Вось гэтыя "другія", што добра ведаюць, чаго хочуць, і з'яўляюцца ініцыятарамі і арганізатарамі руху за наданне рускай мове ў Беларусі статуса дзяржаўнай. Іншымі словамі — за дзве дзяржаўныя мовы ў нашай рэспубліцы. Пры гэтым яны не спыняюцца перад рознымі спекуляцыямі на недасведчанасці людзей, перад падтасоўкай і падменай паняццяў, прычын і паследкаў. Самае сумнае і трывожнае, што яны нагнятаюць вакол моўнага пытання атмасферу, не думаючы, да чаго гэта можа прывесці — да якое бяды. Прыкідваючыся наіўнымі, палохаюць, што ў Бел арусі набірае сілу нацыяналізм, што беларуская мова насаджаецца сілай і што на моўнай гл ебе па віне прыхільнікаў адной дзяржаўнай мовы можа адбыцца небяспечнае абвастрэнне ўзаемаадносін у грамадстве. Так з хворай галавы перакладаюць на здаровую. Да абвастрэння можа дайсці толькі па віне тых, хто дабіваецца другой дзяржаўнай мовы. Паколькі мы ведаем, чым гэтае самае дзяржаўнае двухмоўе абернецца для нас, для лёсу нашае мовы і нашае нацыі наогул, — нам адступаць няма куды. Страціць свой апошні шанц у гісторыі мы не можам — не маем права.
Што ж, вы пытаеце, рабіць? Трэба патрабаваць ад Урада, каб ён паклапаціўся пра выкананне Закона аб мовах. I ад Вярхоўнага Савета таксама. I перш за ўсё — хай пакажуць прыклад самі: хай загавораць з народам, з людзьмі па-беларуску і перавядуць на беларускую мову справаводства ў сваіх жа канцылярыях. Няхай скажуць тым, што крычаць аб гвалтоўным насаджэнні беларушчыны: "Супакойцеся, шаноўныя! Ніхто вас за горла не бярэ і не адымае ў вас права і магчымасці вывучаць рускую мову і карыстацца ёю. Але выконваць законы сваёй дзяржавы — трэба! Абавязкова!"
Вельмі шкада, што многія палітычныя і дзяржаўныя дзеячы розных рангаў недаацэньваюць складанасць праблемы і замест таго, каб садзейнічаць спакойнаму ажыццяўленню Закона аб мовах, адкрыта патрабуюць яго перагляду на сесіі Вярхоўнага Савета або вынасу пытання аб мовах на рэферэндум. Так, яны ведаюць, чаго хочуць і чаму свайго дамагаюцца. Але ж яны павінны ведаць і волю соцень тысяч свядомых беларусаў. А яна вельмі выразна выказана ў безлічы іх пісем, прысланых у Вярхоўны Савет: сёння адзінай дзяржаўнай мовай у нас павінна быць мова беларуская — як гэта і запісана ў Канстытуцыі. Калі-небудзь пасля, і не так скора, — тады, як беларуская мова паўсюдна і надзейна ўсталюецца ў грамадскім ужытку і ёй ужо нішто не будзе пагражаць, бо ўжо ўвесь народ зробіць яе сваёй найвялікшай любоўю, — тады можна будзе спакойна надаць статус дзяржаўнай і другой мове. А нават і трэцяй, і чацвертай. А сёння... Сёння дамагацца гэтага — значыць штурхаць нацыю на шлях самагубства.
Застаецца спадзявацца, што і ўведзеныя ў зман грамадзяне, і яўныя нядобразычліўцы нашы яшчэ адумаюцца і супакояцца, угамоняцца і пачнуць супольна і дружна працаваць на карысць Беларусі. Гэта і будзе перамога справядлівасці. Гэта і будзе свята дружбы народаў на Беларускай зямлі.
Гутарку вёў А. Марціновіч
«ПАКАПАЦЦА Ў КІШЭНЯХ ПАМЯЦІ...»
«Культура» за 9 лістапада 1993 года (У скарочаным варыянце)
—Ніл Сымонавіч, пад Вашым кіраўніцтвам група спецыялістаў працуе над рэформай беларускага правапісу — па сутнасці гэта мае дачыненне да мовы наогул. Колькі слоў пра гэту працу.
— Так, хаця гэта будзе ўсяго ўдакладненне правапісу, вы правільна зазначылі: праблема не правапісная, а моўная. Клопат пра нашу мову ўцэлым, пра яе лёс, яе становішча, і праблема правапісу — толькі частка гэтага клопату. Самае галоўнае — забяспечыць нашай мове поўнапраўнае існаванне як дзяржаўнай. Пакуль што яшчэ мы не можам сказаць, што адбыўся пералом у грамадскай свядомасці, што беларуская мова як дзяржаўная запанавала. Яшчэ далёка да гэтага. Вядома ж, ёсць прыкметныя зрухі, якія не могуць не радаваць, найперш — у сферы адукацыі. Ды ўжо і на вуліцы людзі не спыняюцца, каб падзівіццана чалавека, які загаварыў па-беларуску. Раней для далікатнага чалавека ў нейкай меры было як бы і небяспечна загаварыць на роднай мове, бо ніякай няма прыемнасці, калі на цябе азіраюцца адразу дзесяткі вачэй. Дзякаваць Богу, псіхалагічны пералом ужо адбываецца. Усё больш і больш людзей спакойна і з разуменнем успрымаюць наяўнасць самой праблемы, неабходнасць яе вырашэння. Дзяржаўная мова павінна існаваць як у нармальнай, самастойнай, незалежнай дзяржаве, як ва ўсім свеце ў добрых людзей.