Выбрать главу

У чамадане яшчэ былі: крэйда — белая, зялёная, чорная; сухія скарынкі хлеба, «энзэ», якімі ён хрумсцеў ля грубкі на ўроках; патроны ад нямецкай вінтоўкі; паўлітровая бутэлька чорнага чарніла з фарбы; кавалак сала і яшчэ нешта ў маленькіх баначках. Казаў ён, што там пёры і кручкі ад вуды, але нам не паказваў.

Мы бачылі ўсё яго багацце, калі ён сам вытрасаў чамадан, дастаючы патроны, якія заўсёды ляжалі на дне.

Аддаўшы нам чамадан, ён даставаў з кішэні кажуха страшэйку. Страшэйка — пята ад гільзы з-пад гарматы-саракапяткі, адрэзаная так, каб яе толькі можна было ўзяць у руку. Капсуль з гільзы быў выбіты — у дзірку гладкім каменем альбо малатком заганяўся патрон ад нямецкай вінтоўкі. Гільзу тады трэба было браць у левую руку і настаўляць на капсуль патрона баёк. Баёк — стальны асяродак ад бранябойнага пэтээраўскага патрона, што ўстаўляўся ў раменьчык, які пасля прыціскаўся пальцамі да гільзы. Па такому байку трэба было добра ўдарыць тым жа каменем ці малатком.

Страшэйка біла моцна, як нямецкі карабін, нават куля з яе ляцела далёка, метраў на сто, і цюмкала. Парваную гільзу са страшэйкі трэба было доўга выбіваць «шомпалам» — кавалкам іржавага жалезнага шыла, якім стары Жардэцкі пры немцах калоў па вёсках свіней.

Выбівалі гільзы мы, нюхаючы дым. Ёмкі стрэл, ад якога шумела ў ельніку рэха, агонь, што вырываўся з гільзы, прыдавалі нам смеласці, а Пеця Жардэцкі бурчаў і лаяўся:

— Э-э-э, муха... Выдатнікі...

Страляць са страшэйкі было боязна, але вунь як хацелася, ды Пеця Жардэцкі даваў страляць толькі таму, хто яго баяўся і слухаўся. Мяне ж да сваёй страшэйкі ён не падпускаў і блізка:

— Смаркач, муха...

Я быў маладзейшы за Валю аж на тры гады, а ў нашай кампаніі — самы меншы. Можа, таму за мяне заступалася Валя. Учэпіцца за руку Пецю, нічога нават не скажа, і той выпускае мяне з лап.

— Шчасце маеш, што яна за цябе, абрымзонік, душу роніць. А так бы... Паглядзі, на каго ты падобны.

Я, худы, у рваных матчыных чаравіках, якія яна яшчэ купляла да вайны і берагла, у пашытых з абноскаў кажушку, выкачаны ў снезе і мокры, быў, і праўда, падобны невядома на каго. Але Валя дружыла са мною. Яна, мусіць, шкадавала мяне. Калі мне трэба было цягнуць Пецеў чамадан, яна сама брала яго ў мяне з рук і несла; яна падносіла і мае кніжкі, абівала ў мяне з плячэй снег, калі Пеця качаў нас у гурбах. Ён тады забіраў у яе з рук свой чамадан і аж рыкаў са злосці, як бычок:

— Пашкадавала... У мужыкі, мусіць, яго гадуеш... Скажу дома, хоць старая Барабаніха парадуецца... А ты, муха, з дарогі прэч! — і ён замахваўся на мяне, але не біў.

Валя ж маўчала. І так усю восень.

Прыйшла зіма. Адразу ўдарылі маразы і закруцілася мяцеліца. З усяго поля дзень і ноч дзёрла снег і пясок і несла ў вёску. Ад марозу трашчалі вуглы і лёд ля студні — вымярзала вада, у ельніку на дарозе з-пад снегу падымалася пара — там была крыніца.

Занесла лагчыны, не прайсці — правальваешся па пахі. Па твары, як сухім надзежнікам, хвастаў вецер, мерзлі шчокі і нос. Цяжка было хадзіць у Грыневічы, але нас не распускалі: мароз не даходзіў да дваццаці пяці градусаў.

Трэба было мясіць снег уцэла — пракладаць сцежку.

Пецю Жардэцкаму за зіму пашылі доўгі чырвоны кажух з вялікім чорным каўняром; на валёнкі Пеця надзяваў боты, раскошныя, бацькавы. Бацька яго сам вырабляў скуру, сам і шыў. Боты пахлі дзёгцем усю дарогу і ўвесь дзень у школе: Пеця іх сушыў, паставіўшы ля грубкі, а па класе гойсаў у валёнках. Чырвоны, з круглым тварам, з вялікім носам і тоўстай шыяй, ён ішоў у сёмы клас «да дзяўчат», аж пакуль яго не сталі вадзіць у настаўніцкую на педсаветы.

Хацелі састрыгчы яму польку — ён не даўся, затое пацішэў. Але рот у яго не закрываўся.

— Ну дык не збіраешся?.. — падступаўся ён да Валі. «Не збіраешся» — значыла ў яго «не збіраешся замуж». — Усё малішся. Гады недзе ўрвала. Пара. Ты, мусіць, мая равесніца, факт.

Валя раз не сцярпела. Дала яму па твары і плакала ўвесь урок. Яе ніхто тады не мог суцешыць: у яе разбалелася галава. Валя адпрасілася дадому.

У той вечар мяцеліца зусім ашалела. Ад снегу не было відаць ні дарогі, ні ельніку. На горку ад Грыневіч мы падымаліся, пабраўшыся за рукі.