у нагах самота
у шклянку наліваю таматны сок
у томік вершаў трапляеш ты
на мастах гудуць валасы
у сталёвых патыліцах ляжаць не далоні
вочы майго натхнення з балонамі
цішыні гэтага дня
дамы выпучваюцца як вясновая тля
у плафон залятае каханне
з нагана мясцовага хана
красавік 2001
ШАХМАТНЫ ПАДЗІШАХ У ШАФЕ
Шафа стаіць у цэнтры кабінета
такая чыноўніцкая афрыканская кабета
пазірае на мяне праз свой марскі бінокль
пазірае таксама праз бляклы манокль
яна наглыталася за год пылу і тоўстых папак
у яе ад гемарою баліць азадак
я часам даю ёй жоўты маласольны агурок
цалую ў тоўсты дубовы пупок
запаўзаю пад чорныя грудзі
і там варушуся як чарвяк-чарадзей
і мару ікнуць я моцна ўвосень
каб наліць у шклянку воцату
і выпіць за здароўе шафы
каб стала яна падзішахам
у гэтай хамскай дзяржаве
16 жніўня 1999
СЛОВЫ - ЛАЗЕРНЫЯ ШАМПУРЫ
стукаю курхам па патыліцы чорнага ліхтара
ты здымі навушнікі са сваёй насаглоткі
паўтарай успых мае строфы-прысмакі
пырхай разам са мной выдрай
з шэрых дзотаў з шэрых плітаў
мы здымем парашут туману элітнага
наша радзіма не будзе галаграфічнай
малітвай
на нашых валасах бурштынам і золатам
заблішчаць і затрашчаць бубны Літвы
1995
МОЙ КУЛАК
У 1999 годзе Шведскі інстытут запрасіў мяне ў Стакгольм. Паездка мела вялізную агароджу перформансаў. Я фармаваў маньячныя афрыканскія стансы. Я вымываў крышталь з экзатычных карцінаў. Карацей кажучы — паядаў паэтычную ціну. Так апошні дзень акругліў маю постаць у вачах наведнікаў да формы шара. Гэты шар калаціў усе стэрэатыпы. Ён грукатаў рэвалюцыяй па брукаванцы мастацтва.
У культурным цэнтры Стакгольма я зрабіў выставу візуальнай паэзіі «Нахабус насякомус» і перформанс «Адрэзаная рука», які прайшоўся па галовах сталёвым пацалункам. Паўсюль на тварах выспявалі лункі. На сталах піва і віно ператвараліся ў сумныя нулі. Я качаўся па сцэне, закрываў твар часопісам «Nihil» і страшэнным голасам мармытаў нешта .пра руку... Рука... Рэвальвера курок. Так сярэднестатыстычны швед адчуў подых афрыканізму. Дыхайце! Дыхайце гэтым атрутным паветрам! Мастацтва абавязана не толькі любіць, але і біць кулаком!
***
калі на пальцах застаюцца кавалкі сонца
марыхуана робіцца марай
і тады на фронце п'юць кроў
якая як нафта
а потым апоўначы
па вуліцах ходзяць цыклопы
і нейкі вікінг са Стакгольма ўключае
цыклатрон
а нехта закладае малады патрон
у сваю чорную вінтоўку
восенню тут мне цёпла Я адчуваю сябе воўкам
я чытаю каву і гляджу на валасаты кулак
дыктафон шыпіць і запісвае мой голас
круцяцца падшыпнікі і вока Доларас
вока птаха кладзецца на кружэлку
на вайсковых ботах курчацца ружы
вавёркамі
таму дзяўчына быццам экзатычная дзічына
яна пад экстазі быццам чарвяка лічынка
яна сядзіць на даху маёй галавы
яна чытае вусцішна доўгія вершы
якія раптам абрываюцца і падаюць на нашыя
валасы
як самалёты
18.10.99, Стакгольм
***
літары сонныя напаўзаюць кобрамі
гэта напэўна саната Басаева
у траўні я гуляў басанож па Стакгольму
па небе качаліся два сонцы
твае экстазныя вочы-соты
я адкрэсліваў контуры горада алоўкам
тваю кітовую сукенку цалаваў вецер
ногі архітэктурна зліваліся з вуліцай
душы склейваліся на брукаванцы
душам былі позіркі
думкі абліваліся шампанскім
дула гарматы дыхала ў гарлавыя штольні
сум асядаў на рукі ліўнем
без вады здыхалі налімы
2000
****
Усё замірае нават зумер не крумкае
У калідорах Дома літаратара разлілася ртуць
Крумкачы за вокнамі заліваюцца цішынёй
Цыравальныя блакноты маўчаць
А па шкле пабегла кропелька попельная
У папцы адбіткі пальцаў
на мяне завялі крымінальную антымастацкую
справу
Гэта парваныя твары па праву
Па франтальнаму з Управы рухаюцца
цывільныя паравікі
На люстэрку сінее мой апошні чарнавік
Прыйдзе новае Заўтра ці ўчора зноўку
Я не ведаю
Я веды бяру праз калодзеж восені
На парозе зіхацяць вострыя сосны
7 сакавіка 2000