***
Паважаныя спадары
ў Ічкерыі лётаюць
калматыя кулямётныя чмялі
там вялікія прасторы - горы і палі
таму не адмаўляйцеся ад юшкі і цуду
што прыгатавалі
калі шаблямі махалі
макмуды з Шатоя
альбо сядайце ў танк
паліце шмаль
кашляйце і шыпшынай шамкайце чакайце
пачастунку чакайце шаманскі шаль будзе вам
экзотыкі баль!
2000
***
вось боўтаюся на вяроўцы
на вас гляджу
дзіка вочы выталупіў
і язык высалапіў
сутаргава пальцы скурчыў
і целам падобны да зігзагу
да лацінскай літары 5
боўтаюся жаўцею сінею буркацею
трупнымі плямамі пакрываюся
гнію разважаю пра смерць
пра матылькоў і яшчаркаў
мару пра смачны біфштэкс
які не з'ем
і сам як біфштэкс
і сам як параход Ленін
з трумам поўным
чыстага спірту
і вось вішу ў гарнітурчыку
чорным з матыльком
ніхто мяне не здымае
Лета 1997
***
Я спазняюся на сустрэчу з чыноўнікам. Як
цудоўна!
Я спазняюся на абед да чыноўніка. Як цудоўна!
Я спазняюся да адказнага чыноўніка. Як
цудоўна!
Я не патраплю да чыноўніка. Як цудоўна!
Я не буду адбіўной у гэтага невегетарыянскага
чыноўніка,
у гэтага апартэідна-небяспечнага апаратнага
супрацоўніка!
Як цудоўна! Я застануся жывы.
2000
***
Я сноўдаюся на дне марской лагчыны. Раскручваю над галавой вялікі японскі меч. I адчуваю, як паскудныя конскія скіны нерастуюць. Адкусваю мачты бяззубых караблёў. А ў гэты час быкі смокчуць крабаў. Штурхаю нагамі ракавінкі-вусны. А ў гэты самы час сны прапаўзаюць вусенем. Цягаю на вяроўцы вэнджаную акулу. I страляю з лука па акулярах. I раскідваю, быццам насенне, акулавыя зубы. I мармычу сабе пад нос: «Дзесяць акулавых зубоў і плаўнікоў маюць таўро таямніцы. На беразе помнік мне не патрэбны». Сакатаны зебравыя лазы міхро. Семі нут рот на замку. Ціха набліжаецца начны зарапад. Прыемна, што, як грыбы на кардоне, расплыліся твары кланіраваных кітоў. Я старанна тупаю кірзавымі ботамі. Тамтамы на ботах, як бажкі. Баліць у мяне башка. Шкло і бітум сыплюцца з вагонаў. Вось гэткія гоны.
1996
***
Прачнуўся сярод цішыні і тыфу нагамі
тузаў котку футравую нюхаў дарагую
парфуму і марыў збегчы ў Фінляндыю
каб там катацца на каньках і з Юккам
хадзіць па шынках але перапынілі доступ
паветра схавалі балоны ад акваланга
цяпер толькі балота і танга good bуе
Фінляндыя good bуе Лапландыя
але не чапайце лапамі мары
мы будзем плакаць
і ў нас ёсць мячы і пілы
і дрэвы ліпавыя
і бровы на палях
і дровы з лопухамі
і зрэдку нехта з нас крычыць Алах!
19 сакавіка 2000
***
Я быццам расціснуты часам пад рабром
сядзіць цішыня фугасам і галава
трашчыць самалётам Марэсьева а
трамваі пырхаюць песнямі і варушаць
вусамі весела Я - паэт ляжу на асфальце
падарыце мне фальшывую фатаграфію
ўсмешкі на талерцы чырвоным яблыкам але
санітары-біёлагі кладуць на лоб камяні і нехта
пырскае з флакона нітралакам я не трываю
салодкага паху у мяне пад пахай няма сала у
мяне пад бокам няма падлогі залы у мяне
засталося толькі паэтычнае мыла я буду мыліць
ім ваша савецкае рыла пакуль мяне не пакінулі
сілы я буду біць жалезным відэльцам у самае
сэрца
я буду ў вашым доме накшталт
перцу пакуль мяне не пакінулі сілы
пакуль вы савецкае быдла
1999
ХЕРУВІМЫ
Ну што, няўжо слова гэтае — брыдоцце?
- Так-так! - крычаць у сінім балоце
алкаголікі.
Мы смокчам вашыя цукеркі I пасля
адплёўваемся кіркамі і цэментам. Гэта
неверагоднае бурбулістае, прыдурыстае
Брыдоцце.
Суцэльныя альпійскія горы.
Сядзім у беларускім пікантным балоце
I смокчам пёркавыя пародыі.
На кут радзімы.
Мы — херувімы!
Люты 2000
***
у мазгах аэрапланы пішуць на папках
планы жоўтыя нібыта з гарадской звалкі
валакамі па пальцах поўзаюць зялёныя мухі і
Смярдзючыя мухтары хапаюць рыбу з мукі
з беларуска-польскай мяжы
Беражы Беражы гэтых чатырохлапістых жукоў
Яны маюць дзесяць караванаў фуражу
марыхуанавыя казкі спляліся ў экстазе У
ваннай У фуфайцы Ля унітаза хлебныя ражкі
гэта зусім не кайф Поўнае фуфло
таму давайце біцца аб зямлю варта
Варта набрыняць досведам дзядоў
варта Варта набраць нумар роднага
дуба гэта не бадун гэта тумба
гэта я лячу над
Батумі туман над
горадам манка ў
галаве
аэрапланы жартуюць з кардыяграмай
усё - выпіваю сто грамаў
1997