Я пакідаю трыбуну з надзеяй, што ў вашых сэрцах у гэты момант пераможа пачуццё клопату за лёс Беларусі і пачуццё нацыянальнай годнасці.
ПАКАЗАЛІ МОНСТРА. А ДАЛЕЙ?..
"Звязда" за 21 снежня 1993 года
Цяжка адысці ад таго, што было перажыта ў зале Вярхоўнага Савета на мінулым тыдні. Агульнае ўражанне: як мы яшчэ не гатовы на свядомым дзяржаўным узроўні вырашаць надзвычайнай важнасці пытанні! Як неадольна вылазіць і бярэ верх звыродная вернападданіцкая псіхалогія, у рэчышчы якой — і дзікая прага ўлады, і зайздрасць, і правінцыйная пыха, і ліхвярская хцівасць, і ўсё іншае, што асляпляе і атупляе розумы, душы, сэрцы! У чацвер у зале, можна сказаць, запанавал а атмасфера, далёка не адпаведная годнасці грамадзяніна, а тым болын народнага дэпутата, перамагло нешта злобна-агрэсіўнае, нямудрае, безразважлівае, і нават падлаватае.
Даклады дэпутатаў А. Лукашэнкі і С. Антончыка, звёўшы ў адно вядомыя і малавядомыя факты, добра паказалі жахлівага монстра карупцыі, яго неймаверна раз'ятраны апетыт. Многія дэпутаты ў сваіх прамовах дамалявалі, удакладнілі дэталямі і штрыхамі пачварны вобраз гэтага страшыдлы. Ну, а што ж далей? Што — у выніку? Куды павярнулася справа?.. Куды? Думаю — туды, куды і было запланавана рэжысёрамі.
Так ссунуць акцэнты з галоўнага — страшна небяспечнага для дзяржавы і народа — на нявартыя грамадскай увагі дробязі, так перакасіць самую мэту-задачу Камісіі, — гэта ўжо трэба зусім не мець Бога ў душы. Выбачайце, але ў чыста лагічным плане такі перакос ёсць поўны абсурд, у маральным плане — гэта палітычны цынізм. Увесь народ, усе сумленныя людзі бачаць і ведаюць, якія маштабы прыняла ў верхніх і сярэдніх эшалонах улады карупцыя, якая бессаромная ідзе "прыхватызацыя", разрабаванне народных багаццяў, створаных мазольнай працай і салёным потам мільёнаў людзей. Народ, паўтараю, гэта ведае, і ён чакаў глыбокага аналізу праблемы, раскрыцця прычын і канструктыўных высноў — як выходзіць са становішча, што рабіць, каб Беларусь канчаткова не ператварылася з прававой і цывіліаванай еўрапейскай дзяржавы ў нейкую дзікую "каўбойскую" рэспубліку зладзюганаў і гангстэраў. I якіх жа высноў дачакаўся? "Трэба зняць з пасады Старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча!" Аказваецца, гэта ён віноўнік таго, што ў нас столькі напладзілася мафіёзі, хабарнікаў, спекулянтаў, махляроў і жулікаў. Ён — ды яшчэ дэпутаты з апазіцыі. Да чаго ж прымітыўна-вульгарны палітыканскі ход! I на каго ж, цікава, ён разлічаны? Хіба што на даверлівых, наіўных дзяцей?
Слухаеш некаторых таварышаў дэпутатаў — і адно дзівішся: ніякага пачуцця адказнасці за лёс народа і краіны, ніякагаразумення, штомы стаім перадрэальнайнебяспекай поўнага хаосу і грамадзянскай вайны! Нейкая апантаная зацятасць і хітраванне! Усім, хто не сляпы, даўно бачна: замах на аўтарытэт сумленных дэпутатаў, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў Беларусі робіцца толькі таму, што яны мужна бароняць суверэнітэт і незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны, што яны не хочуць, каб Беларусь зноў апынулася ў становішчы "северо-западного края", хочуць, каб наш народ быў сам сабе гаспадаром на сваёй зямлі, сам наладжваў сваё жыццё так, каб яму было добра. Усаромцеся ж, таварышы і не таварышы, гэтай сваёй свядомай ці несвядомай барацьбы супроць дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі — і тады ў зале Вярхоўнага Савета трохі-патрохі ўсталюецца згода. У зале — і па ўсёй рэспубліцы. Іншых шляхоў да нацыянальнай кансалідацыі, да палітычнай і эканамічнай стабільнасці няма. Усаромцеся, суніміцеся і не звяртайце ўвагі на тую нягодную дырыжорскую палачку, якая кожны раз відаць.
А для таго, каб выкрыць і выкараніць карупцыю, "прыхватызацыю", мафіёзныя і спекулянцкія ўтварэнні, у дзяржаве ёсць МУС, КДБ, Пракуратура, Кантрольная палата. Мала? Ці яны ўсе, гледзячы на Урад і Вярхоўны Савет, апусцілі рукі? Калі так, — дык тады пачнем з сябе, шаноўныя, з сябе! Ну хоць бы з абнародавання дэкларацый, за што, за дзе ўзятыя сродкі ўзводзім — ва ўдарным тэмпе! навыперадкі! — у сапраўдным сацыялістычным спаборніцтве! — трох- і чатырохпавярховыя мармурова-белакаменныя палацы?..
Р.S. Для тых, хто паспеў тут жа самаўпэўнена адрэагаваць: ''Ну ясно! Это же из оппознции БНФ!'' — даю кароценькую даведку: ні ў якую партыю, ці блок, ці рух не ўваходжу; у апазіцыі ж усё жыццё — да "ворагаў беларушчыны" (Купала), якога б палітычнага колеру яны ні былі.
САЛДАТ СВАЙГО ЧАСУ
Слова пра Аркадзя Куляшова на ўрачыстым вечары ў Мінску 15 лютага 1994 г.