Выбрать главу

Ну давайце задумаемся на момант: што нам гэта сёння дае — гэта наша злосць на "Віскулі"? Які ў гэтым сэнс? Па-мойму, ніякага. Па-першае, тое пагадненне, калі б яно не было падпісана ў Беларусі, яно абавязкова было б падпісана недзе ў другім месцы. Бо для яго надышоў час. Па-другое, у ліку трох галоўных віноўнікаў, якіх яшчэ і дасюль шаржыруюць у некаторых газетах, т. Шушкевіча магло б не быць, гэта маглі б быць таварышы Ельцын, Краўчук і, скажам, Назарбаеў, а т. Шушкевіч "спазніўся" прыляцець. I што? Хіба ад гэтага нешта змянілася б? Беларусь падпісала б гэта пагадненне трошкі пазней — як гэта зрабілі ўсе астатнія рэспублікі Саюза. Па-трэцяе, і гэта галоўнае, усім нам трэба глядзець на рэальны стан рэчаў. ''Віскулі'' — гэта ўжо гісторыя, якую назад не адкруціш. А перад намі — жывая рэчаіснасць. Хоць яна і не падабаецца нам — але яна ёсць такая, якая ёсць — а іменна: рэчаіснасць незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Дарэчы, у вуснах многіх нашых грамадзян словы "суверэнітэт, незалежнасць" сталі словамі зняважліва-абразлівымі, гучаць як лаянка. Няшчасце на галаву звалілася — суверэнітэт! Жылі-жылі — і раптам: на табе — пракляцце божае! Суверэнітэт народу дастаўся! На вялікі жаль, гэты матыў праступае і ў некаторых прамовах тут. Пад любым прыкрыццем — але давайце пазбавімся суверэнітэту, бо ва ўсім вінаваты ён. Новая хвароба ў Беларусі, новая бяда-няшчасце, — сіндром набытага суверэнітэту!

Сапраўды — дажыліся!

КУРС НА СТРАТУ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ

Выступленне на сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (18 лістапада 1993 г.)

Тут была заява, што гэта пытанне хочуць абмяркоўваць адно дэпутаты з апазіцыі — члены БНФ ды Грамады. Я не належу ні да БНФ, ні да Грамады, ні да якой-небудзь іншай партыі. Не належу і не збіраюся належаць. Але я належу да народа, які тут жыў, жыве і будзе жыць, і які заслугоўвае іншай долі, чым тая, якую меў у стагоддзях, калі з яго воляй ніхто не лічыўся, да народу, які мае права, Богам данае права, быць і пачувацца гаспадаром на гэтай зямлі, на сваёй роднай зямлі — іншай у яго няма. I таму зразумець маю трывогу ў гэту хвіліну, думаю, няцяжка.

Нельга недаацэньваць момант, які мы зараз перажываем — бо ён можа аказацца лёсавызначальным, ён можа стаць пачаткам канца — канца таго, да чаго мы так доўга ішлі — да суверэннасці, да незалежнасці. I што ж прымушае многіх з нас, сыны і дочкі Беларусі, так лёгкадумна ставіцца да лёсу сваёй Бацькаўшчыны. Аналітычныя разборы сітуацыі — не рытарычныя пытанні, што тут прагучалі, — а аналітычныя разборы, зробленыя людзьмі, дасведчанымі ў эканоміцы, у фінансава-грашовых справах, пацвярджаюць, што сама па сабе ратыфікацыя гэтага пагаднення нам нічога не дасць — ніякіх канкрэтных эканамічных выгад. Што нам замінае гандляваць зВасіяй, з іншымі краінамі, супрацоўнічаць, устанаўліваць і развіваць эканамічныя сувязі? Нішто не замінае. Калі ласка! Давайце дамаўляцца — і аб рэсурсах, і аб цэнах, і аб мытні, і аб усім іншым. Я не веру, што няма іншага выйсця апрача як ратыфікаваць сёння ж гэтае пагадненне. На што нам гэта аб'яднанне грашовых сістэм? I не трэба галасаваць за яго. Не трэба. Устрымайцеся сёння, шаноўныя дэпутаты. Калі мы толькі ступім на гэты шлях, час пакажа і пераканае, што гэта шлях да здрады нацыянальных інтарэсаў, да страты эканамічнай суверэннасці і дзяржаўнай незалежнасці.

I што ж гэта, скажыце, за доля такая, што мы самі, самі паступаемся здабытым правам? Усе людзі ў свеце ва ўсіх краінах радуюцца здабытаму праву самастойна вырашаць свой лёс, ганарацца гэтым правам, змагаюцца за ўмацаванне суверэнітэту. А мы? А мы, як апошнія недарэкі, хочам бяздумна пазбавіцца суверэннасці, хочам дабраахвотна стаць дамініёнам магутнай суседняй дзяржавы! I гэта тады, калі ўвесь свет прызнаў Рэспубліку Беларусь як незалежную дзяржаву!