Выбрать главу

4

Візіт у «дарослы» шпіталь меў два наступствы: па-першае, перад сном мяне пачалі карміць блакітнай саладкаваю пігулкай, а па-другое, адбыліся перастаноўкі ў нашай трохпакаёўцы на другім паверсе. Раней я спаў у пакоі, дзверы ў які вялі адразу з вітальні. Цяпер мой ложак перавандраваў у спальню да бацькоў, дзе можна было апынуцца, пакінуўшы за сабой так званую «залу» з канапай, двума фатэлямі ды чорнабелым тэлевізарам, бо каляровыя ў гэтых шыротах тады проста не сустракаліся. У выніку пературбацыі «зала» сталася адначасова і бацькоўскай спальняй.

Такім чынам, я быў узяты пад пільны нагляд, але на перастаноўках перамены не скончыліся. Вакно ў маёй новай рэзідэнцыі адчынялася ўсяго на далонь, а далей яму перашкаджалі дзве заглушкі з прышрубаваных да рамы старых дзвярных ручак. Трэцяя заглушка блакавала фортку. Гэта камера? — спакойна, як і належала ў такім выпадку сыну пракурора, запытаўся я. Тата паклаў мне руку на голаў: Пра такую камеру мараць усе на свеце злачынцы. Гэта рэкамендацыя доктара дзеля маёй бяспекі. І — зусім ненадоўга. Я амаль дарослы і павінен зразумець.

І сапраўды, каб зразумець, што адбываецца, я пражыў ужо дастаткова. Рэч не ў міжволі падслуханай мамінай тэлефоннай размове: …у нашым родзе не было… калі не дапаможа, доктар прапануе гіпноз… не ведаю з вёскай… Апанаваны самымі супярэчлівымі пачуццямі, я не сумняваўся, што апынуўся ў ліку лунацікаў.

З вядомага мне раней вынікала, што ў поўню лунацікі выходзяць на дахі і любяць ісці па самым краі. Артурава бабуля расказвала нам, як вельмі даўно, за царскім часам, лунацік перайшоў па парэнчах мост цераз Дзвіну. Ты ўсё пераблытала, — сказаў Арцік, — не лунацік, а акрабат, і не Дзвіну, а — Ніягарскі вадаспад у Амерыцы. Мы зарагаталі, а бабуля пакрыўдзілася. Чамусьці выглядала, што такія неймаверныя падзеі насамрэч могуць адбывацца адно дзесьці за акіянам, а не ў ціхім прыдзвінскім горадзе, дзе толькі летась з’явіўся першы святлафор.

5

Аднаўляючы ў памяці сваё абуджэнне на лавачцы пад бэзам, я, хоць забіце, не мог узгадаць, каб на небе была поўня або наогул месяц. З урокаў прыродазнаўства ў чацвёртым класе я засвоіў, што калі серп зямнога спадарожніка выглядае як літара «С» — месяц сыходзіць, або, іншымі словамі, знаходзіцца ў апошняй квадры, а калі, правёўшы ад адной «дзюбкі» да другой простую лінію і працягнуўшы яе ўніз, вы атрымаеце літару «Р» — месяц расце. Што ж дзеялася ў тую ноч? І тут, як казалі ў нас у двары, хтосьці даў мне шчаўбана: каляндар! На кухні вісеў адрыўны каляндар, які, апрача ўсяго іншага, паведамляў і квадры месяца!

На шчасце, мама не зрывала з календара лісткі, бо пры канцы года выбірала надрукаваныя на адгортах кулінарныя рэцэпты, і я без праблем знайшоў дзень з «бэзавай» ноччу. Чорны кружок у правым ніжнім куце старонкі неабвержна сведчыў, што месяц на неба тады не выходзіў, значыць, быў западозраны цалкам беспадстаўна. Хоць, магчыма, і не зусім, бо ён усё ж быў прысутны сярод зорак, але — павярнуўшыся да Зямлі неасветленым бокам.

Лісток ніякіх карысных парадаў не ўтрымліваў, а таму я без згрызотаў сумленна адарваў яго і схаваў у шуфлядку стала, пры якім рабіў хатнія заданні, — праўдзівей, не стала, а засіўленай салатавым абрусікам мамінай нажной швачнай машынкі Veritas, якая ўслед за ложкам пераехала ў маю новую спальню. У той самай шуфлядцы таіўся мой дзённік, не школьны, а асабісты — пачаты з Новага года агульны сшытак у смарагдавай вокладцы. Акурат дзякуючы гэтаму дзённіку, які я давёў да восені, мне і ўдаецца цяпер узнаўляць некаторыя падзеі ды нюансы.

Напрыклад, паход у бібліятэку.

6

Патрэбны цяжкі жоўты том «Дзіцячай энцыклапедыі» называўся «Чалавек». Такіх сур’ёзных кніг у школьнай бібліятэцы дадому не выдавалі, аднак мне як заслужанаму чытачу зрабілі да заўтрашняй раніцы выключэнне.

