Выбрать главу

Аднойчы, - сказаў я, — я выехаў у лес і паспрабаваў расшыфраваць мову дрэваў. Я доўга ўслухоўваўся ў іх рып, гуд, шолах. Ламаў кару. Шараваў рукамі мох. Але ўсё было марна. Я нядужы.

Ад хвалявання праекціроўшчык ускочыў і стаў хадзіць па прылазніку — падлога зарыпела, надрыўна забурчэла лядоўня, лямпачка ў свяцільні пацямнела і зрабілася марэлевай.

Падзякуйце мне, — паведаміў праекціроўшчык, — на гэтым тыдні я падпісаў генеральны праект. У наступным месяцы, згодна з праектам, ваша хата ідзе пад знос, разам з прылеглымі да яе гаражамі і прысядзібнымі надзеламі.

Вы разумны чалавек! — здзівіўся я.

А вы ведаеце, — раптам зашаптаў праекціроўшчык, — учора, калі сонца выкацілася з-за хмары, я стаяў на часопісным століку і разважаў пра псіхалогію птаха. I мне прыйшла думка запусціць у неба мой вядзёрны гарбатнік. Я нават уявіў, як ён будзе куляцца ў паветры. Гэткі сінтэз хмары, сонца, птаха і жабкі.

Вунь! — раптам закрычаў я, тыкаючы пальцам у кут.

Праекціроўшчык спуджана вырачыў вочы.

Вунь! — зноў закрычаў я. — Там хаваецца дамавік-лазнік! Там бліскае вока! Калі так бліскае вока, дзесьці нараджаюцца дзеці пад грукат барабанаў!

Праекціроўшчык рэзка выдыхнуў паветра, рыкнуў і апусціўся на кукішкі.

Пачакайце, — замармытаў я, таксама апускаючыся на кукішкі. — Цягнікі ідуць па раскладзе. Таму яны і не сутыкаюцца.

Я не цягнік — я бронецягнік, — удакладніў праекціроўшчык.

Калі ў лазні яшчэ жывуць дамавікі-лазнікі, значыць, лазню вы не знясеце... Вы не праекціроўшчык!.. Вы не злодзей!.. Хто вы?!

Я той, хто імчыць на крылах ночы! — заекатаў госць. — Я заглушаю выццё мора! Я марыную ласгавак! Я выношваю шкодныя ідэі! Я вельмі падазроны суб'ект! Я ўкушу вас за левую нагу!

Хто вы?! Хто вы?! — з пафасам заенчыў я.

Я твой брат, няшчасны.

Падае заслона.

1996-1997

4

КУЛЬТ АСОБЫ

КУЛЬТ АСОБЫ

У 1999 годзе ў Рэспубліканскім палацы мастацтваў Беларусі я правёў перформанс "Культ асобы", які стаў працягам майго чарадзейства, зробленага ў Бярэсці ў 1998 годзе на Акцыі "Чацьвёра і Вішнёў-аб'ект". Тады мяне зрэзалі нажом са сцяны. У гэты раз я скалаціў мабільную перформарную групу, гэтак званую "Спецбрыгаду афрыканскіх братоў", якая мусіла мне дапамагчы ў ажыццяўленні маіх грандыёзных планаў. I мы рабілі культурныя выбухі! У Палац мастацтваў я заехаў у чырвонай труне, пасля чаго мяне забальзаміравалі цестам і аблілі бензінам. Прысутныя былі проста шакіраваны. У адной жанчыны здарылася істэрыка. Мая місія была выкананая. Як вядома, на месцы палаца некалі табарыліся могілкі... Канцэпцыі скрыжоўваліся свастыкай. У сваіх склепах ад злосці варушыліся Сталін, Ленін і Гітлер.

Афрыканеры прачыталі мой трактат "Культ асобы", закалацілі труну і панеслі цела ў маўзалей. Зайздросціце, дыктатары, канцлеры, прэзідэнты і сакратары ЦК КПБ! Пры жыцці я стаў не проста культавым, а нашчадкам вялікіх фараонаў.

ТРАКТАТ "КУЛЬТ АСОБЫ"

Аб'екты могуць быць вечнымі.

Вішнёў-аб'ект - рэдкая форма вычварэння.

Аб'ект — і ў Афрыцы аб'ект.

Вішнёў-аб'ект — гэта патэнцыяльны вораг маразматыкаў.

Аб'екты могуць ператраўліваць сегменты вычварэння.

Не кажы аб'екту, што ён інсталяцыя, бо атрымаецца акт людажэрства, машынажэрства, дрэважэрства, звяругажэрства, тараканажэрства і г. д.

Аб'ект не заўсёды ў поўнай меры аб'ектыўнасць.

Аб'екты бываюць шызафрэнічнымі з прычыны сваёй генеалогіі.

Аб'ект можа выдаваць паролі, піктаграмы, графікі і іншую лухту, а можа не выдаваць нічога.

Вішнёў-аб'ект, безумоўна, салодкая рэч.

Вішнёвы выспяваюць на тубыльскіх прасторах, бо там шмат цукру і какосаў.

Аб'ект — гармонія і дыскамфорт на адной пысе.

У аб'ектах нараджаюцца дзеці.

Ты таксама аб'ект.

Вішнёвы-аб'екты як вынік пабочнага эфекту.

Розум — гэта аб'ект у аб'екце.

Аб'екты маюць розныя смакі.

Тэрыторыя — прастора для дыктатуры аб'екта.

Паважанае спадарства! Таямнічы рытуал пахавання скончаны. Прашу сяброў і блізкіх нябожчыка пакінуць пляцоўку.

АКУЛЫ ВАЛЯЮЦЦА НА ДАХУ ДУШЫ
я не існую мяне няма я па-за святлом бытла я па-за святам Лондана на плячы татуіроўка роўная я не чалавек я падлога вектарная песня праектная пад нагамі стоўчыка сусветнага мяне няма манка на матрацы ёсць нейкая трансфармацыя вакууму вайна на кукішках вантробы без розуму не існуе зоны зла так на кансервавых заводах робяць мінеральную ваду з пахам селядца гэта марная справа заклятая леапарда левы парад дада