Выбрать главу

Што нам усім для паспяховай працы ў гэтым кірунку трэба? Па-першае, відочна, трэба грунтоўна і ўсебакова прааналізаваць саму тэрміналагічную сітуацыю ці, калі хочаце, гаспадарку. Уважліва паглядзець, у якім яна стане. У якой меры запушчана? Як моцна яе скоўваюць нялепшыя, мякка кажучы, традыцыі? Наколькі ў нас тэрміналогія свая і наколькі запазычаная? Зрэшты, як многа ў нас грамадзян, для якіх неабходнасць актыўна авалодаць беларускай навуковай тэрміналогіяй ёсць адной з прычын іх пратэсту супроць таго, што ў нас не ўзаконена афіцыйнае двухмоўе, што статус дзяржаўнай мовы нададзены толькі беларускай?

Па-другое, нам трэба прадумаць, як я разумею, усе аспекты работы над стварэннем уласнай беларускай тэрміналогіі. Перш за ўсё, вядома, нас цікавіць навукова-тэарэтычны аспект праблемы. Але не толькі. Вельмі важнай уяўляецца і работа арганізацыйнага, вытворча-тэхнічнага і метадычнага парадку; будзем помніць, што мы жывем у век камп'ютараў і што слоўнікі навуковых тэрмінаў самі сабой не складуцца і на свет не паявяцца.

Самае складанае, безумоўна, гэта — пошук прынцыповых падыходаў да праблемы стварэння бел арускай тэрміналогіі, — падыходаў, якія б абапіраліся на належны навукова-тэарэтычны грунт. Што прымем з таго, чым карысталіся, узгадніўшы з законамі нашай мовы? У якой меры будзем адшукваць і вяртаць сваё забытае? У якой меры і якімі спосабамі будзем выпрацоўваць новыя, свае ўласныя тэрміны? Як быць з наяўнымі дублетнымі формамі? Пытанняў. шмат. Выпрацоўка ці адшукванне ў лексічных запасніках уласных беларускіх тэрмінаў — не самамэта, вядома. Так пытанне не павінна ставіцца — любой цаной, але каб было сваё, каб не супадала з іншамоўнымі. Аднак жа калі карыстацца толькі чужымі, толькі запазычанымі тэрмінамі — гэта будзе зусім не на карысць і не на здароўе нашай мове як жывому арганізму, будзе занадта шмат таго чужароднага, што яна не ператравіць, не засвоіць, а ў выніку — і не падужэе, а наадварот — аслабне ў сваёй прыроднай моцы.

Што нам трэба яшчэ? Вера ў свае магчымасці, у свае творчыя сілы. Асабіста я глыбока перакананы, што ў нас гэтых сіл дастаткова. Ёсць вялікая армія таленавітых і проста здольных навукоўцаў, як паважнага, так і маладога ўзросту, што асабліва радуе, людзей вельмі дасведчаных, высокакваліфікаваных, агалоўнае — шчыразаклапочаных справай нацыянальнага адраджэння. Значыць, ёсць каму працаваць, ёсць ад каго чакаць жаданага плёну.

Што нам можа шкодзіць у гэтай працы? Нязгода між сабою там, дзе яе не павінна быць, дзе павінна быць згода. Няздольнасць ці няўменне аб'яднаць свае сілы тады, калі гэта абвязкова — перад велічнасцю мэты і перад тварам небяспекі — трэба зрабіць. Навучы і памажы, Божа, каб мы не распылялі сваіх сіл і не кідаліся ў ганебнае самаедства, з-за чаго ўжо столькі страціла за сваю доўгую гісторыю наша Маці-Беларусь!..

БЕЗ СВАЁЙ МОВЫ, ЯК БЕЗ ПАВЕТРА, АРГАНІЗМ КРАІНЫ СВАБОДНА ДЫХАЦЬ НЕ ЗМОЖА

Даклад на Прэзідыуме Вярхоўнаеа Савета Рэспублікі Беларусь 18 траўня 1994 года (у скарочаным варыянце)