Выбрать главу

I вось цяпер, калі мы ўзяліся, з Божае ласкі, за адраджэнне сваёй мовы і культуры, за будаванне сваёй уласнай дзяржавы — вы, як і 60 гадоў назад, закрычалі праразгул беларускага нацыянал-фашызму на Беларусі. I ў чым жа яго, гэты нацыянал-фашызм вы ўбачылі? У тым, што аднаўляюцца, у свой час гвалтоўна зрусіфікаваныя, беларускія школы? У тым, што мы самі, не пад нейчую дыктоўку, а самастойна пішам аб'ектыўную, праўдзівую гісторыю свайго народа?

Шаноўныя дэпутаты! У1931 годзе ў Мінску выйшл а адна з самых подлых кніг у гісторыі беларускага кнігадрукавання. Называецца яна: "Навука" на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі". У гэтай кнізе вы многа-многа разоў знойдзеце фразу "беларускі нацыянал-фашызм" і ''беларускія нацыянал-фашысты''. Гэта страшэннае кляймо ставілася на імёны самых сумленных, самых светлых, самых таленавітых, самых выдатных сыноў і дачок беларускага народа. На працягу некалькіх наступных гадоў — з 1931 па 1938 — тысячы кляймёных гэтым кляймом беларускіх інтэлігентаў былі рэпрэсіраваны і амаль усе загінулі — хто на Салаўках, хто на Калыме, а хто тут, у Беларусі, у такіх урочышчах, як Курапаты. У тым ліку пайшлі ў магілу многія з тых, хто памагаў "суддзям", і з тых, што гэты зверскі, самапраўны суд чынілі. Як, напрыклад, і рэдактар гэтай жахлівай кнігі. (Дарэчы, яе трэба перавыдаць, дый масавым тыражом, каб кожны мог пачытаць і ўбачыць, да якіх маштабаў быў даведзены ў нас пагром нацыянальнай інтэлігенцыі, як пачынаў ажыццяўляцца на Беларусі нацыянальны генацыд.)

I вось, здаецца, гісторыя вяртаецца "на кругі свая". Дакладней, яе хочуць павярнуць туды — назад, да 37-га. Лозунг гатовы даўно:'' Смерць беларускаму нацыяналізму!'' — што трэба чытаць, як "Смерць нацыянальнаму адраджэнню Беларусі!'' Пачалося і ажыццяўленне лозунга на практыцы. Свае прапановы зрабіў і дэпутат-генерал Сарокін: стварыць камісію Вярхоўнага Савета па вывучэнню фактаў прапаганды беларускага нацыяналізму і вызваліць ад займаемых пасад народнага дэпутата Гілевіча і міністра адукацыі Гайсёнка.

Шаноўныя дэпутаты! Дазвольце і мне звярнуцца з афіцыйнай просьбай да старшыні Вярхоўнага Савета. У інтэрв'ю газеце "Звязда" былы член палітбюро Расійскай кампартыі прафесар Антановіч сваё вяртанне ў родны дом, у Беларусь, патлумачыў тым, што "расійскія камуністы пайшлі ў бок вялікадзяржаўнага шавінізму". Красамоўнае прызнанне! Гэта — у Расіі. У нас жа, у Беларусі, не толькі камуністы, але і многія іншыя, партыйныя і беспартыйныя грамадзяне, як ішлі, так і ідуць у гэты самы запаветны бок, ваяўніча выступаюць з пазіцый вялікадзяржаўнага шавінізму. У многіх газетах, што выходзяць у Беларусі, у тым ліку і за дзяржаўны кошт, змяшчаюцца публікацыі, у якіх абражаецца нацыянальнае пачуццё беларуса, зневажаецца сама Рэспубліка Беларусь, яе дзяржаўныя сімвалы. У гэтых публікацыях сцвярджаецца, што беларускага народа наогул ніколі не было і няма, што беларуская мова — толькі дыялект рускай, што ўтварэнне незалежнай дзяржавы Рэспубліка Беларусь — нонсенс, які трэба ліквідацаць, і г.д. і г.д. Усё гэта, як вы разумееце, спрацоўвае адпаведным чынам — а іменна: глыбока крыўдзіць беларусаў, абражае нацыянальную годнасць народа, а з крыўды і абразы нічога, апрача адчужэння і варожасці, не вырастае. Дык хто ж сее ў нашым грамадстве нацыянальную варажнечу? Хто займаецца прапагандай нацыянал-фашызму ці шавінізму? — як яго ні назаві, гэта адно і тое ж: нялюдская, антычалавечая ідэалогія.