1
Будзем фатаграфавацца. Будзем хавацца. Пачнем кідацца чорнымі гарбузамі. Заплюшчым вочы, выцягнем кулямёт "Максім" і расстраляем свае белыя жаданні. А калі з неба прыйдзе чалавек з сякерай, тады гучна закрычым гукамі бубна пра нашы магнітныя ўчынкі. Ноччу, 13 верасня, мы пойдзем у парк імя Горкага, каб заняцца паглынаннем італьянскай гарэлкі "АSКА". Вырвем сабе языкі, выталупім вочы, ногі апусцім у раку Свіслач. Адчуем восеньскую прахалоду і глынем думак пра рыбіны, што сноўдаюцца па дне марскім. Потым запэцкаем у конскай крыві свае страўнікі, бо толькі яна выцягне з нас звычаі продкаў. Папросім прабачэння. Будзем маршаваць, махаць шаблямі. Напішам вялізны дыфірамб на перамогу парцалянавага над каштанавым. На мосце, што ляжыць побач з паркам, знойдзем сімвал Мапа. Гіпнозам надрукуем у сваіх галовах рыфмы і сімфоніі новага часу. Але калі супраць нас падцягнуць гарматы, мы схаваемся. Будзем сядзець сярод жоўтых пялёсткаў і ціха крумкаць. Як жабкі.
2
Выпаўзем змяюкай да цэнтральнага рэспубліканскага сарка- фага. Успомнім старыя звычаі. Адкаркуем бутэльку з сіропам вішнёвым. Натолім сябе асалодай салодкай. Зробім новы акведук, што будзе ахутваць дрэвы і агароджу, як павуцінне. Адным словам, упрыгожым родны горад цудам мастацтва. I вось тады націснем рукамі на неба, каб белы флегматык сыпануў цукру з перцам і карыцай. Назвы вуліц зменім да ценявога гуку "р" і "я". Затым каля сметніц мы паставім транспарант з цытатамі ад Каш-
Прапанаванае апавяданне мае каля 15 розных варыянтаў, напісаных Юрасём Барысевічам.
курэвіча. Дзядзька Фрэйд сядзе каля цырка і распавядзе казку пра геаграфічную заблытанасць і недасканаласць свету. Магчыма, у гэты раз супраць нас вышлюць танкавую армаду. Распачнем. Распачнем оперу пра цёцю Рагнеду. Болей нафталіну кінем на свае чырвоныя гальштукі і лакіраваныя лысіны, і з гэтага атрымаем эпілептычны радок. Закалоцімся. Закалоцім цвік у сцяну бетонавую. Спілуем прозвішча мінулага правадыра і, можа, нарэшце атрымаем прафесарскае званне.
3
Бо некалі я і ён боўталіся па менскіх пячорах, грызлі макавую саломку. Супраціўляліся дэспатызму. Спявалі песні па-андалуску. Зрэдчас выносілі на балкон свае ныркі, каб яны супакоіліся і загадалі два словы: "Гага сар". На ботах крэмзалі фарбай усялякія непрыстойнасці. Начавалі на даху лякарні № 6, хацелі ператварыцца ў лятучых звяроў. Будавалі сваю выспу, абмазвалі яе шакаладам і варэннем. Марылі жыць вечна. I калі здырдзіліся — самі не заўважылі. Бо наступіла зіма.
* Прапанаванае апавяданне мае каля 15 розных варыянтаў, напісаных Юрасём Барысевічам.
4 лістапада 1997
I
Будзетафа. Фатадзебу. Хазага раснебузы. Заплюшчым вочы нябожчыку, выцягнем гранатамёт з ягонай кішэні і бабахнем па белых муміях і жоўтых манекенах нашых мараў. Калі на гук стрэлаў з неба зваліцца бамбук і прыйдзе дрывасек з іржавай сякерай, сустрэнем яго грукатам патэльняў і відэльцаў. Раніцай у парку імя вялікага пралетарскага пісьменніка і аматара прыроды Горкага вырвем адзін аднаму языкі, выталупім вочы, ногі апусцім у заімшэлыя вусны Свіслачы. Абмыем пальцы восеньскай прахалодай, абліжам сляды нашай сяброўкі-русалкі, якая неаднойчы тапіла добрых і шчырых людзей. Потым афарбуем страўнікі рачной вадой, бо толькі яна ды некалькі кропляў цытрыны могуць нагадаць мінулае лета. Нарэшце, запросім Калумба і Кука выступіць у навінах па тэлебачанні і расказаць пра заблытанасць і спрэчнасць геаграфічных адкрыццяў у сусветнай кулінарыі. Адкрыем свае вайсковыя сакрэты ўсяму свету, каб ператварыць сваю краіну ў самую шчырую прастуху (сабе - па вуху). Заб'ем цвік на цэнтральнай станцыі метро: няхай тут прышвартоўваюцца падземныя караблі.
II
Выпаўзем тыгровай змяюкай па мастах і лесвіцах да цэнтральнага сталічнага морга. 3 зубоў святла і эскалатарнай працы сэрца зробім аэрапланерцела. Да яго крылаў прымацуем вены, якія будуць валачыцца па ўсіх тратуарах, дрэвах і дамах. Гэта будзе вялікай сеткай для лоўлі трутняў нашых шаманскіх жаданняў. Упрыгожым родны горад струменямі і фантанамі кетчупу ўсіх колераў фарбы. I вось тады націснем вушамі на неба, каб мушкі, птушкі і крылатыя паэты сыпанулі нам цукру з карыцай і перцам. Зменім стомленыя літары ў назвах плошчаў і вуліц на іерогліфы.
Схаваемся для адпачынку ў цёплай мокрай лістоце і старых цвілых сшытках з пракуратуры. Будзем ціха, як конікі, стракатаць вершы і сімфоніі Зміцера Вішнёва і Юрася Барысевіча ўсяму сусвету і пазасусвету. Але каб ніхто не чуў. Бо біць будуць.
III