Выбрать главу

Загад П

Дзяржаўнымі мовамі аб'яўляюцца суахілі, лінгала, кіконга і чылуба. Хто будзе супраць, тых дазваляецца выслаць у Індыйскі акіян альбо з'есці.

Загад Э

Мастакам дазваляю маляваць адно кракадзілаў і ўласныя вушы. Прычым у мастацкіх творах можна скарыстоўваць толькі белыя фарбы, белыя палотны і белую паперу. А хто будзе супраць — выслаць у Папуа-Новую Гвінею да майго сябра чарадзея Барнабаса.

Загад Ч

Сантэхнікаў прымушаю заўсёды насіць на спіне мой партрэт. Хто будзе незадаволены, тых сантэхнікі могуць стукаць гаечным ключом па вялікім пальцы правай нагі. А хто супраць майго рашэння, тых абавязваю трымаць у ваннай кракадзіла 1,5 х 1,5 метра.

Загад Т

Усім распрануцца! Мы павінны быць бліжэй да прыроды. Дазваляецца насіць толькі шлёпкі, фескі, лапці, галёшы, мой партрэт і майткі.

Загад Я

Пенсіянераў у нядзелю выводзіць на плошчы, і няхай пад грукат бубнаў спяваюць у мой гонар гімн нашай краіны! За імі павінны рухацца танкавыя калоны. Страляць толькі па маім сігнале.

Загад У

Вайскоўцаў навучыць грызці бамбук! Зубы, толькі зубы выратуюць нашу армію ад магчымых нападаў варожых краін! Хто супраць — тых на мыла!

Загад Ж

Жанчынам забараняю крычаць падчас родаў. Можна толькі спяваць гімн нашай краіны. Таксама падчас родаў дазваляю есці кашу з геркулесу.

Загад Ю

Аб'яўляю свой Дзень нараджэння 7 жніўня вялікім святам. У гэты дзень можна піць толькі малако і бананавую гарэлку. Дазваляю прысвяціць верш майму вялікаму розуму і майму вялікаму носу.

Загад Ё

Чытаць можна толькі мае кнігі. Прычым ноччу і пры святле месяца. Хто супраць, той мусіць ведаць усе мае творы на памяць. Падчас чытання можна танчыць ламбаду, але ў поўнай адзіноце.

Загад Н

У аўторак усім выйсці на вуліцы і прыпадабняцца да жырафаў, бегемотаў і суслікаў. Ролі можна агучваць. Лепшых сяброў і лепшых ворагаў трэба пэцкаць зубной пастай.

Загад К

Паміж вуліцамі выкапаць траншэі. У парках пасекчы ліпы, дубы і пасадзіць пальмы. Да ліхтарных слупоў прычапіць каналізацыйныя люкі.

Загад О

Аб'яўляю сябе валадаром свету. I загадваю свайму сакратару намаляваць мне трэцяе вока і трэцюю руку.

Загад Ы

Машына XXI стагоддзя — камбайн! Таму ўсе астатнія віды транспарту загадваю пераплавіць у камбайны. Будзем камбайнёрамі. Будзем мець хлеб. Будзем жыць шчасліва.

1997

***

Знікне ўсё. Застанецца адно думка. Яна прасвідруе прастору космаса голкамі літараў. Сярод пунсовых кратэраў магмай будзе пералівацца маё прозвішча. Ды я раскідваю паэтычныя свішчы!

2001

5

НА ШПАЛЕРАХ ПТУШКІ

МАЯ ШАХТА

На дошках сусвету я напісаў залатымі літарамі: «Шханава — ты мая шахта!» I гэтыя словы замацавалі ў маёй душы вялікую жарсць. Праз усё жыццё я пранясу гэтае заклінанне.

Напэўна, у чэраве маткі я ўжо прадчуваў не толькі сваё нараджэнне, але і сваё каханне. Паводле аповедаў роднай бабулі, мая неардынарнасць праяўлялася ўжо ў маленстве. Так, я любіў лупцаваць дзяўчатак кулаком, кнігай або гумовым кракадзілам. Магчыма, у тыя часы і пачаліся пошукі Шханавай.

Аднойчы ў халодны зімовы вечар 1996 года, гартаючы адзін графаманскі часопіс, я наткнуўся на фота... Пачаў-пачаў прыглядацца. Прыгледзеўся. Шханава! Сонца! Мая паэзія! Мая муза! Мая рыбная луза! Гэта быў лёс. Так у той вечар я ўпершыню пабачыў Ганку. У рэдакцыі часопіса я дамогся атрымаць яе нумар тэлефона. I пазваніў. «Алё», — сказалі мне. I скрозь рып электрапілы, электрадрэлі я пачуў дзурчэнне мёду!.. «Не алё, — сказаў я, — а рыхтуй мне мясное філе, бо праз трыццаць хвілінаў я буду ў цябе дома. Гэта значыць, што на гаспадара прыйшла мода. Шлак машынамі будзем адгружаць. Не чакай ружы».

Аднойчы на Дзень Святога Валянціна я прыйшоў да Шханавай а 8-й раніцы з падарункамі. Я купіў тры кілаграмы аранжыкаў і паклаў іх у размаляванае вершамі вядро. Акрамя гэтага я купіў набор нажоў і на іх нагах напісаў верш «Легедà пра медузабо». I да ўсяго гэтага падарункавага набору я прыклаў жоўтыя кветкі — на развітанне.

Праз 78 гадоў на Дзень Святога Валянціна я падару Шханавай сякеру і кавун памерам з чалавечую галаву. Хочацца, каб спадарыня Шханава стала Шахеразадай з халвы. Выла піларама хіты. Ідуць хіпі!