ДЛЯ КАХАНАЙ
Ну што перарэж мне рапірай горла горнае
Яно вырасце зноўку як хвост яшчаркі
як хобат слана Я плямы змяіныя
дэманструю і лямпы бальшавіцкія ўскладаю
ля манументаў мянтам і палю цыгарэты
з ментолам Я ў полымі
Я ў градусах алкагольных
Я ў градусніках тэмпературных
На мне паліто літаграфічнае доўгае як
шырокія менскія прашпекты Яно
валачэцца па камянях па брудзе
па ўсмешках пысных і
вушах цюбікавых
I мова мая ў шнарах у цюбецейцы
вылузваецца скрозь літары ценяў
31.12.98
Можна скарыстаць рашпіль.
ЭКА МАРЫХУАНА
штодня ў тваю кашу я дадаю тоўчанае шкло
цукар са шклом мілая сумесь
даю табе есці Жвакай родная Жвакай
ты памрэш у страшэнных сутаргах
ты будзеш курчыцца як прыціснутая змяя
твае вочы ператворацца ў белыя цукровыя
мячы
рукі набудуць надзвычайную бледнасць
я пакладу цябе ў малінавы катафалк
і спіхну яго ў мора
стогны марскіх чаіц і гудкі парахода
будуць песняй тваёй
я паплыву жуком-плывунцом і гучна праекачу
к-в-в-в-в-в-у-у-у-у-у-у-у-у-у-у-у-рррррррррррр
Чэрвень 1997
***
хопіць блукаць па нябёсах
будзеш есці сусліка мяса
за кратамі сярод іскрыстых гузікаў
будзеш песні крычаць мурзікам
у паласаты шоўк апранутая
з параненай галавой на нарах
узгадай шчырага Змія Віша
у доўгім рагу-л імузіне
са шклом чорнымі норамі
ён паглынае снежных налімаў
п'е ліманад і перадае праз пасыльных
табе прывітанне
Шханка
***
пацалункі паветраныя пацалункі
праз палонкі дасылаю
склера хвалямі сыплецца
гэта як грыбы ваўнянкі
быццам я пасля п'янкі
рыхтую бандэроль велічынёй з
бамбардзіроўшчык
там унутры авіяцыйныя бомбы
і мурын дрэсіроўшчык
і крывая карова крыху акрываўленая
чуеш крывая
у люстэрках скурчаных
станеш роўнай як швабра
шханка
Вясна 2000
***
Я складаю ў торбу твае
вочы пясчаныя крыштальныя
гранітныя бронзавыя
маціцовыя
сінія чырвоныя бэзавыя
чорныя зялёныя
Запіхваю тваё імя ў
вадасцёкавыя трубы Крэслю на дамах усялякія
магічныя знакі
Тупаю па тратуары
вялікімі афіцэрскімі
ботамі
якія блішчаць новай
чарнатой
I закручваю ў спіралі
сонечныя промні
1996
***
Твае сухія вусны
з гарою Шанкр
перад маімі вачыма
як сімвал нашага кахання
НАФТАВАЯ МЯРЛОГА СЯРОД сярэбраных
ДЫСКАЎ
ПЛАЦДАРМ ДАРМАВОГА ПСІХОЗУ
1997
***
на люстэрку няма халата
яно свалачное Выяўляе толькі палату
акуляры хаваюць падлодкі з перыскопамі
выратуй маё сумленне літрам Джына
мы будзем з ім будзіць п'янае сонца паэзіі
На снежных мастах цяпер холадна
і няма Вольгі і няма вялікай падлодкі
мы пойдзем разам на дно
толькі дай квіток на польскае метро
там пад зямлёй цішыня
моцныя цягнікі як алені
ну прыгледзься да святла палоннага
гэта не краты і не калоны
гэта натуральны хлеб салёны
ну мне проста весела
Варшава
23.11.99
ЛЯСНЫЯ ШХАНКІ
Усю ноч бесперапынна па лесе швэндаўся
Вушамі варушыў і хвастом махаў Фрук-фрук-фрук
і бутэльку рому выпіў і бутэльку віскі выпіў
і ўсё швэндаўся Дрэвы ламаў Цябе ўспамінаў
і ў яругу зваліўся раніцай і там стод знайшоў
і выцягнуў сякеру і высек Фрук-фрук-фрук
з яго зорку Шханавую
26.06.97
***
чуеш кветка лясная
пазбаўляйся ад зімовага сну
на талеркавым вожыку ляжаць круасаны