Даг-даг-даг-даг... — стукала цяпер на грэблі ля маста. Там, калі яны ехалі, Наста помніць, тырчаў з ямы доўгі чорны кулямёт, увесь ў дзірках, пры ім стаяў на каленях уласавец, другі мыў у рацэ рукі. Стукала і на ферме ля пуні і ля Боганчыкавага хлева, які быў далёка ад хаты, пад самым лесам.
Жык-жык... Цыў-цыў... — цяпер ужо шумела над галавой і лопала недзе на Кур'янаўшчыне ля саду і ў кустах на могілках. У ячмені ля самай дарогі закруціўся рэдзенькі пыл.
Дрыжыць Буланчык, храпе і рвецца з аглабень. Не відаць ні Боганчыка, ні старога Янука. Блішчаць толькі ўперадзе вышараваныя аб пясок колы пад калясьмі ў Сяргеішынага Алёшы.
«Пагналі коней...» — здагадалася Наста. Нагнуўшыся ў перадок, яна выцягнула з-пад меха пугаўё і, ухапіўшыся за лейцы, пачала тузаць іх у дзве рукі. Буланчык не пабег, захроп, бы хто яго стаў душыць: упёрся ў Алёшавы калёсы.
— Паганяй, рыштант! — Наста закрычала як толькі магла і папярхнулася. — Смерці захацеў!.. — Яна тузала і тузала за лейцы, але Буланчык не бег і не мінаў Алёшавы калёсы. Уперадзе ў пыле ўсё блішчэлі на сонцы вышараваныя колы...
«Забіла...» — неяк адразу падумала яна і зжахнулася. Тады саскочыла з мяхоў і, спатыкаючыся, пабегла да Алёшавага воза. Ухапіўшыся рукой за ляжэйку, пачула, што яна мяккая ад пылу; пылу набралася на мяхі, на калошы і на босыя кароткія Алёшавы ногі. Чуваць было пад рукамі: яны мокрыя і слізкія...
«Забіла...» — зноў падумала яна і закрычала: — Яну-ук!.. — Клікала Янука, ён быў бліжэй. Уперадзе ніхто не азваўся. Жык-жык... — скакаў толькі пыл ля дарогі ў ячмені.
Пачуўшы яе ля аглабень, Алёшаў конь сышоў з дарогі і стаў. Яна тады ўхапілася за лейцы. Там жа, дзе за школай падводы, лагчына...
Алёшаў конь яе не слухаў, ступаў па пяску, напяўшыся, і стрыг вушамі, косячыся на поле ў ячмень...
Яна зноў зірнула на воз, аглянуўшыся, і паверыла сама сабе, што ўжо няма жывога Сяргеішынага хлапца. Перад вачыма ўсплыла ўся вёска: доўгая вуліца, поўная народу, і Сяргеіха са сваімі закручанымі ў белыя палатняныя полачкі блізнюкамі. Яе гоняць два ўласаўцы, спацелі, пазнімалі з галоў пілоткі... Гоняць да Міронавай хаты, у грумаду...
— Алёша-а!.. — закрычала яна, баючыся, сама не ведаючы чаго.
Алёша ляжаў, як ляжаць нежывыя...
Тады яна схапіла яго за ногі і пачала тармасіць у абедзве рукі.
Алёша кратаўся — увесь... Яна страпянулася была і схавала пад нажутку рукі, а Алёша ўсё тросся на калёсах: іх падкідала на каменні.
Алёшаў конь раптам пабег. Сам. Пабегла і яна ля воза, ухапіўшыся за ляжэйку. Займала дыхаць, здавалася — павалішся ў пясок пад калёсы...
Ціў... Ціў... — ціўкала высака над галавой, пасля змоўкла. Стала ціха і ў канцы вёскі, дзе гарэў торф, і ззаду ля маста, і ў ячмені на Кур'янаўшчыне. Бег конь, бегла і яна ля калёс, учапіўшыся за ляжэйку.
Тут было з горкі, і конь бег, колькі яму хацелася, пасля таркануўся на месцы, аж хамут палез яму на галаву, і пайшоў, чапляючы нагу за нагу: Алёшаў воз быў цяжкі, цяжэйшы, чым у яе, Насты.
Яна азірнулася і ўбачыла, што Буланчык ступае, як і ступаў, паклаўшы галаву на Алёшавы мяхі.
«Бег ззаду...» — падзівілася яна.
Наперадзе ў пыле былі відаць калёсы старога Янука.
— Яну-у-ук!.. — закрычала яна на ўсё поле. Тады падумала, што забылася: крычы не крычы, Янук не пачуе: глухі. Але Янук раптам спыніўся і павярнуўся на возе: мусіць, сам хацеў паглядзець, што робіцца ззаду...
Дагнаўшы Януковы калёсы, Алёшаў конь спыніўся, стаяў і дрыжаў. Пасля падструніўся і застагнаў...
Наста баялася цяпер глядзець на мяхі, дзе ляжаў Алёша. Падбегшы да Янука, яна схапіла яго за рукі і заплакала.
Янук замычаў, адсоўваючыся далей ад яе на возе.
— Забіла... Забіла... Алёшу забіла!.. — закрычала тады яна, аглядаючыся назад.
Янук зірнуў на воз, дзе ляжаў Алёша, і памалу, як баючыся, ссунуўся з мяхоў. Паказаў Насце: сціхні ты!.. Сцягнуў са сваёй доўгай, як сліва, галавы чорную кепку, пажмакаў у руках і паклаў на мех, дзе сядзеў сам. Тады памалу падыбаў да Алёшавага воза. За ім пайшла і Наста.
Калі, падышоўшы да Алёшавага воза, Янук спыніўся, стала ціха, і было чуваць, як ля дарогі ў ячмені шастае конік.
Наста апусціла рукі і не дыхала ззаду за плячыма ў старога Янука. Шырокая белая зрэбная кашуля на яго худых плячах была ўся мокрая, пацямнела. Янук стаяў ля калёс і не кратаўся. Пасля зыбнуўся на нагах, падняў руку і пачаў выціраць з твару пот, як жагнаўся.
Яна тады падышла да самых калёс, стала побач...
Калі цяпер падняла вочы, убачыла, што Алёша ляжыць ніц на мяхах, а пад галавой у яго ахапак зайцавага гароху, укошанага недзе, мусіць, на мяжы ў аселіцы... Гарох яшчэ не высах, цвіце сіненькім агеньчыкам... Ёй тады сціснула горла...