— Палілі-палілі цэлы дзень, а цяпер неба будзем грэць? Што? Агонь сіні ў пячурцы? Ліха з ім. Чаду баішся? На двор пайшла, праветрыся. Зловіш сінюка на нос — не гэта запяеш. Марш на двор!
Маці ніколі не слухала Іркі.
А Ірцы добра і на пасецы. Толькі вось рукі адубелі, ніяк у пальцы пятлю не возьмеш. Каб гэта тата петлі паставіў... Але ён нешта іх не любіць.
— З пятлі ўжо мяса наясі... Гуляй, калі ўрокі парабіла.
Пачынала цямнець, неба стала густое, чорнае. Нанач браўся мароз, і пад нагамі скрыпеў снег — прасіўся — аж рэха ішло па лесе.
Да стажка яна не хацела ісці. Чаго? Хто яго днём мог крануць? Каму трэба, — прыйдзе ноччу. А ноччу ні Ірка, ні тата да стажка не пойдуць. Ночы цяпер звечара цёмныя, хоць вока выкалі, і цямнеецца хутка. Агонь ужо ў хаце запалілі, мігціць праз ельнік.
Яна спынілася, але ёй доўга здавалася, што снег усё скрыпіць пад нагамі. Тады яна ўслухалася: нехта стукаў далёка ў лесе, і недзе рыпеў снег. Мусіць, тата хадзіў сам да стажка... Яна хацела крыкнуць, але перадумала: можа, усё ёй здаецца.
Пасля адышлася далей на балота і пачула, што ля стажка шастае сена.
«Недзе з таго боку. Ад пушчы».
Яна адышлася яшчэ далей на балота і тады ўгледзела аленяў. Здалёку яны былі ўсе чорныя і маленькія. Яна пазнала іх і пабегла да стажка. Верхняя жэрдка была скінута з віткі, а яны стаялі, уткнуўшыся галовамі ў стажок, як цяляты карове пад вымя. Пачуўшы яе, адскочылі, пасталі. Трое. Чацвёрты быў увесь у чорныя латкі, іх яшчэ можна было разгледзець.
Яны... Яе алені...
Ірка падышла да самага стажка. Рагаты тады паволі вылез з загарадкі і не ўцякаў. Стаялі і другія. Ірка падышла блізка-блізка да яго. Ён кратаў вушамі, выцягнуў да яе шыю і адставіў нагу. З храп у яго ішла пара, і яны былі белыя — заінелі.
«Холадна яму», — Ірцы стала яго шкада, шкада і тых маленькіх, што стаялі, прытуліўшыся адзін да аднаго, воддаль.
Яна выцягнула руку. Рагаты панюхаў рукавіцу, лізнуў языком. Тады яна дастала з кішэні акрайчык купленага ў магазіне хлеба — яго сёння прынёс тата — і падала рагатаму. Ён панюхаў яшчэ раз руку, лізнуў цёплым языком за палец, а хлеба не зачапіў.
— Цяля-цяля... — паклікала тады Ірка. — Дурненькі... Гэта ж хлеб...
І другі раз хлеба ён не зачапіў.
Тады яна, выставіўшы руку, пайшла да тых, што былі воддаль. Але тыя крутнуліся і, падняўшы снег, панесліся па балоце. Рагаты дагнаў іх і завярнуў у зашыек.
Ірка паправіла ў стозе сена і падняла на калкі жэрдку.
— Гэ-гэй!.. — крычаў тата на ўвесь лес.
...Яна яму нічога не сказала.
Назаўтра алені зноў прыйшлі да стога. Ірка карміла рагатага буракамі — узяла з сабой з гаршка з-пад прыпечка. Рагаты браў бурак з рукі вялікімі адтапыранымі губамі і жвакаў, не адкрываючы рот. Галава ў яго была зусім малая, вочы — сівыя, мутныя, поўсць блішчала, гладкая-гладкая, бы яе прычасаў хто. Грудзі ў яго ўсе аб'інелі, — відаць, дыхаў на іх.
Ірка аж здзівілася была: як гэта такія вялікія рогі могуць быць на малой галаве?
Рагаты ад яе ўжо не ўцякаў. Яна гладзіла яго па гарбатым носе, па халодных рагах, па шыі, — ён стаяў і слухаў.
Алені ішлі нанач у зашыек; назаўтра ўпрыцемку зноў былі на балоце.
Адзін раз Ірку не пусцілі да стажка.
— Вучы ўрокі!.. — крыкнуў на яе тата. Ніколі з ім такога не было.
Ірка ўсё роўна вырвалася вечарам на балота, але аленяў не застала. Калі яна вярнулася ў хату, угледзела, як маці ў парозе, закасаўшы за локці рукавы, у вялікіх новых драўляных начоўках накрывала засланкай кішкі. Ірка здзівілася: як парася ўсё роўна закалолі... У печы гарэлі смалякі, і на прыпечку стаяла патэльня. За сталом сядзелі яе тата і Язэп з вёскі — рыжы і злосны чалавек.
— Неблагія галавіны, Андрэй, — ківаў ён сваёй вялікай галавой. — Каб жа веданне, што ўдача, узяў бы... У вёсцы ёсць. Гоняць. Нясі, баба, з прыпечка, тут астыне.
Угледзеўшы яе, Ірку, ён змоўк, але бацька махнуў рукой, і Язэп паклікаў Ірку да стала, даў відэлец.
— Садзіся з намі і ты, маладая гаспадыня. У такім разе я табе, Андрэй, скажу, — крануў ён бацьку за плячо, — усіх за стол.
Бацька маўчаў. Ірка вунь як хацела есці: на стале была вараная бульба — яе пасыпалі на абрус, — і сквярлося ў патэльні мяса, пахла на ўсю хату.