— Адпаведна з боку старэйшых можна пачуць: новае пакаленне не паважае ветэранаў, не шануе памяць. Але ж гэтае новае пакаленне не звалілася з Месяца, яно народжана і выхавана тымі, хто цяпер прад'яўляе да яго прэтэнзіі. Ці не атрымліваецца ўсё згодна з вядомай прымаўкай: што пасееш, тое і пажнеш?
Бясспрэчна, толькі так і трэба на гэта глядзець: што пасеялі — тое і пажынаем. Узаемаадносіны пакаленняў складваюцца ці не складваюцца перш за ўсё па віне старэйшых. Крануся толькі аднаго аспекту праблемы. Вось сёння многія ветэраны, асабліва з бліскучых, крыўдзяцца на маладых, што тыя не шануюць іх памяць гадоў вайны, іх подзвігі, дарагія для іх даты і святы. Справядліва, нібыта. Сапраўды — старым заслужаным людзям крыўдна. Але дазвольце спытаць: а чаму вы, паважаныя дзяды, патрабуючы ўшанавання знамянальных дат аднаго стагоддзя. не ўшаноўваеце вялікія свяшчэнныя даты падзей, што мелі месца на нашай зямлі за ўсе дзесяць стагоддзяў? Чаму вы не даеце прыкладу пашаноўных адносін да ўсёй шматпакутнай гісторыі народа? Чаму ні адзін з вас у зале Вярхоўнага Савета не выступае ў абарону незалежнасці Беларусі? У абарону правоў беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай? Чаму ніхто з вас публічна не карыстаецца гэтай мовай? А гэта тое, што сёння найбольш хвалюе маладых, чым сёння жывуць новыя пакаленні. Дзе ж ваша мудрасць, выбачайце?
Гераізацыя Вялікай Айчыннай вайны. У літаратуры, мастацтве, ідэалогіі наогул. Гэта добра ці дрэнна, на Ваш погляд?
Вайну, як і жыццё наогул, трэба адлюстроўваць у літаратуры і мастацтве праўдзіва. Тады ў гэтым адлюстраванні будзе ўсё — і гераічнае, і трагічнае, і камічнае. Хоць нават і ў самым камічным на вайне я неадменна бачу трагічнае — трагедыю чалавека. Для чалавека, для сям'і, для народа — вайна — гэта перш за ўсё трагедыя. Гэта — боль і пакуты, пажары і зруйнаванні, холад і голад, кроў і смерць. Усякая ідэалізацыя вайны — гэта тое, што, на маё разуменне, разыходзіцца з мараллю. Калі б вайна была нечым іншым, а не бядой-горам, не трагедыяй, — чаго б мы пад акупацыяй так марылі пра дзень Вызвалення, і чаго б усе народы Еўропы так чакалі яе заканчэння і ўсталявання міру?
Перамога над фашызмам — адна з гуманістычных вяршынь у гісторыі чалавецтва — была жорстка ідэалагізавана, пасля яе пачалося суровае размежаванне людзей на "чыстых" і "нячыстых". Сёння ў гэтым вінавацяць той час. Але ж занадта ўжо крывавай была тая вайна, таму, магчыма, усё, што здарылася пасля вызвалення, мела аб'ектыўны характар?
У вайне выпрабоўваўся чалавек. Розныя людзі прайшлі яе па-рознаму і выйшлі з яе рознымі. Так, яна была для нас страшна крывавая, так, нашы страты ў вайне жахлівыя, — адсюль і крыўда, і боль, і многія іншыя яе паследкі. Адсюль і пасляваенны падзел на "чыстых" і "нячыстых". Іначай, намнога прасцей успрынялі заканчэнне вайны ў Германіі. ''Нас, немцаў, разграмілі. Мы вінаваты — усе. Мы пайшлі за ашалелым фюрэрам. Усе — атрымалі балючы ўрок. Усвядомім гэта — і заработу, засправу. Хто больш вінаваты, хто менш — такой бяды. Трэба працаваць, аднаўляць гаспадарку. Жыццё на двары. Дзеці нараджаюцца". Так было — у Германіі. У нас — іначай. Бо мы — інакшыя. I вайна для нас была інакшая. Мы — абараняліся. Якое б яно ні было — мы абаранялі сваё жыццё. Ад чужынцаў-захопнікаў. А ці ўсе абаранялі? Ці сёй-той сядзеў у запечку? Ці, больш таго, сёй-той дапамагаў немцам? Мы і да сёння на гэтаглядзім прыдзірлівым вокам. Не супакоіліся. Да такой ступені набалела нам. I так ужо, відаць, мы, беларусы, ад Бога створаны. Не церпім несправядлівасці. Нейчага жыцця не па заслугах. Напрыклад, "нячыстых" перад імем Радзімы.
На працягу ўсяго XX стагоддзя адным з галоўных, а хутчэй найгалоўнейшым пытаннем на Беларусі была праблема станаўлення яе дзяржаўнасці. Самым непасрэдным чынам яна ўплялася і ў канву падзей другой сусветнай вайны: беларускія калабаранты тлумачылі сваё супрацоўніцтва з немцамі менавіта высакароднай мэтай далейшага стварэння незалежнай Беларусі. Але шмат у каго на гэты конт узнікалі і ўзнікаюць сумненні. Дакументы таго часу сведчаць: на справе не так ужо і рэдка беларускія ўлады часоў вайны выглядалі не столькі абаронцамі сваіх людзей, колькі банальнымі нямецкімі памагатымі. Як Вы ставіцеся да таго, што людзей, якія ў вайну супрацоўнічалі з немцамі, сёння часам уводзяць у ранг ці не нацыянальных герояў?