Выбрать главу

Сэрца злёгку падскочыла: няўжо гэта я выводзіў такія роўныя радкі з круглявымі літарамі, не падкрэсліваючы, як цяпер, «ш» і не пішучы друкаванае «т»? Вока выхоплівала фрагменты па-дзіцячы наіўных сказаў з акуратна выпраўленымі зверху памылкамі. Мільганула думка пагартаць знойдзены помнік пісьменства разам з Лораю, але там сустракаліся імёны іншых дзяўчатак…

Сярод старонак вытыркалася закладка — пажоўклы лісток календара, што прымусіў кроў пабегчы па жылах хутчэй. «Учора тата і мама вадзілі мяне да "спецыяліста". Магчыма, я — лунацік. Ды мне не страшна, таму што я смелы і люблю фантастыку». Цёплымі хвалямі бэзавага паху вярталася мінулае. Маміны слёзы і тата ў піжаме на начным двары… Узняты ўгору палец доктара… Вакно ў маім пакойчыку, куды можна было прасунуць адно руку… Вяровачка, якой прывязваўся да ложка… Я міжволі ўсміхнуўся: шкада, што ўсё скончылася, так і не разгарнуўшыся ў сюжэт з прагулянкамі па дахах, знаёмствамі з тамтэйшымі катамі й коткамі, пярэпалахам начных мінакоў…

Але сюжэт толькі пачынаў закручвацца.

9

У няпісанай гарадской тапаніміі тая спаруда над Дзвіной мела дзве назвы: Гатэль і База. Сваёй загадкавасцю і метафізікай — улюбёнае слоўца нашага настаўніка астраноміі — мне значна больш падабаўся Гатэль. Гатэль, дзе ніхто не жыве… Тут было разгарненне для фантазіі.

Некалі ў тым будынку меліся адкрыць спартовую базу з гатэлем для весляроў і яхтсменаў.

З тае прычыны спаруда сапраўды нагадвала карабель: супроць рачной плыні быў павернуты ветразь з арматуры і цёмнага, амаль чорнага шкла, пад якім намагаўся трымацца на плаву бетонны галіён з палубамі-паверхамі. Мы з Арцікам спрабавалі называць гэты «карабель» Лятучым Галандцам, ды пастанавілі адмовіцца ад рамантычнага наймення. Лятучай лёгкасці там і не начавала: цяжкі шасціпавярховы бетонны кубік меў яшчэ і нізкую грувасткую карму. Будоўлю закінулі гады чатыры таму. Ветразь зеўраў шматлікімі квадратамі з выбітым — ці то звонку, ці то знутры — шклом, а зашкліць вокны самому Гатэлю так і не паспелі.

Калісьці там адбылася жахлівая падзея: загінулі хлопец і дзяўчына. Адны лічылі, што яны выпадкова сарваліся з высачыні, другія — што скончылі жыццё самагубствам, трэція сцвярджалі, нібыта з гатэльнага даху іх хтосьці скінуў. Следства, казаў тата, скончылася нічым. Што б тады ні здарылася, але ўдзень Гатэль, які чакаў лепшых часін за пакінутым будаўнікамі высокім плотам, нязменна выклікаў у душы лёгкую трывогу, што, праўда, не палохала, а, наадварот, вабіла. Мы з Артурам некалькі разоў даследавалі тыя мясціны, і кожная такая выправа пакідала адчуванне дотыку да таямніцы.

Вакол пацямнелага ад дажджоў дашчанага плота буяў бур’ян і гусцелі астраўкі вербалозу. Утравелая дарога падводзіла да забітай крыж-накрыж брамы і, ператварыўшыся ў сцежку, паварочвала направа. Сцежка пакрысе рабілася больш зарослай, аднак знаходзіла сілы абабегчы ўсю згароду і, амаль зніцеўшы, вярнуцца да брамы. Калі, абдзіраючы рукі і ногі, мы пералазілі плот з боку ракі, то апыналіся ў тыле колішняй будаўнічай пляцоўкі, дзе ацалеў лапік поплава з высокай травой і дываном красак — смолак, зязюльчыных слёзак, званочкаў, піжмы, белага і жоўтага донніку, мышынага гарошку… — за веданне ўсіх гэтых назваў я ўдзячны сваёй бабулі.

Вядома, у тых рызыкоўных вылазках мы з Арцікам спрабавалі патрапіць і ў сам Гатэль. Але ўсе пяць ягоных дзвярэй заўсёды стаялі замкнёныя, а з замочных адтулінаў тырчала пакулле. Ніхто не ведаў, што магло чакаць за тымі дзвярыма, і надыходзіў момант, калі ўзнікала адчуванне, быццам нехта спрабуе адчыніць дзверы і з таго боку. Тады мы, не згаворваючыся, адступалі да плота і адно за ім адважваліся кінуць праз шчыліну позірк назад. Усе ўваходы па-ранейшаму былі зачыненыя, ды мы не сумняваліся: з Гатэля за намі таксама хтосьці назірае.

10

Я ведаў: гэта не сон, і абсалютна ўсё памятаў і разумеў, хоць усведамленне таго, што дзеецца, прыходзіла з пэўным адставаннем, паступова праяўляючыся на экране свядомасці. Апынуўшыся на двары, я ўспамінаў, як ціхутка зачыняў дзверы і спускаўся па лесвіцы. Прамінуўшы арку і ступіўшы на вулічны ходнік, «бачыў», як пераходжу начны двор. Пакінуўшы за спінай даўно зачынены касцёл і павярнуўшы на закінутую дарогу да Гатэля, я запознена сустракаўся позіркам са святымі Пётрам і Паўлам, якія аздаблялі франтон, але не маглі нікога багаславіць, бо ў кожнага хтосьці рупліва адбіў рукі.

Сам паварот за мураванай касцельнай агароджаю «даганяў» мяне ўжо на закінутай дарозе, што ад часу нашых з Артурам адважных экспедыцый зарасла не толькі травою, а сям-там і хмызняком. Аднак прамежкі паміж маімі дзеяннямі ды іхняй «трансляцыяй» хутка скарачаліся. За плотам яны канчаткова знікалі, і я, можна сказаць, нарэшце супадаў з самім сабой.