Выбрать главу

Вельмі шаноўная грамада, сябры беларускай паэзіі!

Мы сабраліся сёння ў гэтай утульнай і, дадам, гістарычнай зале Нацыянальнага тэатра, каб ушанаваць 80-я ўгодкі з дня нараджэння аднаго з самых выдатных песняроў беларускай зямлі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова. Час, на які прыпала гэта дата, вядома ж, зусім не спрыяе таму, каб гаварыць пра паэтаў і паэзію. Але, можа, якраз у гэтым і ёсць сведчанне трываласці нашага духу, нашай веры ў сябе і свой лёс, што насуперак усяму мы пасвячаем сённяшні вечар паэту і яго творчасці. Значыць, нам гэта трэба, значыць, мы адчуваем і разумеем, чым нельга — як бы ні было цяжка — паступацца, чаго нельга ў сабе, у сваім жыцці траціць.

Гаварыць пра такога паэта як Аркадзь Куляшоў — няпроста і нялёгка. Нялёгка наогул, таму што незвычайна багаты і значны плён здзейсненага ім, а тым больш нялёгка сёння — калі мы зноў апынуліся ў рэвалюцыйным разломе эпохі, калі ад кожнага з нас вымагаецца амаль немагчымае: нанова перадумаць і пераасэнсаваць увесь пройдзены табою шлях, а для старэйшых — усё пражытае жыццё.

Я хацеў бы пачаць з таго, што ёсць відавочным: Аркадзь Куляшоў, бясспрэчна, — вялікі нацыянальны паэт, волат нашага мастацкага слова. I як волат — ён прарабіў у слове, у літаратуры, тытанічную работу. Па-першае, уражвае сама па сабе колькасць: сотні лірычных і ліра-эпічных вершаў самага разнастайнага жанравага аблічча, дзесяткі паэтычных легенд-балад, і амаль два дзесяткі паэм, ні адна з якіх ні жанрава, ні тэматычна не паўтарае другую, а ўсе разам узятыя ствараюць шырачэзнае мастацкае палатно цэлай гістарычнай эпохі — з акцэнтамі на яе асабліва важных, я сказаў бы, лёсавызначальных момантах. А яшчэ — цэлая бібліятэчка яго дасканалых перакладаў сусветнай паэзіі на беларускую мову. I аднак жа не колькасць, зразумела, галоўнае. Імя Куляшова прымушае думаць і гаварыць пра іншае. Аб тым, што Аркадзь Куляшоў падняў беларускі верш, беларускае паэтычные слова на новы эстэтычны ўзровень. Пасля Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча — іменна яму хапіла сілы і духу зрабіць відочны крок наперад у развіцці нацыянальнага верша. Найпершымі паплечнікамі яго ў гэтым былі на працягу дзесяцігоддзяў Максім Танк і Пімен Панчанка.

Гаварыць пра творчую школу якога-небудзь слыннага майстра, пра яго вучняў і паслядоўнікаў — заўсёды рызыкоўна, і аднак жа, уважліва пранікаючы ў дух, у склад і лад такіх, напрыклад, выдатных і самабытных нашых паэтаў, як Сцяпан Гаўрусёу і Аляксей Пысін, — немагчыма вызваліцца ад уражання, што яны куляшоўскую школу прайшлі несумненна.

Куляшова як паэта вызначала вельмі высокая ступень мастакоўскай годнасці. На чым яна трымалася, чым забяспечвалася? Гранічнай шчырасцю ў адносінах да жыцця, да свету, што наўкол цябе, да людзей, што побач з табою. Шчырасцю — і даверам. Даверам — і павагай. Шчырай павагай да людзей, да жыцця, да свету. I да паэзіі. Да слова. Надзвычайная павага да слова! Адносіны яго да слова былі не проста прафесіянальна-рабочыя, гэта былі адносіны майстра-чарадзея. Майстра з вялікай літары. У сталага Куляшова бадай не знойдзеш ні аднаго верша філігранна неапрацаванага, але не знойдзеш і такога, пра што можна сказаць'' віртуозна'' і не больш. Затое сотні разоў скажаш: да чаго ж хораша! — да чаго ж праўдзіва! — да чаго ж балюча! Або: як святліста-светла! — як чыста! — і як тужліва-горка!..

