Ніл Сымонавіч, якія Вашы палітычныя прагнозы на бліжэйшы час? Чаго нам далей чакаць ад Вярхоўнага Савета, калі Канстытуцыя прынята цалкам?
Цяпер, відавочна, будзе яшчэ прыняты закон аб прэзідэнцкіх выбарах, і з той хвіліны, як ён будзе прыняты, пачнецца барацьба за пасаду прэзідэнта. Нічога добрага ад гэтай барацьбы я не чакаю. Асабіста я супраць прэзідэнцкай формы кіравання, таму і не галасаваў імянным бюлетэнем за тры раздзелы Канстытуцыі. Нам лепш мець формай дзяржаўнага кіравання парламент, дзе, дасць Бог, збярэцца дастаткова светлых разумных галоў, якія і будуць выпрацоўваць законы, а ўрад будзе строга гэтыя законы выконваць. Баюся, што прэзідэнт у нас хутка ператворыцца ў таго ''бацьку з палкай'', пра якога яшчэ Аляксей Талстой у сваёй ''Истории государства российского..." пісаў, маючы на ўвазе Пятра I: "Он молвил: мне вас жалко, Вы сгинете вконец. Но у меня есть палка, и я вам всем отец!'' Пры нашым узроўні культуры і грамадскай маралі атрымаць такога "бацьку з палкай" — небяепека зусім рэальная. Калі б я бачыў таго, хто, стаўшы прэзідэнтам, будзе мудрым інтэлігентным кіраўніком, чалавекам высокай культуры, і калі б я ведаў, што ёсць гарантыі перамогі такога чалавека на выбарах, я б пагадзіўся на прэзідэнцкую форму кіравання. Аднак баюся, што ў нашай сённяшняй сітуацыі пераможа на прэзідэнцкіх выбарах іншы чалавек. Пераможа той, хто ўсю сваю прадвыбарчую праграму пабудуе на спекуляцыі сацыяльнымі бедамі нашых людзей, на сацыяльнай дэмагогіі. Нічым так лёгка не заваюеш ду шу і сэрца беднага, няшчаснага паўгалоднага чалавека, як сацыяльнай дэмагогіяй. Мы ведаем гэта з гісторыі.
Да ўлады, магчыма, прыйдзе "жырыноўшчына", якая шмат чаго абяцае народу?
Магчымы і такі вынік. Хіба Гітлер не павёў за сабою народ? За ім пайшла не толькі дробная буржуазія, гандляры, крамнікі, а і рабочыя, і інтэлігенцыя. Ёсць небяспека, што ў нас на прэзідэнцтва можа прабіцца вельмі нядобры чалавек, які ў сацыяльнай дэмагогіі стрымліваць сябе не будзе, абяцанняў будзе даваць шмат: "Вот давайце зломім-скрышым гэтых баламутаў-дэмакратаў, расправімся з імі канчаткова, навядзём парадак, і ўсё ў нас будзе выдатна!'' А на аснове чаго будзе гэтае "выдатна"? На аснове тэрору? Калі не будзе каму сказаць слова праўды, тады лёгка будзе здаць краіну з усімі яе багаццямі суседняй дзяржаве.
У чым жа ўсё-такі прычына нсгатыўнага стаўлення многіх дэпутатаў Вярхоўнага Савета да беларускай мовы?
Дэпутаты, якія рэзка выступаюць супраць беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і дабіваюцца дзяржаўнага двухмоўя, кіруюцца, канешне ж, палітычнымі меркаваннямі. I тут не трэба гуляць у жмуркі. Ніхто не павінен рабіць выгляд, што не разумее, у чым тут справа. Гэтыя людзі не могуць змірыцца з тым, што Беларусь стала самастойнай і незалежнай. Яны не хочуць прызнаць законнае, Богам дадзенае права нашаму народу на свой дзяржаўны суверэнітэт. Яны крычаць, што без суверэнітэту будзе лепш. Для каго лепш? Можа, для іх і будзе лепш, а ці будзе гэта лепш для беларусаў? Мы бачым, да чаго ўсе дайшло, да чаго была зведзена беларуская школа, культура, на якіх задворках апынулася наша мова. I кожны раз паўставала пытанне: ''У імя чаго гэта робіцца? Каму і навошта патрэбна, каб знікла на зямлі адна са славянскіх моў — такая распрацаваная, развітая, багатая, на якой створанавыдатная літаратура, што выйшла ў вялікі свет?'' Вось на гэта пытанне ніхто з іх і ніколі не даў адказу. Па сваёй выхаванасці і далікатнасці мы адкрыта стараліся не гаварыць, каму замінае беларуская мова, ды, відаць, прыйшла пара сказаць. Таму што заставацца далікатнымі ў той час, як бачыш, адчуваеш, што на цябе глядзяць як на дурня, — нельга.
Гэта называецца талерантнасцю беларусаў.
Ну так, мы і самі звыкліся з тым, што нас хваляць за сціпласць і талерантнасць. Выдатна! Мы сапраўды хочам быць талерантнымі, і мы не крычым на ўвесь свет аб сабе і сваіх якасцях, але мы хочам жыць, як і ўсе людзі, сваім жыццём. Таму і кажам: "Шаноўныя, паважаныя, не бярыце нас за горла, дайце нам падыхаць і пажыць так, як нам хочацца! Раз усе вы лічыце, што мы сціплыя і талерантныя, дык адкуль жа ў вас тады страх? Я ўжо тут звяртаюся да братоў нашых іншых нацыянальнасцяў: адкуль жа тады страх, калі вы ведаеце, што нішто вам у нас і ад нас не пагражае? Мы сапраўды пастараемся ўсё зрабіць так, каб усім вам на Беларусі было добра. Зразумейце толькі і вы нас".