Выбрать главу

Котка была адзінай, хто падаваў голас. У астатнім яна ўспрымалася намі як роўня, хоць не мела ключа ад уваходных дзвярэй. Ды хто ведае…

13

Калі не лічыць Залацістай і Коткі, мы прыходзілі ў абутку, але танчылі басанож, і крыты руберойдам з бітумнымі швамі дах дзяліўся з намі назапашанай за дзень цеплынёю.

Канона не існавала, і ўсё адбывалася па-рознаму. Часам мы ўтваралі кола вакол Коткі, ды тая не заставалася на месцы, рухаючыся па ўласнай складанай траекторыі. Котка ніколі не блыталася пад нагамі, яна трымала дыстанцыю і таксама танчыла.

Мы пачыналі разам з музыкай. Спярша ў паветры тонка-тонка звінела невідочная страла, і з гэтым гукам дзесьці ўзлятала рука дырыжора. Музыка была нячутнай вуху, аднак запаўняла сабой усю прастору і цалкам брала ў сваю ўладу. Мелодыі нябесных сфераў… Вызначэнне мне не надта даспадобы, але лепшага знайсці не ўдалося. У маім уяўленні для нас гучалі санаты: імклівыя алегра, задуменна-павольныя андантэ, імпэтныя кантрастныя скерца…

Наш танец немагчыма дакладна апісаць, бо кожны аддаваўся яму па-свойму, ды існавала і тое, што яднала: тут не было старэйшых і малодшых, галоўных і тых, хто мусіў слухацца. Усе — роўныя, і гэта давала непараўнанае пачуццё лёгкасці і свабоды.

Спачатку мы рухаліся маленькім колам у адзін бок, потым, не згаворваючыся, паварочвалі ў іншы. Кола то пашыралася, то, наадварот, сціскалася так, што мы судакраналіся плячыма і рукамі. Кожны такі дотык быў неверагодна прыемны, нагадваючы адчуванне, калі я, малы, кранаў ручкаю маму. Праз нейкі час надыходзіла імгненне, калі мяне і — упэўнены — усіх астатніх працінала пачуццё вусцішнай самоты. Тады мы без усякае каманды бралі адно аднаго за рукі і Котка зноў выходзіла ў сярэдзіну.

Раз і назаўсёды зацвержанага парадку ў коле не існавала, мы мяняліся месцамі, і таму я памятаю рукі ўсіх танцораў. Маленькая і цёплая рука Гімнасткі здзіўляла моцнымі кароткімі пальчыкамі, якія я мог асцярожна перабіраць, адчуваючы, як яны адгукаюцца лёгкім паколваннем нябачных іголачак. Здаралася, мае ногі сустракаліся з ейнымі такімі ж маленькімі цёплымі ступакамі. Рукі Настаўніка таксама былі цёплыя і моцныя, аднак вялікія ды шурпатыя, а яшчэ — знаёмыя з дзённага жыцця, бо ён, спаткаўшы вучня ў школе або нават у горадзе, шторазу вітаўся за руку. Залацістая мела рукі надзіва далікатныя і амаль няўлоўныя, з ядвабнымі падушачкамі на пальцах, вакол якіх віхурыўся ветрык. Кіяскёрка ўражвала шорсткімі рукамі з мазалямі: відаць, не толькі гандлявала газетамі і часопісамі, але, думалася мне, часам садзіла памідоры і кветкі. Ейныя выцягнутыя далоні з доўгімі пальцамі неслі камфортны халадок і любілі злёгку сціскаць чужую руку, прынамсі маю, ад чаго па ўсім целе разлівалася хуткая гарачыня. Тое самае дзеялася, калі ногі сутыкаліся з сухімі лодачкамі яе ступакоў.

Потым мы абдымаліся за плечы, ствараючы зусім шчыльнае кола, у якім кожны чуў дыханне ўсіх іншых. Вузкія плечы Настаўніка сцвярджалі сябе дужасцю. Гімнастка, здавалася, заўсёды гатовая выслізнуць з-пад твае рукі, ды ніколі не рабіла гэтага. У Кіяскёркі плечы чымсьці нагадвалі ейныя рукі, а ў Залацістай здзіўлялі дзьмухаўцовай эфірнасцю. У такія хвіліны Котка вандравала з пляча на плячо, часам асцярожна выпускаючы кіпцікі, што, як выглядае, замяняла для яе нашыя абдымкі.

Расціскаць абдымкі ніколі не хацелася, але законы танца былі вышэйшымі. Набліжалася хвіля, у якую мы — без чыйго-небудзь знаку — не спыняючы руху, зноў браліся за рукі і заплюшчвалі вочы. Першы раз уявілася, што такое жаданне наведала адно мяне, ды, употай стрэліўшы позіркам па баках, я пераканаўся: павекі апушчаныя ва ўсіх.