Дарэчы, наконт чысціні. Годнасць мастака-майстра і ў тым, што ў яго творах вы не знойдзеце ні ценю пошласці, таннай гуллівасці, ды і проста расхожай банальнасці. О, як высока ўзвышаецца ён над той рыначнай кніжнай прадукцыяй, што заваліла сёння нашы прылаўкі! I якая ж у гэтым сэнсе школа культуры, інтэлігентнасці, высакароднасці, скажам шырэй — чалавечнасці, — школа, якою вызначалася ўся наша класіка: прыгадайце Купалу і Коласа, Багдановіча і Гарэцкага!..

Добра, скажа хто-небудзь, а як жа ўсё гэта вяжацца з тым, што ў творчасці выдатнага паэта сення проста не прымаецца, бо ёсць данінай ідэям фальшывым і шкодным. Паслухаем самога паэта:

"Я — салдат свайго часу. З ягоных дарог Я без метак суровых Вярнуцца не мог".

А хто, скажыце, праз той час прайшоў без суровых метак? Думаю, што няма такіх.

"Бесчалавечнасць выпаліла рану На часе тым, што адышоў навек".

Гэта з яго "Маналогу", напісанага ў дні самых горкіх роздумаў паэта. Было б дзіўна і неверагодна, калі б тая нечуваная трагедыя, якую перажыў за дзесяцігоддзі таталітарнага рэжыму наш народ, не прайшла праз душу і творчасць паэта. Рэжым душыў свабоду, творчасць, душыў таленты. Таму ёсць і ў Куляшова старонкі, якія сёння чытаць і сумна і горка. Гэта — трагічныя старонкі яго творчага лёсу. Так іх і трэба ўспрымаць — як трагічныя. Будзем помніць: у вершатворцы нязначнага, дробнага — і памылкі яго выглядзяць дробнымі. Памылкі вялікага паэта — гэта ўжо драма і трагедыя, бо ў іх адбіты драматычны і трагічны лёс народа. Таму Куляшова трэба чытаць з тым даверам да яго шчырага таленту, з якім ён пісаў пра свой народ, жадаючы яму дабра і толькі дабра. I нельга паспешліва заяўляць, што сёння, маўляў, прыцьмелі і падзеі, апісаныя паэтам, і героі, якім ён аддаў сваё сэрца, і, маўляў, не такія яны ўжо і значныя. А можа не яны — а мы прыцьмелі і паблеклі? Можа, гэта з намі нешта здарылася? Я павінен паверыць, што прыцьмеў і пабляк вобраз беларускай дзяўчыны-паланянкі з верша ''Ліст з палону"? I каму — павераць? Каб зрабіць гэта — трэба растаптаць самы балючы боль у душы нашага народа. Хто на гэта здольны? Ва ўсёй сусветнай паэзіі аб апошняй вялікай вайне я не ведаю верша, роўнага па сіле Куляшоўскаму "Лісту з палону". Хіба што "Враги сожгли родную хату" М. Ісакоўскага пастаўлю побач. Хіба што — толькі гэты геніяльны верш народнага рускага паэта. Ці, можа, аб'явім прыцьмелай і нецікавай паэму пра змаганне заходнебеларускіх хлопцаў і дзяўчат — крыштальнай душы патрыётаў — за ўз'яднанне нашай Бацькаўшчыны? — змаганне супроць акупантаў, якія адарвалі і загрэблі палавіну нашай роднай зямлі? Можа, гэта не было вялікай трагедыяй народа і не пакінула ў нашых душах следу?