Не ведаю, ці трэба карыстацца словам ''перамога" — я трохі баюся такіх высокіх слоў. Сапраўды, наша родная мова ў Канстытуцыі запісана як мова дзяржаўная, і гэта галоўнае. Але артыкул аб мовах прайшоў не ў той рэдакцыі, якая першы раз выносілася Канстытуцыйнай камісіяй на разгляд Вярхоўнага Савета, за фармуліроўку якога я змагаўся. Зараз ён гучыць так: "Дзяржаўнай мовай у Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца беларуская мова. Рэспубліка Беларусь забяспечвае права карыстання рускай мовай як сродкам міжнацыянальных зносін". У другой частцы артыкула, як мы бачым, гаворка ідзе толькі пра рускую мову. Абыдзены мовы іншых нацыянальных супольнасцей, якія ёсць на Беларусі. У папярэднім варыянце было дакладней:''Афіцыйны статус іншых моў вызначаны заканадаўствам''. Што мелася на ўвазе? Якое заканадаўства? У нас прынята некалькі законаў, якія непасрэдна датычаць культуры і мовы іншых нацыянальных супольнасцей. Гэта Закон аб мовах, Закон аб адукацыі, Закон аб культуры, Закон аб нацыянальных меншасцях, Закон аб грамадзянстве. У кожным з іх так ці іначай, асабліва ў першых двух, вызначаецца статус іншых моў, якія бытуюць на Беларусі. Але вось такая рэдакцыя не была прынята і зразумела чаму. Пэўныя сілы хацелі абавязкова вылучыць з усіх моў менавіта рускую мову як мову з асаблівым становішчам і асаблівымі правамі ў нас. Вядома, руская мова сапраўды займае асобае становішча. Але ж мы гаворым пра будучыню, і мы хочам паважаць усе народы, усе нацыянальныя супольнасці, якія жывуць у нашай краіне. Барацьба і за гэту рэдакцыю, якой мы можам быць задаволены, бо наша мова абвешчана дзяржаўнай, была досыць драматычнай. Двойчы не прайшоў артыкул у першай рэдакцыі. Пасля гэтага шукалі выйсця, і "знайшлі" яго. Я асабіста быў вельмі здзіўлены, што Канстытуцыйная камісія ні да чаго лепшага не дадумалася, як наогул зняць з Канстытуцыі артыкул аб мовах. Вядома, у свеце ёсць канстытуцыі, дзе артыкул аб мовах адсутнічае, але гэта канстытуцыі тых краін, дзе і праблемы моўнай няма. А для нас без перабольшання гэта — пытанне жыцця і смерці нашай мовы, а, па сутнасці, і нашай нацыі, бо што б ні гаварылі, як бы ні апраўдвалі іншую пазіцыю, іншае разуменне, а ўсё ж такі ісціна адна: будзе жыць наша мова — будзе жыць і нацыя, беларускі народ як нацыя са сваім уласным абліччам. Не будзе мовы — усё патрошку сыдзе ў заняпад і знівеліруецца. У сё, што нас вылучае сярод народаў свету і сярод славянскага сямейства, сатрэцца канчаткова. Таму што гэты нялюдскі працэс сцірання ўвесь час ішоў і набіраў сілу, і тыя, хто быў здольны думаць і бачыць, прадбачылі, чым гэта можа скончыцца, калі не ступіць на шлях барацьбы, калі не змагацца за мову, за нашу нацыянальную самабытнасць, за нашу будучыню. Тым не менш, Канстытуцыйная камісія прапаноўвае зняць зусім артыкул аб мовах, што і было абвешчана на сесіі. Вядома ж, нам, хто кожны дзень гэтым пытаннем жыў, турбаваўся, перажываў, стала адразу зразумела, якая страшная небяспека тоіцца ў гэтым. Што значыць зняць зусім з Канстытуцыі артыкул аб мовах? Значыць, застаецца ў сіле Закон аб мовах, але ж гэты Закон, прыняты звычайнай большасцю галасоў, а не канстытуцыйнай. Забяспечыць жа звычайную большасць галасоў вельмі лёгка. Заўтра ж паставяць на галасаванне пытанне аб дзвюх дзяржаўных мовах і большасцю галасоў лёгка здабудуць перамогу, якая для нас, беларусаў, абернецца катастрофай. Мы гэта адразу зразумелі, і тут ужо нічога не заставалася, як "кідацца на амбразуру". Тут ваш пакорны слуга і падхапіўся. Я ўспамінаю, што гэта было не выступленне, а крык душы, крык паратунку, зварот да ўсіх — да рускіх, да палякаў, да ўкраінцаў, да яўрэяў, якія з намі жывуць і якія павінны зразумець наша становішча. I да дэпутатаў-беларусаў. Ім я гаварыў: усе, хто з вас помніць, дзе вы нарадзіліся, хто помніць мову бацькоў, адумайцеся, апамятайцеся, і ў такім разе не галасуйце за гэту Канстытуцыю наогул — за Канстытуцыю* у якой будзе наша нацыянальня пагібель. Сапраўды, гэта быў драматычны эпізод у гісторыі сесіі.
Ніл Сымонавіч, ці чакалі Вы такога выніку?
У добрым выніку я не быў упэўнены. Зрэшты, калі гаварыць пра тое, ці змяніл ася пазіцыя дэпутатаў у адносінах да нашай мовы, то я перакананы, што ў людзях яшчэ цалкам не пагасла пачуццё нацыянальнай годнасці, не страчана здольнасць вярнуцца да ўласнага духоўнага нацыянальна-дзяржаўнага жыцця. I ўсё ж за 17 артыкул у першай рэдакцыі не прагаласавалі. Чаму так сталася? Змянілася палітычная сіту ацыя ў Расіі, змянілася яна і ў нашым Вярхоўным Савеце. Выраслі спадзяванні ў пэўных сіл, у тых, скажам, каго Купала назваў ''ворагамі беларушчыны'', што можна і ў нас павярнуць ход падзей назад. У іх і нарадзілася думка зусім зняць артыкул аб мове з Канстытуцыі. Упэўненасці ў тым, што болыпасць дэпутатаў за яго прагаласу е, у мяне не было. Мяркую, што многія дэпутаты, змагары за дзяржаўнае двухмоўе, спалохаліся, што мой заклік не галасаваць за Канстытуцыю зусім можа праваліць яе прыняцце. А гэта не ў іх інтарэсах. Таму што ім трэба хутчэй прыняць Канстытуцыю, дзе ёсць раздзел аб прэзідэнцкай форме кіравання, і хутчэй паставіць на прэзідэнцтва свайго чалавека, які будзе мець надзвычайныя паўнамоцтвы ў дзяржаве. Я таксама за тое, каб новую Канстытуцыю прыняць, але — якой яна павінна быць? Калі, скажам, гэта будзе Канстытуцыя без дзяржаўнай беларускай мовы, то нашто мне такая Канстытуцыя? I нашто мне такая дзяржава, дзе я перастану быць як чалавек, як беларус, як грамадзянін самім сабою?