Ірка ніяк не магла даўмецца, пра што гаварылі: думала ўсё, чаму не прыйшлі сёння алені. І калі Язэп, панюхаўшы відэлец, сказаў: «Лясное лесам і пахне», — яна папыталася ціха, як сама ў сябе:
— Дзе ўзялі?
За сталом ніхто не крануўся, усе як застылі. Павярнулі толькі галовы.
— Дзе ўзялі? Не буду есці! Не зачаплю... — Яна ўскочыла, адсунула лаўку і выбегла з-за стала.
Маці дагнала яе ля печы:
— Паскудніца. Яна не будзе! Дзеля яе дзень і ноч стараюцца, дзеля яе на ўсё... дзеля яе... а яна... Ану, марш на печ! Я з табой пагавару, пачакай, хай чужы чалавек з хаты пойдзе. Вырасла... Капрызы... Не ўгадзілі ёй, не з таго боку падышлі, скажы ты... Я з табой, шчаня...
— Не трэба, маці... Крык тут лішні. Яна ж не ведае, што Язэп купіў нам бычка... За сена вытаргаваў. А яна чорт ведае што падумала. Расце нейкая далікатная. Тое ёй не так, гэта не гэтак. І-ірка! Доўга цябе будзем клікаць? Не зважай, Язэп, дзяўчо заўрагавала. Бывае...
Ірцы раптам стала нечага шкада; яна залезла на печ у куток і не стрымалася, заплакала.
— Кінь хныкаць нябітая!.. — крычала на яе з-за стала маці.
Пасля Ірка суцішылася і задумалася: «Чаму не прыйшлі алені?»
— Супакоілася. Заснула. Нічога, пасля павячэрае, не зважай надта, сусед, — чула яна, як упрошваў Язэпа бацька. Пасля яна пачула, як зашаптаў Язэп:
— А скуру ты, Андрэй, — пад лёд. Пад лёд яе, сам ведаеш, усё бывае. А я ў вёсцы буду прыслухоўвацца.
— Язэп, праз цябе, Язэп. І ты ведаеш, чым гэта пахне. Адзін бы я... ніколі ў свеце. Калі ж у хаце посніца. І то, каб не ты, ніколі б я не зачапіў. Першы і апошні...
— Ну, запеў. Хто іх лічыў пасля вайны? Бегаюць па лесе, і ўсё. А скуру... — Язэп зноў пачаў шаптаць.
Ірка засынала. Яна чула, але не ведала, пра што гавораць.
І назаўтра яе алені не прыйшлі. Не прыйшлі яны і праз дзень. Ірка больш не магла чакаць...
Балота прысыпана снегам, на снезе — жоўтая карыца ад сасны, яе прынесла сюды з бору ветрам; дробныя жоўтыя яловыя іголкі, зялёны, у клубочак, мох-паўзун — яго прыкаціла па шэрані. На куп'і снег стаіць ворахам: пад ім старая, сухая і пруткая балотная мятліца і хвошч — яны вытыркаюцца, і па іх цяжка ісці на лыжах. Спатыкаешся, не памагаюць і кійкі.
Баляць ногі: Ірка прыбегла са школы і, не распранаючыся, нават добра не пад'еўшы, схапіла ў сеначках лыжы. Як добра, што дома нікога не было. Бацька ў пушчы, маці, мусіць, пайшла ў вёску.
Ірка прабегла на лыжах усю пасеку, скалясіла зашыек у Бярэзаўцы, дзе крыніца, але нічога не знайшла. Учора ноччу валіў снег, пазамятаў усё на свеце, добра, што сёння хоць перастаў. Але ж зноў узяўся мароз: там, дзе заходзіць сонца, — чырвонае неба, і ўгары раз'ехаліся хмары. Яны цяжкія, густыя і цёмныя. І нізкія-нізкія, за сосны чапляюцца. Холадна ў пальцы: настыла дрэва. Ірка часта бярэ кійкі пад паху і тады бяжыць па снезе, хукаючы ў рукі. Заінелі вейкі, не чуваць шчок, — пякло, цяпер перастала; добра, што яна надзела бацькаву старую вушанку — хоць не холадна ў вушы.
Ірка часта спыняецца ля ракі, прыкладае да шчакі руку і крычыць на ўвесь лес:
— Цяля-я... Цяля-я... Цяляты мае, цяляты...
«Я-я-я...» — дражніцца з Паліка рэха, глухое, далёкае.
Ірка баіцца крычаць — яшчэ пачуе тата. Але ціха. Нехта ля вёскі стукае сякерай; каркае ля стажка на калку варона, цылькае дзяцел над галавой, стукае ў гнілую сасну, як у сухую шчапу. Вунь ён, варочае галавой з боку на бок і дзяўбе, як усё адно высякае паз. На Высокім Беразе гудзе трактар, калі адтуль зойдзе вецер, і зноў робіцца ціха.
— Цяля... Цяля-я... — Ірка ідзе ля ракі, яна пойдзе аж туды, дзе старыя чорныя вольхі, пад Ліпнікі; не страх, калі і сцямнее. Яна ведала, што алені ходзяць да вады, яна ўгледзіць іх. Яна ведае яшчэ, што ў запаведніку іх няма, казаў тата, не мог жа іх хто злавіць і заперці ў загародку. А можа, яны маразамі сышлі ў Аўгустоўскія лясы?
Лес сіні, як ад дыму, і ціхі, натапыраны. Малады сасняк пажаўцеў і, здаецца, сухі — загарыцца ад сярнічкі. У сасняку — старая бяроза з абламаным верхам, у грыбах-губах.
Адламаны, відаць, перуном, верх вісіць, звесіўшыся; на голлі папрысыхала жоўтае лісце.
На балоце паабапал сенажаці — бярэзнік. Белы, як аблеплены снегам. Далёка над ім — вострыя цёмныя вярхі елак — гэта ў Ліпніках. У бярэзніку растуць і малыя сасонкі, дробныя, прыземістыя, з вярхамі, як парасончыкі, — што кроп у агародзе.
Чым далей ад дому, меней гілёў са сваімі чырвонымі грудкамі, — не пырхаюць з куста на куст. Затое пад зялёным пад'ялеўцам, дзе сухая трава сівец, і ў лазовых кустах — сляды зайцаў. Зайцы гойсалі па балоце і згрызалі галоўкі сухой травы, з якіх на снег высыпалася насенне.