Дазвольце не доўжыць прыклады: іх вельмі многа. Дазвольце на завяршэнне сказаць: не засланяць і не адсоўваць у цень, а чытаць і перачытваць трэба такіх паэтаў, як Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў.
"ЗУСІМ, ЯК НА ПА ЧАТКУ 30-Х!.."
Выступленне на сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 2 сакавіка 1994 г.
У мінулую пятніцу, выступаючы з гэтай трыбуны, дэпутат Сарокін патрабаваў ад Старшыні Вярхоўнага Савета стварыць яшчэ адну парламенцкую камісію. Для чаго? Для расследавання, цытую, "фактов пропаганды в средствах массовой информации национализма''. Беларускага, вядома. У выніку гэтага расследавання, цытую далей, «оценить роль постоянной комиссии под руководством народного депутата Гилевича. О выводах и предложениях доложить Верховному Совету». Гэта — па-першае. Па-другое, дэпутат Сарокін прадпісвае Старшьші Савета Міністраў, цытую, «рассмотреть целесообразность нахождения на должности министра образования спадара Гайсенок».
Чым жа так правініліся міністр і старшыня камісіі? Тым, што навукова-метадычны часопіс "Пралеска" змясціў публікацыю, шкодную для інтэрнацыянальнага выхавання дзяцей. Мушу заявіць адназначна: я рашуча супроць таго, каб у беларускіх дзяцей, і не толькі ў дзяцей, абуджаць антырускія настроі. Я заўсёды лічыў і лічу найвялікшым злачынствам — сеяць варажнечу паміж людзьмі і народамі. Не сумняваюся, што і міністр Гайсёнак стаіць на гэткіх жа пазіцыях. Як не сумняваюся і ў тым, што пазначаная публікацыя —- толькі фармальны повад для каманды "У атаку!" Не паявіся гэта публікацыя — знайшлі б нейкі повад іншы. Тым больш, што ў сённяшняй сітуацыі людзі лёгка зрываюцца і абнародваюць нямала палітычна няўзважаных заяў і проста глупстваў.
Сапраўдная мэта тых, ад чыйго імя выступіў дэпутат Сарокін, — спыніць працэс нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі. Пакуль ён не набраў сілу — з ім трэба пакончыць! А то і сапраўды можна страціць такі прывабны кавалак "единой и неделимой". Значыць, пара дзейнічаць практычна і канкрэтна.
Апетыт, як вядома, прыходзіць у час яды. Апетыт, відочна, нарастае. Скінулі двух міністраў — мала! Трэба скінуць трэцяга — міністра адукацыі. Скінулі Старшыню Вярхоўнага Савета — мала! Трэба ўзяцца за старшынь пастаянных камісій. Хоць за аднаго — для пачатку. Які раз'ятраны ў таварышаў апетыт! Зусім, як напачатку 30-х!..
Канешне ж, аднаго дробнага факта мала, каб разгарнуць франтальнае наступленне і здзейсніць свае намеры. Таму робяцца абагульненні маштабныя — на ўсю рэспубліку. А іменна: на Беларусі, паводле дэпутата Сарокіна, аказваецца існуюць і дзейнічаюць цэлыя "национал-фашистскне движения", лідэры якіх "активно ведут оголтелую идеологическую обработку молодежи, школьников, студентов..." Ах, гэтыя знаёмыя фразачкі газетных перадавіц! Як яны за 70 гадоў збрыдзелі душы чалавечай! Але да пытання пра нацыянал-фашызм мы яшчэ вернемся. Цяпер жа я паспрабую патлумачыць, чаму мішэнню атакі выбраны іменна міністр адукацыі і старшыня Каміссіі Вярхоўнага Савета, якая пытаннямі адукацыі займаецца.
Таварышы-суддзі адчулі першыя рэальныя крокі на шляху аднаўлення беларускай школы ў Беларусі — і спалохаліся, узрушыліся. Закрычалі: Не дапусцім! Не дадзім! Здымем міністра, раз ён не сабатуе, а выконвае Закон аб адукацыі! Паставім другога, свайго — такога, як незабыўная Еўдакія Уралава, якая не знала і двух слоў па-беларуску, але кіравала адукацыяй у нас ажно гадоў дзесяць. Таварышы выдатна разумеюць: будзе беларуская школа — будзе ўсё: і беларуская мова, і беларуская культура, і беларускае справаводства, і беларуская нацыянальная і гістарычная самасвядомасць, і як вынік — будзе беларуская дзяржава. У тысячны раз пытаюся ў грамадзян — такіх, як дэпутат Сарокін: ці ведаеце вы, што к пачатку 80-х гадоў ні ў адным горадзе, ні ў адным гарадскім пасёлку, ні ў адным рабочым пасёлку на Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы? Ні школы, ні класа, ні паўкласа, ні чвэрцькласа! Ведаеце? Дык чаму вы не крычалі тады, што за гэта злачынства перад народам трэба зняць з пасады і міністра адукацыі, і старшыню Камісіі Вярхоўнага Савета, і сакратара ЦК, і ўсіх іншых, па чыёй віне яно тварылася? Вы не крычалі, таму што вас цалкам задавальняла гэта. Вы лічылі гэта зусім нармальным. Хіба не так? Скажыце: Ну, а калі б у Расіі ні ў адным горадзе не засталося ні адной рускай школы? Як бы вы на гэта паглядзелі? Гэта было б нармальна? Упэўнен, што ў гэту хвіліну сёй-той з нашых доблесных грамадзян падумаў: ''Ну-у, сравинл! С великим и могучим русским он сравнил... Смешно!" А вось у гэтым "ну, сравнил", шаноўныя, і ёсць самы сапраўдны нацыянал-фашызм, — і не мае значэння, якога ён паходжання: нямецкага, ці італьянскага, ці рускага... Таму што такія пагардлівыя адносіны да мовы народа — гэта чысцейшай вады расізм, а расізм, як вядома, ёсць адзін са складнікаў фашысцкай ідэалогіі.