1996
+
***
Файныя раскінуцца малочныя краявіды-
рапіры
Усё гэта прывіды I вочы сінія маціцовыя I горы белыя мармуровыя У параўнанні з месяцам што хаваецца пад снежнай лесвіцай
1999
ПРАЗ ПАЛЬЦЫ МОРФІЮ
камфорт - гэта разрэзаны крывавы рот
гэта лісце
і мая жоўтая аголеная галава
камфорт - гэта дзяўчынка Элі
якая ляжыць на маіх плячах цюленем
і цягне дзіцячыя ручкі да варэння
сонца крэсліць наросхліст
вараныя крэветкі я кладу асцярожна на
мяккія вусны
вусень
я крычу: Прыйшла восень!
на кавалках лінолеуму воспа
я вырабляю чорныя іерогліфы
У цэнтры Еўропы - савецкая выспа!
У цэнтры Еўропы - калгасная пыса!
***
Неабходна вынесці на холад
усе самавары. Каб зямля
забурбулілася і пакрылася
пальмамі. У лункі мы будзем
класці не зярняткі, а гузікі.
Ракавінкі бурбочуць у пузіках...
Дык схавай свой савецкі каптурык
Бачыш, як у нямецкіх гарнітурах
шпацыруюць туркі?
2001
***
на тарпедным бронецягніку прышвартуюся
выпаўзу праз квадратны люк
цыкорнай цыбуляй плюну нібы куляй
накручу на кулакі галіны ліпавыя
душыць буду пад музыку Феранца Ліста
буду лютаваць пад сонечныя блісы
буду катаваць валютнага ліса
Лета 2000
***
каша на плячах бліскае
рыпяць салёныя агуркі
з іх выліваецца вайсковая песня
рухаюцца атрады ў накірунку тушы
якая смярдзіць чалавечынай
півам і гарэлкай
абрэзкі скуры бінтамі
вятры дыхаюць як паравозы
магма накіпае на ботах
гэта адказ на
твары кладуцца на прастору як трафарэты сонца замест фарбы
1997
НЯБОЖЧЫКАМ - КАЛАМАЗЬ!
Я ўразіў шведаў, і мяне захацелі бачыць фіны. Усіх натхняў мой нафталін. Нафтай пляваліся фаны з Таліна. Ха-ха. Музей сучаснага мастацтва Хельсінкі запрасіў мяне на тусоўку мастакоў. Марылі, напэўна, што буду біць усіх электрычным токам. I котку сустрэну і кока. Таму я не доўга раздумваў — зрабіў у Швецыі візу, сеў на самалёт і...
I літаральна праз тыдзень з адным беларускім кунаком я быў у Фінляндыі. На дэбілах я ставіў мастацкія плямы. Эксцэсы перапаўзалі чарвякамі сталінскімі. П'яныя дэбошы з паэтам Юккам Малліненам нагадвалі садысцкіх налімаў. Мне здаецца, што тады мы паставілі на галаву ўсе тамтэйшыя піцейныя ўстановы. Шукалі беларускія міны. Гучаў матыў вайсковай малітвы. Ша! Няхай ведаюць нашых! Цяпер у многіх фінскіх афіцыянтак дома ляжыць мая апаленая алкаголем творчасць. Свае аўтографы я пакінуў пад ром і чыпсы. Я быў сыты сын фінскага мора. На маёй кашулі свяціліся мардоўскія зоры. Мае перформансы скакалі альпійскімі козамі. Быццам нехта забіваў усіх КамАЗам. А пасля абкладаў твары нябожчыкаў каламаззю.
МУЗА НА ПАЛАСАТЫХ БАТАРЭЯХ
1.
прывітанне восень вось і я
у душы маёй швэдар
як у кожнага фіна
прыкладаю да вачэй чырвонае шкло
праз яго я бачу дзяўчыну
2.
надакучыла грэцца ля батарэяў
паласатыя пад'езды накшталт ганарэі
так хочацца разбіць лямпачку суму
бо з пляча раптам збегла муза
3.
цішыня
як цік шыі
ціск напэўна таксама шыпіць
дыск гадзінніка варушыць вусамі
у цісках памірае
мой развітальны верш
9 лістапада 1999
СУМ САЛАТАВАГА КОЛЕРУ
КАЛІ НА ДУШЫ СОК
якое неба
давай возьмемся за рукі і скінем скуру
мне так надакучыла есці металёвыя слоікі
у Хельсінкі мабыць няма сініх дажджоў
тут на століках ляжаць вецер і кава
у мяне спякота на сэрцы
Тут таксама некаторыя людзі носяць
па святах шаманскія маскі
Таму мілую дзяўчыну з воблакам
валасоў я заўважыў але
прайшоў міма толькі як моль
дакрануўся да яе
пальчыкаў ваксавых
Яна не заўважыла
села ў аўтобус бусловы
я не сумую
я проста плачу ад радасці
і выпускаю ў неба з клеткі
маленькія самалёты
гэта марскія птушкі
Якое неба салютнае
Куплю сіняга дажджу і гарэлкі «Аbsolut»
запалю цыгарэту «Космас»
і можа адкрыецца трэцяе вока
з краявідам кававым
і вобраз незнаёмкі зафіксуецца на вокнах лавай
2 лістапада 1999, Хельсінкі