Выбрать главу

Скажаце: дык што — вас "Народная газета" цалкам задавальняе? Не, далёка не цалкам. I я лічу, што яна яшчэ не ў поўным сэнсе народная. Сапраўды народнай у нас за ўсю гісторыю беларускага друку была адна газета — "Наша ніва", якая выходзіла на пачатку стагоддзя. Вось гэта была трыбуна народа і люстэрка яго жыцця! Але — за што крытыкуецца "Народная газета"? Папракаюць яе, напрыклад, за падтрымку г.зв. "беларускага нацыяналізму". А я вычытваў у ёй і зусім адваротнае — іранічнае насміханне над змагарамі за беларускую мову, прычым — у артыкулах супрацоўнікаў рэдакцыі газеты. I думаў: вось спаткаю т. Сярэдзіча і скажу: буду ставіць пытанне аб вызваленні вас з пасады рэдактара. I не толькі за гэта. Яшчэ і за тое, што ў некаторых нумарах толькі лічаныя матэрыялы ідуць на дзяржаўнай мове. Як бачыце, у мяне прэтэніі ёсць таксама і не толькі названыя. Але ж, відаць, трэба кіравацца ў ацэнках тым, якая агульная, магістральная лінія газеты, а яна, думаю, правільная, у тым сэнсе, што ''Народная газета'' хоча стаць сапраўды народнай — папулярнай і любімай газетай, скажу па-старому, шырокіх працоўных мас.

Гучалі абвінавачванні ў тым, што "Народная газета" распальвае нацыянальную варажнечу, ці ва ўсякім разе — пэўнымі публікацыямі садзейнічае абвастрэнню міжнацыянальных адносін. Асабіста я лічыў і лічу, што да нацыянальнага пытання ў друку трэба ставіцца вельмі абачліва, вельмі асцярожна. Гэтак жа трэба ставіцца да асвятлення гісторыі народа. факты ў гісторыі былі розныя і драматычныя, і трагічныя. Асвятляць іх трэба аб'ектыўна. Але каментарыі павінны быць разумнымі, мудрымі, такімі, каб не абражаць нацыянальныя пачуцці народа, людзей, якія ў тых драмах і трагедыях не вінаваты. Нельга паддавацца пачуццям, якія могуць выбухнуць страшным злом, калі іх не ўціхамірыць. Іншая справа, што многія бачаць нацыяналізм там, дзе яго няма і ў паміне.

Другая праблема — культура і этыка нашай прэсы. Прэса ў значнай меры, выбачайце, расперазалася — пад шырмай дэмакратызацыі, права на галоснасць і г.д. Зняважыць, нахаміць у друку —сёння для многіх аўтараў нічога не каштуе. Не ведаю, каму тут належыць пальма першынства дэмакратам і рэвалюцыянерам, ці кансерватарам і рэакцыянерам? Баюся, што, як то кажуць, абое рабое. Культурны ўзровень многіх публікацый у многіх выданнях ніжэй усякай прыстойнасці. Калі ўся сіла публіцыстычнага слова, уся дасціпнасць, увесь бляск стылю трымаецца на абыгрыванні, на перакрыўлянні імені ці прозвішча — то я адмаўляюся прымаць такую публіцыстыку. Гэта можамець месца за сталом на кухні ці ў пакоі для курэння, але не ў грамадскім друку. Калі газета заваёўвае папулярнасць выдумкамі, плёткамі, пошлымі анекдотамі, таннымі сенсацыямі, — то я рашуча не прымаю такую папулярнасць. Але, па-мойму, сказанае не характэрна для агульнага ўзроўню і стылю "Народнай газеты".

Наўрад ці можна пагадзіцца з выказаным тут абвінавачваннем, што газета сарыентавана на парламенцкую меншасць. Яе платформа вельмі шырокая. А галоўнае — у яе звыш 600 тысяч падпісчыкаў — якая ж гэта меншасць? Гэта, вядома, не значыць, што раз многа падпісчыкаў, дык ужо выдадзена індульгенцыя на непагрэшнасць. Ні ў якім разе. Але і ігнараваць гэтага нельга! Нам патрэбен новы Закон аб друку, перш за ўсё! Калі мы будуем прававую дзяржаву, хочам, каб наша дзяржава была прававой — павінен быць Закон аб друку, якім і належыць кіравацца.

Хачу спадзявацца, што ''Народная газета'' будзе набываць яшчэ большы аўтарытэт у народзе. I што сённяшняе абмеркаванне дапаможа ёй у гэтым.

МЫ ХОЧАМ ЖЫЦЬ, ЯК УСЕ ДОБРЫЯ ЛЮДЗІ

"Наша слова" за 30 сакавіка 1994 года (у скарочаным варыянце)

Паважаны Ніл Сымонавіч, я прыйшла да Вас сёння так, як прыходзяць да чалавека на перадавую лінію агню: пацікавіцца сітуацыяй, распытаць пра стратэгію і тактыку на бліжэйшы час і падзякаваць за мужнасць, з якой Вы адстойвалі ў Вярхоўным Савеце дзяржаўнасць нашай мовы і адстаялі яе. 4 сакавіка сродкі масавай інфармацыі разнеслі радасную вестку: "Жыве дзяржаўная беларуская мова!" Гэта перамога — Ваша перамога. Скажыце, якое зараз у вас пачуццё на душы, калі артыкул новай Канстытуцыі аб дзяржаўнасці беларускай мовы стаў рэальнасцю?