Выбрать главу

Сапраўды, манкуртызм шырока распаўсюджаны ў беларусаў. Паколькі на яго "хварэюць" вышэйшыя эшалоны ўлады, то і адносіны да мовы грэблівыя і пагардлівыя. Не магу зразумець такую анамалію душы! Чым яе растлумачыць?

Пра гэта я многа думаў. Здзіўляюся, чаму нашы кіраўнікі не могуць мабілізаваць свае ўнутраныя, душэўныя рэсурсы, свой інтэлект, каб зразумець, што яны памыляюцца. Вядома, камусьці крыўдна і клопатна, што ў паважным узросце даводзіцца вяртацца да мовы, ад якой адвык. I ўсё-такі, чаму б не прыйсці да такой высновы, што лепш позна, чым ніколі? Гэта якраз той выпадак, калі трэба сабе сказаць: ''Ну добра, мяне ўводзілі ў зман, мяне так выхавалі, але ў гэтым я не вінаваты", пасля чаго павярнуцца сэрцам да занядбанай Бацькаўшчыны і роднай культуры; да сваёй гісторыі, да тых жа песень, да народнага побыту, традыцый, звычаяў. Тады б і дайшоў да думкі, як яго абакрал і, што ўжо нават і гаварыць на мове дзядоў-прадзедаў не можа. Вядома, ёсць людзі безнадзейныя, а многім вярнуцца на ўлонне роднай мовы, па маіх назіраннях, перашкаджае звычайная душэўная лянота. У былых вучняў беларускіх школ не-не ды і прарвецца роднае слова. Здавалася б, яшчэ трошкі намаганняў, і ўсё стане на месца. Ды штосьці стрымлівае чалавека. Думаю, што гэта недахоп культуры.

Якую не набылі ў свой час у маладосці...

Гэта так. Многія лічаць, што той мінімум этыкі, якім валодаюць, і ёсць культура. I гэтага дастаткова. У іх аказаўся слабаразвітым духоўны пачатак. Ім проста гэта нецікава. Вы думаеце, што такія людзі не чытаюць толькі Гарэцкага, Быкава ці Брыля? Я думаю, што яны ўвогуле не чытаюць су р' ёзну ю мастацку ю літарату ру і на ру скай мове, а чытаюць толькі штосьці лёгкае, як адзін гумарыст сказаў: "тое, што для казытання пятак'', а не для ўзбагачэння свайго духоўнага свету. Так што гэта праблема яшчэ ўвязваецца з праблемай агульнага культурнага ўзроўню нашага грамадства і грамадзян. А гэта, у сваю чаргу, увязваецца з сістэмай нашай адукацыі, з нашай школай. Каго мы выпускаем, у прыватнасці, з вышэйшай школы? Хто сёння займае пасады на абласным узроўні і гарадскім? У міністэрствах і Саўміне? Часцей за ўсё гэта выпускнікі тэхнічных і сельскагаспадарчых інстытутаў. А мы ведаем, як там было пастаўлена да нядаўняга часу выкладанне гуманітарных дысцыплін. Усё зводзілася да так званай марксісцка-ленінскай філасофіі. Хоць філасофіяй яе цяжка назваць. Гэта ўсё-такі ідэалогія і палітыка. Увесь час траціўся на гэта, а ніводзін сур'ёзны філосаф свету не вывучаўся. Эстэтычныя тэорыі тым больш не выкладаліся. Далучэнне да літаратуры і мастацтва цалкам трымалася на самаініцыятыве. Калі ў некага жыло штосьці высокае ў душы, той чытаў, хадзіў у тэатры. Аднак у большасці выпадкаў студэнт выходзіў з ВНУ з дыпломам спецыяліста, але не культурным і высокаадукаваным інтэлігентам.