- I ў маленькіх гарадках.
Не ў такіх ужо і маленькіх. У добрых людзей у дваццацітысячных гарадах працуюць прафесійныя дзяржаўныя тэатры. Напрыклад, у Балгарыі кожны акружны цэнтр мае свой драматычны тэатр. Дваццаць восем акруг — столькі ж тэатраў. I ўсе тэатры, безумоўна, нацыянальныя.
Альфа і амега ўсёй нашай культурна-асветніцкай работы— клопат пра нацыянальную свядомасць, пра адносіны самога народа да сваёй гісторыі, памяці, мовы, мастацтва, літаратуры, музыкі. Яшчэ не пераадолены рэшткі прывітай нам псіхалогіі, што мы — правінцыя Расіі, а не самастойная славянская дзяржава. Гэтае рудыментарнае самапачуванне трэба пераадолець, інакш мы ніколі не станем на ногі як народ, як дзяржава. Думаю, не трэба кожны раз рабіць агаворку, што гэта ніяк не памяншае нашай павагі да рускай культуры, да польскай, да англійскай, да любой іншай, — да культуры ўсяго свету, і ў першую чаргу — да рускай, якой мы і сапраўды вельмі многім абавязаны.
— Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і расейская культура станавілася на ногі, дзякуючы выхадцам з тутэйшых земляў.
- Каму толькі не аддавалі нашы таленты дар свой! Усім суседзям. Самае крыўднае, што мала пры гэтым даставалася свайму народу. Так што галоўнае, каб адбыўся ў самых шырокіх масах пералом, каб беларусы ўсвядомілі, што ў іх ёсць свой духоўны, мастацкі, эстэтычны грунт, ёсць свая, няхай і не такая вялікая, як французская ці руская, але ж і не бедная літаратура, з якой нясорамна выходзіць у свет, ёсць выдатная музыка, скульптура, жывапіс. Гэта я кажу пра прафесійную мастацкую культуру, але ёсць жа невымерная, незлічоная народная культура, і не толькі фальклор, а, скажам, народная абрадавая творчасць, прыкладное мастацтва.
- Адметная народная культура.
—Так. Застаецца невялічкая дробязь: кожны грамадзянін нашай краіны павінен пачуцца прыналежным да гэтай культуры, усвядоміць, што ён — яе руплівец, які дбае пра яе далейшае развіццё, каб яна служыл а нашым дзецям, уну кам праз дзесяткі, сотні гадоў.
- Як і кожная культура на зямлі.
- Самае крыўднае і смешнае, калі хочаце, — тое, што мы гаворым пра рэчы, якія ў іншых краінах проста не абмяркоўваюцца — няма патрэбы. Любы чалавек, не толькі прадстаўнік інтэлігенцыі, але і вясковец, там скажа: "Не разумею, дзе праблема, пра што вы пытаецеся? Ці люблю я сваю родную мову?'' А мы на поўным сур'ёзе ставім гэткае пытанне. А што ж рабіць? Мы вымушаны гаварыць пра гэта і не толькі гаварыць, але і працаваць, дзейнічаць.
- Так, і ў гэтым накірунку імкнецца працаваць і калектыў "Культуры".
- "Культура" — газета своеасаблівая. Мне многае імпануе ў ёй, скажам, матэрыялы па гісторыі культуры, але я лічу, што тЫднёвік яшчэ шукае сябе. Напачатку мне вельмі і вельмі не хапае ў ёй добрай публіцыстыкі, бо ўсякая газета — найперш публіцыстычная трыбуна, ды і часопіс без добрай публіцыстыкі не ўяўляецца. З увагі на тое, колькі ў нас праблем у сферы жыцця духоўнага, самых жывых, вострых, набалелых, мне хацелася б, каб у тыднёвіку было больш аўтарскіх выступленняў у самых розных жанрах. Малайцы, што адважыліся на літаратурна-філасофскі дадатак "ЗНО".
- На маю думку, "ЗНО" бярэцца за распрацоўку і ўвядзенне ва ўжытак абсалютна новых тэмаў і праблем, у тым ліку, пошук адпаведнай філасофскай лексікі.
- Вы зачапілі яшчэ адну асобную тэму, якая датычыць, у прынцыпе, усіх гуманітарных навук. Я баюся, што на сённяшні дзень, калі мы ўжо можам гаварыць пра пэўныя поспехі ў гісторыяграфіі, то вельмі-вельмі мала падстаў сцвярджаць пра дасягненні ў беларускай філ асофіі. Канешне ж, ёсць выдатныя імёны. Я з захапленнем чытаю ўсё, што піша Уладзімір Міхайлавіч Конан, і кожны раз зноў прашу: "Паздароў, Божа, гэтага чалавека". Але ж колькі ў нас такіх? Вельмі мала. А нам трэбане толькі гісторыя філасофіі, але і разуменне своеасаблівасці беларускага светаадчування, успрыняцця, маралі. Што ў народнай маралі высокае, а што, выбачайце, і... Гаворым жа часам пра нейкую беларускую нясмеласць.
- Часцей — пра талерантнасць.
- Гэта мы прыкрываемся талерантнасцю. А пад ёй — тое, што нам загналі ў гены, у кроў. Не хачу я крыўдных слоў казаць на адрас свайго народа, але пара нам развітацца з празмернай паслухмянасцю, нясмеласцю, пакладзістасцю там, дзе трэба ўзняць вышэй галаву, стукнуць кулаком і сказаць: "Не!".
Гутарку вяла Г. Булыка
СІНДРОМ НАБЫТАГА СУВЕРЭНІТЭТУ
Выступленне на сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (11 лістапада 1993 г.)
Нікога з прамоўцаў не папракнеш, што ён кіруецца не высокім грамадскім клопатам, не тым, што ўсім нам баліць, а нейкімі другараднымі ці прыватнымі інтарэсамі. Але дазвольце выказаць адно ўражанне, якое мяне вельмі засмучае, і думаю — не толькі мяне. Мнагавата ўсё-такі гаворыцца таго, што не дапамагае адказваць на пытанне: як, якімі шляхамі вывесці эканоміку краіны з глыбокага крызісу, як недапусціць, каб здарылася самае горшае — каб абрабаваныя, ашуканыя, няшчасныя сумленныя людзі не пачалі паміраць ад холаду і голаду. Напрыклад, зашмат часу і пораху траціцца на асуджэнне “Віскулёў”, падпісанага там пагаднення. Пры гэтым камень кідаюць чамусьці толькі ў агарод нашага старшыні Станіслава Шушкевіча, як быццам мнагавопытны дзяржаўны муж Вячаслаў Кебіч свайго подпісу пад белавежскім дакументам не паставіў. Шкада, што траціцца час і сілы на гэты неразважны суд, які адно культывуе ў настроях людзей непатрэбную настальгію па мінулым.