Так мы рухаліся даволі доўга, і гэта была самая небяспечная частка танца, бо дах меў невялікую плошчу. Аднак, калі кола набліжалася да краю, Котка падавала нягучны сігнал, і ўсе на міг заміралі. Аднойчы Настаўніка аддзяляў ад бездані вузкі раўчук бляшанага вадасцёку. Іншым разам адна ножка Гімнасткі ўжо марна намацвала цвёрдую паверхню. Ніякага пярэпалаху не ўзнікала, і мы пачыналі танчыць, пакрысе аддаляючыся ад магчымасці палёту.

І нарэшце ў бязгучным суладдзі танца надыходзіў момант, калі мы адпускалі рукі і ўскідвалі іх у неба, туды, адкуль на нас глядзелі зоркі.

14

Яшчэ працягваліся ўрокі, і ў школьным калідоры я сутыкнуўся з Настаўнікам, што на выцягнутай руцэ нёс разгорнутую мапу зорнага неба. Сэрца шалёна закалацілася, але Настаўнік аказаўся проста настаўнікам астраноміі. Перакінуўшы зорны небасхіл у левую руку, ён, паводле завядзёнкі, праваю павітаўся са мной і рушыў далей. Няўжо гэта не ягоная рука ляжала ў маёй два дні таму? Няўжо гэта не мы пад ціхі посвіст ластаўчыных крылаў уздымалі твары да зорнага сяйва?..

Блакітны шапік, дзе працавала Кіяскёрка, месціўся пад старымі ліпамі каля кінатэатра. У дзявятым класе, у перыяд захаплення спортам, па аўторкавых раніцах я бегаў сюды, каб купіць футбольны тыднёвік, і атрымліваў газету з будзённай ветліваю ўсмешкай з-за шкла. Цяпер, убачыўшы там знаёмы авал твару ў абладзе чорных валасоў, я некалькі разоў прайшоўся вакол кінатэатра і ўрэшце наважыўся павітацца і спытаць тэлепраграму. Рука з доўгімі пальцамі працягнула газету і адлічыла рэшту. У вачах — гэтым разам яны здаліся зялёнымі — не адбілася ні радасці пазнавання, ні іскрынкі цікавасці — нічога.

Злева ад вакенца шапіка вісела таблічка з імёнамі і прозвішчамі Кіяскёркі і ейнай напарніцы. Нескладана было высветліць, якое належыць нашай танцорцы, ды таго хацелася найменш. Я не сумняваўся: напісанае тут імя служыць ёй толькі ўдзень.

15

У суботу, гуляючы з Лорай па парку, я ўбачыў на лавачцы каля каруселяў Гімнастку, якая засяроджана ласавалася шакаладным пламбірам. Гімнастка безуважна слізганула па мне вачыма, нібы не яна, а хтосьці іншы пракруціў у пазамінулую ноч на даху цэлы каскад складаных сальта. Заставалася сустрэцца з Залацістай і Коткаю, але, не выключана, яны ў горадзе ніколі і не з’яўляліся. Я ўжо казаў, што сёння ведаю пра сваю прыналежнасць да меншасці, якая ўсё памятае. Тады ж падавалася, быццам адрозна ад астатніх з нашага начнога брацтва я проста яшчэ не навучыўся трымацца так, як яны, каб таямніца заставалася непарушнай.

Але ў тыя дні ў мяне ўжо з’явілася іншае імя. Яно прыйшло аднаго разу ў танцы, калі мы абняліся за плечы. Імя пачулася невядома адкуль, і ад неспадзяванкі я спыніўся. Ды кола не магло чакаць, і праз мірг вока я зноў аддаўся ягонаму рытму: новаму імю, якое на розныя лады гучала ўва мне, не запярэчыў ніводны куточак маёй істоты. Такое імя мог мець, магчыма, і марсіянскі хлопчык, што стукаўся ўначы да зямных перасяленцаў.

Мяне звалі — Эф.

Лора, у якой было ўсяго адно імя, душою юнай жанчыны, відаць, адчувала, што са мною нешта адбываецца. Я аддаляўся, пакуль не адчуваючы ніякай віны, бо Лора заставалася маёй адзінай. Мы не падазравалі, як хутка ўсё зменіцца.

16

Аднае начы, мяняючыся месцамі ў коле, я абавязкова апынаўся ў танцы побач з Кіяскёркай і, калі мы ўсе браліся за рукі, мая рука нецярпліва чакала ейных доўгіх шорсткіх пальцаў з затоеным паміж імі халадком.

Па дарозе дадому я раптам уцяміў, што за касцёлам павярнуў не направа, а налева… Кіяскёрка ішла крокаў за дваццаць наперадзе, і ўслед за ёю я ступіў на бязлюдны стары мост цераз Дзвіну. Падымаўся туман, і мост плыў разам з намі над нябачнай унізе ракой.

На самім мосце туману не было, але, спусціўшыся на тым беразе за маёй праваднічкаю па драўляных прыступках на насыпе, я разгубіўся: наваколле паглынала густая малочная субстанцыя. У наступную хвіліну на дапамогу прыйшла рука, якая ўсцешыла нечаканай грубавата-шорсткай цеплынёй.