад!..

Вядома, ад многіх дзяржаўных людзей у нас наўрад ці можна чакаць, што яны аднойчы зразумеюць трагічны лёс беларускага народа і павернуцца душой да нашых жыццёвых клопатаў. Але не яны надалей будуць задаваць тон і прадвызначаць магістральны кірунак развіцця нашай дзяржавы. Хоць сітуацыя і застаецца складанай, нават вельмі складанай, адбываецца мабілізацыя здаровых грамадскіх сіл — як у Беларусі, так і за яе межамі, там, дзе жывуць беларусы. Нарастае палітычная, маральная і матэрыяльная падтрымка ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі. Нарастае і дужэе наша вера ў тое, што на гэты раз ашукаць нас нікому не ўдасца, і мы ўжо не выпусцім з рук сваю ўласную долю.

Карыстаюся выпадкам і выказваю шчырую падзяку ўсім грамадзянам Беларусі і ўсім нашым замежным суайчыннікам, якія падтрымліваюць Таварыства беларускай мовы і супрацоўнічаюць з намі.

Дарагія людзі, ячшэ раз віншую вас з пачаткам вялікага Пачатку і ад усяго сэрца зычу вам поспехаў у працы.

Жыве Беларусь!

ТРАЦІЦЬ ВЕРУ НАМ НЕЛЬГА

"Літаратура і мастацтва" за 3 верасня 1993 года (у скарочаным варыянце)

— Ніл Сымонавіч, тры гады мінула з моманту ўступлення ў дзеянне Закона аб мовах. Калі ласка, скажыце, наколькі можна сцвярджаць сёння, што Закон "запрацаваў"?