4.
Нам было хранова
але хрэну да мяса не давалі
паасобку зрэдку мы
рабіліся каралямі
насілі кароны са скальпаў ворага
ваявалі
ботамі мясілі кару зямлі
песня наша вынырвала праз кратэры горла
і нябачнай рыдлёўкай утыркалася ў небастык
мы былі садаводамі
садыстамі
асабліва на святы святыя
некаторыя з нас гінулі
тады малітву мы
чыталі штыком у рот фашыста
і супакойваліся калі
абдымаліся з сіропным пахам
мёртвай кашы
і бралі ўзгорак за ўзгоркам
Рушылі да перамогі
5.
Вось я ляжаў абаранкам пад бярозай
быў я раздзёрты геаграфічна і ў
кветках пунсовых афрыканічных
Вакол кулі гулі чмялямі
феерычна каскі бонгамі грукаліся
каля дзота
Там гад вясёлы
Гэта ён мяне піф-паф
А потым яго маразматычнага
расстраляюць Зробяць цудоўнае сітца
дня цэйтноцкай гарбаты
Гэткі шлях рагаты
спіральны небяспечны Чарговасць
фатальная Вось вам будзе
фота франтальнае Калі
адпачну і моц гайкамі закручу
Буду салдацікам алавяным
1999
АФРЫКОЗА ПРА КАМІСАРАЎ
1.
у гэтым горадзе трэба прыбраць трупы
на іх ляжаць кружэлкі з жаўлакамі і глухія
рупары
натхнёныя маноклі камісараў свецяцца
рыбай
на жалезных парэнчах выбіты літары
зноў пракляццем таўраваныя
давайце піць каньяк бо з'едзем з глузду
рэбры нашыя прымярзаюць да кашуляў
вецер вайны дзьме на твары кулямі
вуліцы Значыць будзем героямі-муміямі
ўсе як адзін загінем у траншэях
2.
тут я стаю ў кірзавых ботах
у шапцы-вушанцы з цэшкай
дзе коршак аднавокі з язурыкам-шабляй
але
пад крыламі ліры няма гарматы
там толькі вершаваныя гранаты
як сумна
таму не стойце пад дажджом
спадары можна падхапіць
запаленне лёгкіх
я на пластыр кладу лекі
побач з віном келіх
3.
але што за красавіцкі дзень?
але што за павуцінне паміж халупамі
можа на локцях сядзіць хмара?
сярод рамонкаў і пяску сцяг на раме
вось яна мастака мара
паласкалася Не было мыла
і парашку Вады
толькі
1999
СУРКІ НЕ РАЗУМЕЮЦЬ
ПАДАЮЦЬ 3 НЕБА
БО ВОСЕНЬ
я ўсміхаўся
грымеў глухім голасам
у слоік складваў настрой-ласось
і жаваў нейкую гадасць
што вельмі нагадвала засохлую радасць
і адчуваў набліжэнне трагедыі
што валялася трафарэтамі на тратуарах
калі мой рот раптам парваўся
на дзве паловы яблыка
а рукі вывіхнуліся ў спіраль
якая выявіла партрэт каханай
я ляжаў суткамі Незабудкай
занядбаны і скурчаны
і я зразумеў што розум крэйда
я жаваў суркоў сыркі і сушкі
нарэшце на кухні цюкнулі ў рондаль-гонг
Паветра прынесла да мяне труну-трактар
у ёй ляжалі скурчаныя трактарныя казюркі
няшчасныя цудоўныя жучкі
яны бліскалі серабрыстымі плямкамі
і вусікамі Лапкі нагадвалі
зламаныя шпількі і сашчэпкі
Я адразу ператварыўся ў чэрап-чарадзея
выгіны майго тулава
магічныя туман і лава
гэты новы стан падобны на славу
і я здолеў дацягнуцца
да кавы якая ўжо
дымілася браткамі
побач тырчэлі крыштальнай чысціні арэшкі
і са шклопадобнай скарынкай кавалкі
запечанага шэрага хлеба
Эўрыка! Гэта - рак-корак
Няма нічога прасцей за хатнюю
кухню і паэтычныя канаты
што аплятаюць прастору ценяў
вакол і разрываюць яе па
перыметры метрамі
словам манжэты мініяцюрнага метро
і магма і магічныя вятры
гэта ўсё не мара
мая сурковая хібара
Жучкі Жучкі Жучкі
Вы Вы Вы і толькі Вы
Я падышоў да балкона
дапіў сваю каву
з'еў сухога бульдога
і зваліўся
жуком
у неба
Лета 1999
3
СА ЗМІЯ ВІША