Выбрать главу

Ну сапраўды: перадаць пад верхавенства іншай дзяржавы сваю ўласную грашовую сістэму, свой нацыянальны бюджэт, мытную сістэму, пазбавіць сваёй уласнай валюты, зрабіць свой Нацыянальны банк філіялам Нацыянальнага банка гэтай іншай дзяржавы — і пасля гэтага з усіх трыбун заяўляць, што суверэнітэт нашай рэспублікі нітрохі ад гэтых антыдзяржаўных акцый не пацерпіць і што ўсё гэта ў нацыянальных інтарэсах Беларусі!

Іншымі словамі: ідзіце добраахвотна ў няволю — там вам будзе лепш. Пры гэтым — растапчыце ўласную, толькі што прынятую Канстытуцыю. I гэта пасля таго, як нашу незалежную суверэнную дзяржаву прызнаў і прывітаў амаль увесь свет!..

Ні ў кога не павінна заставацца сумненняў, што задумана інкарпарацыя Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі. Калі нашы дзяржаўныя мужы адкрыта не гавораць пра гэта — пра палітычны вынік падпісання маскоўскага дагавору, — то многія расійскія палітыкі і журналісты ніякага сакрэту з гэтага не робяць і пляскаюць у ладкі, што Расія і Беларусь аб'ядноўваюцца ў адну дзяржаву — як некалі Вялікае княства і Польшча ў Рэч Паспалітую.

Ведаю, што публічныя звароты інтэлігенцыі да нашага беднага народу, у якога выматалі ўсю душу, сёння ім ужо не ўспрымаюцца, людзі страцілі да іх чуйнасць. I тым не менш, лічу, што наш з'езд павінен у гэтай палітычнай сітуацыі зрабіць адпаведны зварот да ўсёй грамадскасці рэспублікі.

Мы павінны звярнуцца да народа з зак лікам, каб ён пастаяў за сваю нацыянальную годнасць, не даў растаптаць яе. У гэтым жа звароце адрасавацца і да грамадзян Расіі, да рускай інтэлігенцыі ў першую чаргу — са спадзяваннем, што нашы рускія браты зразумеюць і падтрымаюць нас. Падтрымаюць і тым самым засведчаць сваю добрую волю, сваю шляхетнасць і сваю братнюю павагу да Беларусі.

Нагэтым я і канчаю сваё слова. Калі хто паспеў падумаць: "а што ж ён на гэты раз нічога пра нашу родную мову не сказаў", то паспяшаўся. Скажу і пра мову. Праўда, толькі адну фразу. Дакладней — адно да вас усіх пытанне: ці чулі вы, каб дзе-небудзь у свеце прэзідэнт незалежнай дзяржавы не валодаў дзяржаўнай мовай гэтай сваёй дзяржавы — мовай народа, якому ён бацька і правадыр? Калі нам, беларусам, не хапіла зведанай за стагоддзі ганьбы — то мы можам зведаць яшчэ і гэткую.

МЫ — ІНАКШЫЯ. I ВАЙНА ДЛЯ НАС БЫЛА ІНАКШАЙ

"Голас Радзімы" за 29 красавіка 1994 года (у скарочаным варыянце)

— Чым можна растлумачыць нярэдкія праявы скептычных адносін з боку часткі грамадства да ветэранаў Вялікай Айчыннай? Ці толькі справа ў адпаведнай ідэалагічнай "апрацоўцы"? Якія пачуцці і думкі выклікаюць у вас выказванні моладзі накшталт: "Лепей бы нас не вызвалялі, то пілі б сёння таннае баварскае піва"?

— Пачну з канца. Агідна і сорамна чытаць такое. Сорамна і за тых маладых, і за нас старэйшых, і за наша грамадства. Гэта — крайняе апушчэнства, распад і дэградацыя; гэта тое, што па-за ўсякай мараллю, ад чаго не толькі сорамна, але і страшна. Страшна за будучыню Беларусі: у чыіх руках яна можа апынуцца! Аматарам таннага піва скажу рэзка: няшчасныя наіўныя прастакі! Не пілі б вы піва, а пілі б смярдзючае пойла з нямецкай ражкі — як рабочыя жывёліны. Калі б наогул паявіліся на свет, што вельмі сумніўна, бо паводле гітлераўскага плана "Ост" зусім не прадугледжвалася, каб вашы бацькі і затым вы жылі на гэтым свеце. Ну хоць гэтыя элементарныя рэчы трэба ведаць усё-такі, будучы чалавекам і грамадзянінам суверэннай дзяржавы? Ніякі Гітлер півам — у сэнсе: добрым жыццём — не забяспечыць. Дабрабыт для сябе мы можам стварыць толькі самі, толькі мазольнай працай, — у свабоднай незалежнай краіне, пры разумнай і мудрай дзяржаўнай уладзе. Вось пра гэта і трэба сёння думаць — пакуль не позна. Пакуль не знайшоўся новы Гітлер — з ражкаю пойла.

Чым растлумачыць непавагу многіх грамадзян да ветэранаў вайны? Вялікае пытанне, доўгі адказ. Ёсць грамадзяне, якія наогул нічога, апрача сваёй прыхамаці ды "зялёненькіх", не паважаюць. Але ж не толькі гэткіх вы маеце на ўвазе. Прычына прычын — закладзеная ў самой грамадскай сістэме агульная непавага дя чалавека. Адсюль і непавага да сваёй уласнай краіны, да яе гісторыі, да сваёй мовы і культуры, звычаяў і традыцый. Адбылося зрушэнне саміх асноў грамадскай маралі. Верх узялі прымітыўны прагматызм і бездухоўнасць. Вельмі многімі страчана абавязковае для нармальнага чалавека разуменне элементарных маральных ісцін. У вядомым спектаклі "Трыбунал" родныя дзеці садзяць бацьку ў мяшок — каб аднесці і ўтапіць яго ў рацэ. А ўся зала глядзіць і заходзіцца ад рогату — замест таго, каб запл акаць перад гэтай безданню амаральнасці. Дык якой вы хочаце павагі да ветэранаў, калі роднага бацьку можна вось гэтак? Дзякуючы хлусні, несправядлівасці, казёншчыне, той самай пышнасці для бл іску чых, адбылася ў значнай меры дыскрэдытацыя самога подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай. А адпаведная ідэалагічная "апрацоўка" таксама мела месца, але глебу для яе мы стварылі самі.