2001
***
Нашыя мазгі засмактала сістэма. Працоўны дзень мне нагадвае вялікі морг з незлічонай колькасцю маразільных камераў. Я рухаюся сантыметрамі, бо вакол бегаюць вусатыя чыноўнікі і падсоўваюць пад нос усялякія загады. Перад вачыма перасоўваюцца вар'яцкія рэзалюцыі. Ды ў маім пантофлі ляжыць рэвалюцыя. Я раблю ёй штучнае дыханне. Яе сінія рукі чырванеюць.
Супраць сістэмы дыктатуры ёсць сістэма аўтамата Калашнікава!
2001
ЛАПКІ ІМПЕРАТАРСКІХ ПАЛАЦАЎ
партвейн хвалі Нявы
усё гэта нагадвае глінтвейн
цёплага горла невад
я раскладаю горад вейкамі
мёртвымі голкамі Іосіфа
адчуваю горад рыбнымі пальцамі
кальцыем вокнаў
дыхае п'яны сіні сіфон
фон - даміно трушчаных дамоў
праз думкі
праз белую муку
праплывае фестывальны кубрык
галава - труна перакуленая
у сэнсе бяссонага кубіка
няголенай шчакой цалую паветра
гетэру у вел ьветавых гетрах
школьніцы з кантрабасамі штосьці
абстрактнае
заключаю мастацкі кантракт
з горадам дзе жыве трап
майго твайго
паласатага сэрца
24 красавіка 2001
Санкт-Пецярбург
***
Твой шматгабарытны страўнік, пабудаваны пры дапамозе піўных лімузінаў і каўбасных сховішчаў, уяўляе сабой белы месяц у перыяд саспеласці галандскага сыру. Можна не карыстацца бубнам, а граць на тваім пузе. Так-так, даражэнькі. Ты — звычайны гібрыд дыназаўра і гіпапатама. Твая каштанавая туша перад вачыма — нібыта трэйлер
Красавік 2001
Санкт-Пецярбург
ЖЫВЁЛІНЫ
Малюнак як пацалунак
ён для мяне малюс(а)к
я гляджу на яго праз шкло
ён кусае сцяну як клоп
***
Лоб раскручваецца белым пластырам. Быццам шаша
пракладзеная ў накірунку празрыстага неба.
Калі далонямі заплюшчыць твар, падаецца, што
сядзіш у панцыры. Але на жаль, маё трэцяе вока
выкацілася лупай і зачапіла небастык. Гучна
крумкае мой кадык. Дык. Дык. Дык.
2001
***
Пажадай мне моцы сталёвай
птушка палётная
ліра шалёная
сонца салёнае
Пажадай мне мора вольнага
ветру дзікага
вопраткі дымнай
Каб імчалі аблокі марныя
горы чорныя
дрэвы фарныя
звяры сінія
вершы файныя
23.03.99
***
Запісаць сваю думку — тое самае, што забіць мураша. Мурын коціць шар. Гучыць беларускі марш. У кампутары суцэльны кірмаш. 3 вуха выязджае машына. Галава — гумовая шына.
2001
СІМФОНІІ АФРЫКАНСКАГА МЛЫНА
выбачай за ўсё мая сонечная афрыканка
я буду цалаваць твае ракавінкі неба
але толькі не кідай у самотным Конга
дай змяюку рашпіль
пакладзі мяне ў чорную скураную валізу
на спражкі зашпілі
я буду ляжаць ціха як крамлёўскі шпіль
толькі адзін раз муркну курантамі
толькі не пакідай Змія Віша людажэрам з
племя Мбу
тады будзе амба
1999
***
У чамадане я сяджу. Жвакаю. Слухаю крыкі багажу. Сівая мастачка — аўтарка інсталяцыі. Столь талеркавай тканінай яна запаяла. Яна — мастачка — гаўкала. Нельга забіваць кашалотаў. Я не шаблон — жывёліна. Сонца я зусім не бачу. Патыліцу чухаю. Я тут акрайчык батона смакчу. Я сяджу ў кальсонах крутога фасону. Я чытаю тут кнігу пра каханне Ганса Хрысціяна Андэрсена. Я свайго роду дыверсант. У мяне на шыі амулет. Ён як мул муку перамолвае. Я тут акрайчык батона смакчу і плаўнікамі варушу. Я крышку валодаю ушу. Я патаемны шаман. У маім ручніку жабка шапоча.
1998
КЛЁКАТАМУС АЛЕ ТАМАТНЫ СОУС
***
Шамацяць чарнічныя сцягі.
Шыпы ўслалі актавую залу.
Рабая люстра адбарабаніла марш.
***
Маўзерная сволач зваліла бутэльку.
Забразгаталі медныя гербы.
Затрашчалі сібірскія тамтамы.
***
Чырвоная скнара, седзячы на бочцы,
выцягнула зялёны талмуд.
Я слухаў яе тужлівую малітву.