Уладкаваўшыся за швачнай машынкай і раз-пораз націскаючы ад хвалявання на шырокі понаж, я высветліў: артыкула пра лунацізм у кнізе няма, але не паспеў засмуціцца, бо раздзел, прысвечаны сну, разгарнуўся акурат на малюнку, які ўмомант заваражыў.

Па гзымсе старадаўняга трохпавярховага будынка на чорным тле ночы спакойна ішоў мужчына ў паліто і цыліндры, а ўнізе, на вузкай брукаванцы, панаваў пярэпалах: пасажыры двух экіпажаў разам з мінакамі, закінуўшы галовы, у жаху сачылі за лунацікам. Пра тое, што гэта быў менавіта ён, сведчыў подпіс: Лунацік не ўсведамляе небяспекі і таму не адчувае страху перад вышынёй.

На той жа старонцы я праглынуў некалькі дзясяткаў радкоў, якія апавядалі, што лунацізм — рэдкае парушэнне сну, калі чалавек, не прачынаючыся, устае з пасцелі, блукае па доме або падымаецца на дах і дэманструе неверагодны спрыт у рухах. Пасля гэтага ён вяртаецца ў ложак і ўранні нічога не памятае. Насуперак пашыранаму меркаванню, таямнічы ўплыў месяца тут ні пры чым, бо лунацікі выходзяць на прагулянкі і ў бязмесяцавыя ночы, і падчас дзённага сну, а таму ў навуцы апісаная з’ява называецца самнамбулізмам. Энцыклапедыя раіла ні ў якім разе не палохаць лунаціка, не будзіць яго, а пастарацца асцярожна адвесці назад у ложак. Бацькі таго відавочна не ведалі, але доктар іх, пэўна, ужо адукаваў.

Я адарваўся ад кнігі і перавёў дыханне. За вакном апусціўся вечар, і на небе заззяла зорка Венера. Заставалася даведацца, што начныя блуканні залежаць ад успышак узбуджэння ў асобных частках заснулага мозгу і могуць быць прыкметаю развіцця эпілепсіі. Вось тая хвароба на «э», пра якую пытаўся доктар!

Што такое эпілепсія, наш клас добра ведаў дзякуючы рыжаму Яшу, якога гэтая хвароба схапіла сёлета на кантрольнай па алгебры. Уявіць сябе на ягоным месцы мне не хацелася, а таму я з велізарнай палёгкаю прачытаў: самнамбулізм паддаецца лекаванню! Успамін пра Яшаў прыпадак не даваў спакою, і на дадатак да блакітных пігулак я на хаду вынайшаў новы сродак лекавання: перад сном буду прывязваць вяровачкай левую руку да білца ложка.

На сон я пачытаў і пра летаргію. Знакаміты расейскі фізіёлаг Паўлаў назіраў хворага, што праспаў дваццаць гадоў. На малюнку дзяўчына, якую везлі на катафалку ў труне, уздымала ейнае вечка, разганяючы пахавальную працэсію. Энцыклапедыя суцяшала, што сучасная навука такія выпадкі выключае. Яшчэ больш супакоіла і нават развесяліла фраза з артыкула пра сны: чалавек усю ноч праспаў, а ўранні распавядае, як хадзіў на паляванне з людзьмі свайго племені. Хацелася б мне прысніць маё племя.

7

Між тым чацвёрка па гісторыі была выпраўлена, і, прагрукатаўшы навальніцаю, прыйшоў чэрвень. Такой парой мяне штогод адпраўлялі на лета ў бабуліну вёску. Але дзень прамінаў за днём, а я па-ранейшаму глытаў нанач блакітную пігулку, прывязваўся да ложка вяровачкай і засынаў з новай кніжкаю фантастыкі.

Там, на далёкай планеце, расло дзівоснае дрэва, вершаліна якога гублялася ў захмар’і. Прыхадні з Зямлі, узброеныя магутнымі піламі, уздымаліся па дрэве-волаце, каб спілоўваць галіны, здабываючы каштоўную драўніну. Аднак іхняя дзейнасць не заставалася беспакаранай. Дрэва баранілі тубылкі-дрыяды. Мне снілася, што мы з Артурам далучыліся да іх і жылі ў дуплах на вышыні кіламетра. Там, у густой лістоце, мы чакалі чарговага зямляніна, каб бязлітасна скінуць яго разам з крукамі, вяроўкамі ды піламі ў зялёную бездань. Зрэшты, на такі выпадак шкоднікі мелі парашуты.

Падзяліцца сном ужо не было з кім: мой паплечнік з’ехаў з бацькамі на мора. Заставаўся дзённік, які захаваў звесткі, што назаўтра пасля нашай гераічнай абароны ад зямлянаў тата абвясціў: курс прапісаных мне пігулак сканчаецца, і ў пятніцу ягоны кіроўца адвязе мяне ў вёску.