Выбрать главу

Ніл Сымонавіч, давайце яшчэ зазірнёму літаратурную шкатулку. Сёння Вашы творы, як ніколі, насычаны грамадзянскім пафасам, болем за родную Беларусь.

Калі вы перагортваеце мае паэтычныя старонкі апошняга часу, то заўважаеце, напэўна, што там большасць плошчы займае размова вершам пра тое, што мне баліць. Я, ведаеце, не належу да тых, хто лёгка развітваецца са сваім мінулым. Памяняў перакананні, як мяняюць кашулю ці пальчаткі, — і ты ўжо іншы. Для мяне гэта — боль, гэта — нават больш чым драма; гэта трагедыя для мяне. Таму: не лезце, прашу грамадзян, у маю душу. Я сам перажываю, думаю, але я сябе, сваё мінулае жыццё не закрэсліваю. Яно маё. Іншага ў мяне не было і ўжо не будзе. Таму не спяшайцеся асудзіць. Чытайце тое, чым я жыву сёння, калі ўвогуле вы хочаце і здольныя зразумець чалавека. Пастарайцеся зразумець мяне па сённяшніх маіх вершах. Там я гранічна шчыра гавару пра свае пакутныя роздумы, пра тое, што ў мяне сёння робіцца на душы і што робіцца з душою. Там усё гэта ёсць. Калі хто ўважліва чытае, ён гэта адчуе і, спадзяюся, не стане папракаць мяне, што вось ты быў гэткім, а цяпер стаў такім...

Змяніліся погляды на стан рэчаў, але ж не творчае крэда — служыць роднаму слову і яго носьбітам.

Сапраўды так. Гэта магла быць іншая падсветка, магла мець месца наіўнасць, але ніхто не папракне мяне ў тым, што, скажам, тады я не цаніў, не даражыў, больш таго — не змагаўся за роднае слова, за духоўную самабытнасць народа, яго культуру, яго гісторыю, што ў самым галоўным, чым жыву, я займаў іншую пазіцыю.

Гутарку вяла Ірына Крэнь

ПРА НАШУ ЧАЛАВЕЧУЮ I НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ГОДНАСЦЬ

Выступленне на XI з'ездзе пісьменнікаў Беларусі 27 красавіка 1994 года

Паважаныя калегі!

Мы зноў, як і мінулы раз, сабраліся ў жалобныя дні ўгодкаў чарнобыльскай трагедыі. Думаю, што гэты наш незагойны боль дадаткова абавязвае нас весці размову пра рэчы першаступеннай важнасці. Вядома, на з'ездзе пісьменнікаў трэба гаварыць пра літаратуру, пра творчыя набыткі апошняга часу, пра новыя цікавыя кнігі, новыя імёны. Гэта натуральна. Літаратура — наша жыццё, наш прафесійны клопат, наш адметны ад іншых спосаб рэалізацыі сваіх прыродных, з Божай ласкі, магчымасцей, кажучы высокім стылем — наш спосаб служэння Бацькаўшчыне. I кал і нешта характэрнае пра сённяшні дзень нашай л ітаратуры будзе з трыбуны з'езда сказана — то дай Божа! Гэта будзе вельмі добра.

Асабіста я мушу некалькі слоў сказаць пра нашу чалавечую і нацыянальную годнасць. Увогуле пра гэта мы гаворым шмат — і ў прэсе, і па радыё, і з блакітнага экрана. Вядома ж, і ў мастацкіх рэчах таксама. Але нярэдка гаворым з нейкім перакосам, змяшчаючы акцэнты з момантаў прыватных на агульнае, на ўсё супольнае мноства.

Іншы раз мы так абагульняем, як быццам нацыянальнай годнасці ў нас, беларусаў, няма наогул, у тым ліку — і ў нашым пісьменніцкім асяроддзі. Але ж гэта няпраўда! Ёсць яно ў нас, пачуццё ўласнай годнасці, ёсць — і самапрыніжэннем, ці, прабачце, самааплёуваннем займацца не трэба. Ва ўсякім разе, у народзе, у бальшыні нашых простых людзей, гэтага пачуцця дастаткова, — намнога больш, чым некаторыя думаюць.

Годнасці — і чалавечай, і нацыянальнай — бракуе не народу, а тым, хто яго ашу квае, хто яго абдзірае да апошняй ніткі, хто на яго страшным збядненні, на нястачах і паўгалодным існаванні, на знясіленні і хваробах ладзіць сабе раскошнае жыццё, будуе сабе белакаменныя палацы, скупляе дзяржаўную, г.зн., народную маёмасць.

Годнасці бракуе тым, хто, узурпіраваўшы ўладу, прыкладае сёння намаганні, каб пазбавіць наш народ права самастойна распараджацца сваім жыццём, сваім лёсам.

У сувязі са сказаным вельмі хацелася б, каб у гэтай зале нічый голас не сарваўся на ўзровень, што ніжэй пісьменніцкай і чал авечай годнасці, на тое прыватна-дробязнае, што нашага брата, проста кажучы, не ўпрыгожвае. Давайце пазбегнем гэтага — хоць бы перад тварам той небяспекі, аб якой я толькі што гаварыў. Той вялікай небяспекі, якая можа стаць для нашага народа вялікай бядой, — калі яе не адолець, не адхіліць агульнымі сіламі.

Сёння ўжо можна з усёй пэўнасцю сказаць, што мы паспяшаліся парадавацца таму, як лёгка нам дастаўся дзяржаўны-суверэнітэт. Так бы мовіць: перамога без бою. Па-першае, няпраўда, што лёгка. Да гэтай гістарычнай падзеі — абвяшчэння Беларусі незалежнай дзяржавай — наш народ ішоў стагоддзі і ішоў праз незлічоныя выпрабаванні, пакуты і ахвяры, і праз бітвы таксама. Па-другое, палітычная сітуацыя складваецца ў краіне такая, што ўсе цяжкасці і выпрабаванні, без якіх не здабываецца свабода, могуць нас чакаць наперадзе і ў самы блізкі час, таму што сілы супраціўлення незалежнаму становішчу Беларусі не змірыліся і прымаюць рашучыя дзеянні, каб павярнуць кола гісторыі назад. Пры гэтым дэманструецца нейкая, я сказаў бы, цынічная клаунада, калі ўсю грамаду народу прымаюць за малых някемных дзяцей.