Пытанне вельмі складанае. Я ўжо сказаў: людзі ў вайне былі самыя розныя. I па самых розных прычынах многія трапілі ў лік калабарантаў і пасля апынуліся ў эміграцыі. З рознаю доляй віны перад сваім народам, або зусім не вінаватыя. Як, напрыклад, настаўнікі, якія вучылі дзяцей грамаце. Страх-боязь невінаватых зноў трапіць у сталінскі гулаг не зразумець нельга. Як і іх крыўду на зламаны лёс. Але ці вынікала з гэтага — абавязкова ісці да акупантаў на службу? Не вынікала, вядома. Можна было шукаць іншага выйсця. У гады Другой сусветнай увесь дэмакратычны свет змагаўся супроць фашызму, і той, хто ў гэты час падтрымліваў Гітлера, дапамагаў Гітлеру, — той у вачах сучаснікаў накладаў на сябе кляймо ганьбы. I тут ужо нічога не зробіш — у кожнай краіне свету, уцягнутай у гэту вайну, было так. Лаурэату Нобелеўскай прэміі калабаранту Кнуту Гамсуну абражаныя нарвежцы прыносілі і кідалі яго геніяльныя кнігі яму на падворак — ты зганьбіў сваё імя! Пра які ж тут ранг нацыянальнага героя можна гаварыць? Перад чалавецтвам стаяла задача — знішчыць чуму фашызму. Гэта было галоўнае.
Трагедыя беларускіх калабарантаў (маю на ўвазе ідэйных, а не банальных, як вы кажаце) — гэта частка трагедыі ўсяго нашага народа. Як ім, свядомым беларусам, цягам дзесяцігоддзяў балела за лёс Бацькаўшчыны — кроенай-перакроенай, бяспраўнай, зняважанай, асіміляванай, — гаварыць няма патрэбы. I яны нават ва ўмовах сусветнай бойні, хаосу і разладу наважылі хоць нешта зрабіць для адраджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, для пашырэння ідэі аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, якую раней ці пазней, а трэба здабыць. Не думаю, што ўсе яны былі звышнаіўныя і верылі ў адраджэнне незалежнай Беларусі пад немцамі (ужо ж выпадак з тэлеграмай Вільгельму навучыў не верыць). Але яны хацелі скарыстаць магчымасць, каб зноў на ўвесь свет заявіць аб праве Беларусі на незалежнасць. Яны ведалі, якою дарагой цаной ім давядзецца запл аціць за гэта — калі не жыццём, дык ганьбай і пагардай суайчыннікаў. I заплацілі. Прычым, многія з іх загінулі ад рук саміх гітлераўцаў.
Як бачым, пытанне аб калабарантах на Беларусі мае іншаегучанне, чым у той жаНарвегіі, ці ў Францыі, ці ў якой яшчэ еўрапейскай краіне. У гэных, у еўрапейцаў — не было ў душы таго, што было ў беларусаў: страшэннага чорнага болю за ўсю шматвяковую крыватачывую гісторыю Бацькаўшчыны, за ўсё яшчэ не ажыццеуленую мару аб яе свабодзе і незалежнасці.
Ну, а тыя ''банальныя памагатыя", што служылі ў карных атрадах, што забівалі, палілі, знішчалі мірнае насельніцьва, — тыя ні пра якую незалежную Беларусь не думалі. Звычайныя рабаўнікі і забойцы, адкіды роду людскога. Пра іх гаварыць не варта.
— Здараецца, параўноўваюць ролю немцаў і бальшавікоў на Беларусі. Ці лічыце Вы такое параўнанне карэктным?
— Яно не тое што некарэктнае — яно, па-мойму, цынічнае, гэта параўнанне. Хто больш, а хто менш зрабіў для Беларусі зла? Калі загінула больш людзей бел ару скіх — за семдзесят гадоў панавання бальшавізму ці за тры гады нямецка-фашысцкай акупацыі? А для чаго, скажыце, навошта гэта трэба параўноўваць? Ну, дапусцім, адны знішчылі беларусаў на сто тысяч, і ці на трыста тысяч, ці нават на паўмільёна — менш. I што? Іх віна перад нашым народам меншая? I наш рахунак да іх павінен быць больш літасцівы? Гэта паводле якой жа маралі? Гэта якім жа судом судзячы? Калі мы ведаем, як ''клапаціліся'' пра Беларусь "калектывізатары'' і "інтэрнацыяналісты", колькі самых лепшых, самых свядомых яе людзей — сялян, інтэлігентаў, рабочых і службоўцаў — яны паклалі ў дол, выслалі на пагібель у тундру і ў што гэта для лёсу Беларусі абярнулася, і калі мы ведаем пра ўсе тыя жахі, масавыя крывавыя расправы, якія тварылі на Беларусі фашысцкія вылюдкі, і што яны зрабілі з нашай зямлёй, з нашымі гарадамі і вёскамі, наколькі яны скарацілі наш таленавіты народ і ў што гэта зноў жа для нас, беларусаў, абярнулася, — дык не аб параўнанні іх ''заслуг'' мы павінны думаць, а аб тым, што ж гэта за доля наша такая, чаму гэта мы праз усю сваю гісторыю мусім такое цярпець і ці не пара нам нарэшце ўсім згуртавацца, каб раз і назаўсёды з такою доляй пакончыць?
Ахвяры Другой сусветнай вайны. Каго Вы адносіце да іх? Як ставіцеся да таго, што мёртвыя ўсе роўныя?