Выбрать главу
***
Прыемна піць каву ў якой прысутнічае нешта бразільскае і сядзець у балеі абшарпанай і разглядваць лямпачку запыленую з плямкамі і аб котках пародзістых прыемна думаць і аб адной загадкавай мастачцы Н. у якой ёсць сонечны позірк і ёсць аранжыкавы позірк і магчыма марэлевы позірк і без сумнення гарбузовы позірк і абавязкова вішнёвы позірк і вядома малінавы позірк і вось кава дыміцца і заліваецца ўнутр мяне а я апускаюся ў бурбалкі серабрыстыя а мазгі парцалянавыя чамусьці ў туман мараў падаюць і атрымліваецца небяспечны сінтэз мастацтваў 13 жніўня 1997

***

Трамвайны шлях спіралямі абкручвае мой жоўты дом. У вокнах пустэчы я вынаходжу адлюстраванні ворагаў. Яны стаяць слупамі. Іх рукі цягнуцца да мяне і ператвараюцца ў шоўкавыя канаты. Усмешкі цягнуцца ніткамі... і раптам усё ірвецца.

Я прымаю лекі смерці - белыя таблеткі, падобныя да вітамінаў, падаюць у шахту. Чуюцца крыкі. Я здыхаю і разумею, што душа - гэта дымавая шашка.

2001

***

У яечнях ёсць свая цішыня. Жаўткі — падобныя да запаленых вачэй. Так-так — усе мы аматары смажанага кан'юнктывіту. А белая махра вакол жоўтага - гэта нечы мёртвы голас. Зрэдку мне падаецца, што і мае вершы запякаюцца на патэльнях нашых грамадзянаў. У гэткія хвіліны я ўяўляю свой доўгі распараны язык, які выпрастаўся і нападае на нечы відэлец. Ша!

2001

***
Цыклопы таксама не лохі у іх на штрыфелях клацаюць блохі цыклопы жывуць у холах і лазах лімоннасці у іх на спіне ёсць бэзавыя лопасці яны любяць культурныя вольнасці яны схільныя да лекарства там займаюць першынства сярод афрыканскіх брыгад 1999
ЗВАНОК 3 ГАРАЧАЙ КРАІНЫ ДЗЕ НЕБАСТЫК ТАМ ДЗІВОСНЫЯ БЕРАГІ
— Гэта Алена Твая залатая карова дасылае шыфроўку з какосавага Зімбабвэ Вельмі хочацца секчы дровы Брускву і тваё ўсходняе цела Праходчык Валасы мае ў жоўтых пёрах Тут вятры і птушкі нерастуюць кожныя хвіліны тры Твар мой у чырвоным атраманце бо тубыльцы пырскаюцца з Атрабанта п'ю шмат крыштальнага віскі на руках узрастаюць выспачкі-міскі ты пішы ты чуеш ты напішы мой партрэт вясельны ў поўны рост з цаглічнай вагой як у кіта каб усмешка мая спявала жалезнай каруселлю каб у вачах свяціліся бэзавыя сяляне а вушы зелянелі смачным салямі не праміні пра грудзі Яны ў мяне вялікія Як вялікія два матавыя плафоны як два кірзавыя патэфоны з флаконамі славянскага адэкалону «Трайны» Гэтак значыць цябе абдымаю моцна каб тут не загнуцца каля салёнага вала бо я твая навала я цябе не змяняла я камянямі кідала ў ворагаў 19 чэрвеня 1999
КОЖНАМУ Ў ЗУБЫ ПА ДРАНІКУ

Ха! На шыю 9 прычапіў амуле- ты з трупных вершаў.

А ў 2000 годзе ў сталічным Доме літаратара я цягаў на ашыйніку двух маленькіх кракадзілаў. Апрануты ў нацыянальны беларускі гарнітур, я ажыццявіў поўную афрыканізацыю беларускіх земляў. Публіка ў зале была шакіравана па самыя копчыкі. Ша! У самы нечаканы момант я пачаў жаваць адну зялёную шэльму... Паяданне кракадзіла і чытанне вершаў уразіла ўсіх!.. У зале заплакала дзяўчынка. Няшчаснае дзіцё Яно і не ведала пра свае шчасце: Хутка ў кожным культурным цэнтры будуць стэнды з муміяй кракадзіла. Не плач, дзяўчо. Я выратаваў зямлю запаветную. Я — кракадзіл! Я — нашчадак вялікіх беларускіх шаманаў! Свабода!

***
напэўна на маёй зялёнай радзіме ёсць такія фруктовыя кракадзілы якія нерастуюць як рыбіны і лятаюць на хвастах як на ластах 1998

Кароста маёй галавы скінула валасы. Цяпер я — лысы. Скура блішчыць салам, і мылам, і маслам. Чысціня галавы канцэнтруе чалавечую нацыю. Бо каска цудоўна адзяваецца менавіта на аголены чэрап! Валасы - гэта непатрэбны бруд! Да прыкладу, расейскі паэт Іван Ігнацьеў абраў шлях брытвы! Ягоная шыя скінула паразітную вопратку! У рукі — брытву!