2000
СНЯДАНАК НА ДАЛОНЯХ ПАВЕТРАНАЙ ЛОДКІ
я асадкай паэта нешта крыштальнае крэслю вёсламі махаю па вадзе талай
раскідваю талеры
на крэслах раслінавых слізгаюць штандарты з'есці торт маслінавы варта
і выпіць з цытрынай соннай гарбаты
між іншым
а сонца
схавалася пад газавым шатром
там яно глытае бром пад вершы Лоркі
паветра ватай для Латрэамона
гучаць скрыпкамі электраматоры
тромб пісьменніцкай паперы
раптам паляцеў у ваду сусветнай сферы
я брускі золата абмяняю з верай у фосфарнае
на бутэльку салодкага рому з Басфора і
сімфанічную дуду я
асадкай нешта крыштальна-фатальнае
крэслю
у маёй фатэльнай галаве варэнік летні вату разганяе балетны вецер
Зіма 2000
***
Кажаны - гэта не жах
гэта цёмнае сонца для нас
я бяру дынаміт і падрываю
розных скураных у піўных
кажаны - у іх доўгія сталёвыя нажы
я запаўзаю ў кокан жабны
там я спяваю пра блузную жанчыну
у лузу трапляе афіцэрскі чын
2000
БІ-БО ПЕСНЯ НІГЕРА
№ 1
у кансервавым слоіку пасялілася сёмга
з лускай-зрэнкай памерам з фару да кожнага мяккага пуза цударыбіны
прышнуроўвалі
голас сусвету які раздвойваўся калідорамі урбаністычныя шыльды па форме вуснаў чырванелі на целах галеры
якая стагнала на хвалях
якія пляваліся медузамі
якія глыталі сліну цьмянага неба
N 2
у маім панцыры жылі мікробы малярыі
плюшчаныя маім языком
які гарэў месяцам
нервовым шэптам лушчыў зямлю
дрэвы-дубы смакавалі цішыню
якую лавілі праз паветраны шлюз
а недзе гучаў шведскі блюз
які з цыгарэты выпускаў туман
які коўдрай асядаў на буржуйскі твар
№ 3
у літаратуры жыў нехта
хто як Новы Мао пазнаваў гаркоту атраманту які як крыніца для гэтага маманта
на паперы квітнелі рэкі аплеценыя лазой малако шчэрылася рыльцам-лязом
поза - балерынная бутэлька на падлозе
якая бурбулілася крывёй
ад чаго свастыка выстывала
эклектыка лета
21 снежня 1999
МАРШАВЫ ВЕРШ
Містэрыя аднаго дня
Сярэбраныя рагатыя каскі.
Чорныя сцягі.
Барыкады.
Вогнішчы.
Мы дзевяносцікі - у цытрынавых
бліскучых ботах. Наш вялізны, цяжкі
папуаскі молат вырабляе савецікі ў
сярэбраныя! А на плошчы, пад вежавым гадзіннікам, вісіць расфарбаваная клетка- савецікус. У ёй сядзіць пунсовая птушка- брылюшка, якая хлусліва кудысьці
заклікае.
У нашых шэрагах безупынна гучаць крыкі:
— Страляць шасцёрак і іншых паганцаў!
Мы палім, сплёўваем.
Вакол скрыгат... Танкі!
Што ж, мы
бабахнем
бомбу!
Маленькую
літаратурную
бомбачку!
1995
ЛАПУШНАЕ БАЛКАМДРЭВА
Я б'ю па кактусавым шпуляку. Бум! Вой-вуй-вуй! I ён залятае ў блакітнавокі клапападобны вазон. Бах! Грыміць, шчабеча, чмыхае там. Пасля я сядаю на абскубаную канапу і бяру ікластую птару. Я не я. А нейкая пачвара з сямю хворымі зубамі, з адным вокам і гнілой дзіркай замест носа. I конь мой не конь. А скакун без грывы, без яблыкаў, без колеру, увесь у бародаўках. Ён гойсае вакол канапы... Не ржэ! Рохкае і кукарэкае.
1993
***
Праспекты каменныя хлебныя алычовыя калачом
апавітыя кратамі чорнымі
і тут дзядзька Фрунзэ з далонямі бронзавымі
трымае агромністае вока савецкага літаратара
дзе адлюстроўваюцца нажамі цені дыктатара
а недалёка ўсялякія рыбіны ходзяць у паэтычным
аксаміце галіфэ
іх плаўнікі засмакталіся ў бетоне першабытнага
кафэ
дзе падаюць халоднае пюрэ і жывых лангетаў ледзяную гарэлку з мінералкай пад нямецкую
галету
змрочную дзяўчыну з сінім амлетам
і добры сябра-паэт дасць на апахмел таблетку
я тут штодня як хрыстос на бутэльках
памру ад бацылы фальгетнай
праспекты праспекты праспекты
яны як аэраплан для інспектара
які відэльцам калупае вока катлеты
19 жніўня 1999