Выбрать главу

Дарэчы, у звязку з нелінейнай паэтыкай Зміцера Вішнёва мяне досыць доўга турбавала, бадай, толькі адно пытанне: яна натуральная ягонай творчай экзістэнцыі ці свядома выштукаваная з узгляду на традыцыю негатыўна-канструктывісцкай паэтычнай плыні, так плённа распачатай калісьці "дадаістамі", а сёння паноўна дамінуючай ва ўсёй еўрапейскай літаратуры? I рэч не ў тым, што "свядома выштукаваная" — гэта дрэнна, а "натуральная" — добра; я не належу да апалагетаў "натуральнасці" і не нагружаю яе спрэс станоўчым значэннем, бо ў свеце, дзе чалавек майструе ўжо нават хмары, няма нічога больш штучнага за "натуральнае". Але ад адказу на гэтае пытанне залежала, у сістэме якіх каардынатаў будзе карэктным падшукваць месца ягонай паэзіі. I вось толькі цяпер, рыхтуючы да друку кнігу "Тамбурны маскіт", я канчаткова зразумеў, што Зміцер Вішнёў стылёва цэласны і арганічны як іманентнаму сюжэту ўласнага бытавання, так і трансцэндэнтнай фабуле таямнічага кону.

Гэты факт экзістэнцыйнай арганічнасці паэтыкі Зміцера Вішнёва, якой цэласна ахоплены ўвесь ягоны творчы дыскурс (акрамя вершаў — проза, драматычныя практыкаванні, перформансы, жывапіс), не ёсць сам з сябе "знакам якасці", але якраз згаданы вышэй момант "натуральнасці" дае падставы меркаваць, што праз яго паэзію ў нашай літаратуры натуральна адбыўся яшчэ адзін зрух у бок яе збліжанасці з сучасным дыскурсам еўрапейскай вербальнасці.

Было б скрайне некарэктна звязваць гэты канцэптуальны зрух толькі (ці найперш) з творчасцю аднаго Зміцера Вішнёва. Сярэдзіна дзевяностых гадоў выявіла цэлую плойму прынамсі не менш таленавітых літаратараў (ладная частка згуртавалася пад сцягам Бум-Бам-Літа), амаль кожны з якіх патэнцыйна здольны прэтэндаваць на ролю знакавай фігуры ў акцыі постмадэрновага прарыву скрозь татальную аблогу ўжо архаічнай на той час традыцыйнай беларускай літаратуры. Але, з майго гледзішча, наскрозь эгацэнтрычная кніга Зміцера Вішнёва, ва ўсялякім сваім фрагменце скіраваная на высоўванне персоны аўтара паперад усяго і ўсіх, як гэта ні парадаксальна, пакуль найлепей прэзентуе агульны дыскурс татальных пераменаў той (гэтай) пары. I якраз найперш — агульны дыскурс, а ўжо потым — самую сябе і свайго эксцэнтрычнага наратара.

Верагодна, гэткі эфект, бадай нечаканы і для самаго паэта, з'явіўся з таго, што Зміцер Вішнёў быў адным з самых актыўных ініцыятараў ды арганізатараў супольнага постмадэрновага прарыву сярэдзіны дзевяностых, і тое мінулае, як бы цяпер ён ні намагаўся прыватызаваць уласны плён у агульнай працы, татальна пануе над усімі творчымі ініцыяцыямі паўз эгаістычную волю самога аўтара. Гэта па-першае. А па-другое, эфект кнігі як прэзентанта дыскурсу радыкальных пераменаў стварае яе шматжанравая структура (паэзія, проза, перформансы, дзённікавыя запісы, фотаздымкі, малюнкі), з чаго перад намі аб'ёмна паўстае калаж пэўнага эстэтычнага часу на персанальным фоне зануранага ў сваё амбітнае "эга" клёкатамуса, што ў адзіноце гатуе сам для сябе верашчаку з размаітых яек, якія ён кагадзе намаляваў на шматку абадранай шпалеры.

Таму на развітанне мне нічога іншага не застаецца, акрамя як пажадаць:

— Смачна есці!

Валянцін Акудовіч

АСНОЎНЫЯ ВЫСТАВЫ I ПЕРФОРМАНСЫ ЗМІЦЕРА ВІШНЁВА

1996 Выстава-акцыя "Аrt-прагноз-Эб", галерэя сучаснага мастацтва "У Пушкіна", Віцебск, Беларусь.

1998 Акцыя Зміцера Вішнёва, галерэя сучаснага мастацтва "Шостая лінія". Менск, Беларусь.

1998 Рэспубліканская выстава маладых мастакоў "Час. Прастора. Асоба", Палац мастацтваў, Менск, Беларусь.

1998 Міжнародная выстава-акцыя "Чацвёра і Вішнёў-аб'ект", галерэя "Бергамот", Брэст, Беларусь.

тава-акцыя "Тубыльскія відарысы", "Русская галерея", Вільня, Літва.

Выстава-акцыя "Насценныя афрыкозы", Дом літаратара, Менск, Беларусь

1999 Выстава-акцыя "СНгоп-А-Тор", Палац мастацтваў, Менск, Беларусь.

1999 У межах міжнароднай выставы сучаснага мастацтва маладых мастакоў Выстава-акцыя Бум-Бам-Літа "Праз шкло", Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Менск.

1999 Выстава-акцыя "Нахабус-насякомус", Культурны цэнтр Стакгольма, Швецыя.

1999 Перформанс, Музей сучаснага мастацтва, Хельсінкі, Фінляндыя.

1999 Перформанс "Фаршыраваныя мазгі Альгерда Бахарэвіча", кінатэатр "Змена", Менск, Беларусь.

1999 Міжнародны фестываль перформанса "Навінкі-99", Палац мастацтваў, Менск, Беларусь.