Яшчэ ён чуў, як нешта лопае ў галаве, як адубелі ногі, — іх не скранеш, не варухнеш пальцамі. Ён тады адно толькі і зрабіў, што павёў вачамі — рэзала, як бы малаціў у таку цэлыя суткі ячмень і ў іх набілася дробнага-дробнага, пасечанага, асця, якое можна дастаць толькі языком. У нагах убачыў, як з'ехала да брыжа і звісае аж на падлогу некалі чырвоная ў жоўтыя кветкі, тканая ў два ніты са зрэбнага рыззя пасцілка, што прыкрывала салому. Пасцілка выліняла, але і цяпер яшчэ калючая, уся ў кастрыцы, — адчуваеш босымі нагамі. Ён убачыў і брыж ложка з белых негабляваных яловых дошак. У ложку былі клапы, і Юлька іх выганяла лучынай з агнём, — на дошках чарнелі палосы, нібы хто сцёбаў па іх анучай, якой бяруць з прыпечка гаршчок з бульбай.
Ён здагадаўся, што прачнуўся, што яго разбудзілі, калі ён, мусіць, сніў сон. За сцяной недзе крычалі і дугалі па зямлі нагамі: дуг, дуг, дуг...
«Каторы раз вачэй не даюць звесці, — падумаў ён. — Паназбіраецца баб з усёй вёскі... Панаводзяць з сабой пісклят...»
Ён сеў, звесіў ногі з нізкага ложка аж на падлогу, — яна тут, у парозе, была халодная, як сырая зямля, — і падпёр рукамі падбародак. Сядзеў доўга, аж пакуль ад вострых худых локцяў не забалелі калені. Тады стаў пагойдвацца, мусіць, каб адышла балючая паясніца, паволі-паволі. Пад ім зашастала збітая на ўмецце салома і зарыпелі дошкі ў брыжы, што ад сцяны. І яму зноў здалося, што над галавой шуміць лес, сасняк, праз які яму, Піліпёнку, заўсёды трэба ганяць леспрамгасаўскіх коней з участка, дзе былі дзве новыя канюшні, да вады на Плавы. Зімой і летам. Другі ўжо год пасля вайны ў іх, у Лесніках, быў леспрамгас. Дзень і ноч ён, Піліпёнак, шлэпаў за коньмі да самай ракі, — за тымі, якіх позна выпрагалі возчыкі, і трухаў конна за жарабятамі, якія пёрліся куды глядзелі вочы. Зімой пад нагамі ў коней хрумсцеў снег, летам звінела аб падковы каменне, і толькі лес заўсёды на адны лады шумеў над галавой: манатонна, густа і нудна. Да яго цяжка было прывыкнуць, ад яго заўсёды ішоў па спіне шорах і балела доўга галава. Тады Піліпёнак стараўся хоць што гаварыць: калі не да коней, дык сам да сябе, каб толькі не маўчаць. Так у Лесніках сталі шаптаць, што ён вар'яцее, і, сустрэўшыся з ім, кожны спыняўся і доўга глядзеў услед. Гаварылі, што Піліпёнак не любіць людзей, бо ён не ішоў ні да каго ў вёску. Жыў на ўчастку ў кладоўцы, дзе скідвалі, а зімой сушылі хамуты і ўсякую леспрамгасаўскую вупраж, і рэдка паказваўся ў Лесніках. Аднаго яго нідзе ніхто не бачыў — толькі з коньмі.
Не хадзіў Піліпёнак і ў кантору на ўчастак, што была недалёка ад канюшні, — за лазняй, дзе сушылі бярозавыя чуркі для леспрамгасаўскіх машын — «чугрэяў». Не браў у касіра, які прыязджаў заўсёды на легкавой машыне на ўчастак, зарплаты. Хадзіў толькі ў магазін, які быў у канторы з прыходу ля дзвярэй, і браў у васпаваценькага магазіншчыка Федзі, на якога ніколі не падымаў вачэй, бохан хлеба і кіло цукерак-падушачак. Ніколі не плаціў грошай і прыходзіў да Федзі, відаць, тады, калі не было чаго есці. Затое за ягоную зарплату ў касіра ў ведамасці заўсёды распісваўся Федзя. Казалі, што ён абдурваў Піліпёнка (адным хлебам зарплаты ніколі не выбераш!), казалі і другое, што вось добры чалавек знайшоўся: дарма корміць людзей і што на яго месцы так зрабіў бы кожны. Ды з рабочага па якому граму і схітрыць можна — рабочыя народ добры.
Ніколі б не пайшоў Піліпёнак у вёску, калі б не захварэў. Бальніцы блізка не было, у раён ехаць ён не даўся, не ўгаварылі, хоць прыслалі па яго з лесу з дзялянкі нават легкавушку, на якой касір прывозіў зарплату. Але ж хто яго, старога і хворага Піліпёнка, стане даглядаць у той кладоўцы? І яго адвезлі на той жа легкавушцы ў хату да Юлькі, якая жыла ў Лесніках ля самага лесу і хадзіла мыць падлогу і паліць зімою грубкі ў канторы. Цэлы месяц праляжаў Піліпёнак у Юлькі ў запечку, пакуль зноў не вярнуўся да коней. А вярнуўшыся, пацягнуўся ў сушылку і ў магазін да Федзі. Перастаў гаварыць сам з сабой, прыходзіў адзін раз у вёску да Юлькі і сядзеў у яе на двары пад варывенькай, гледзячы за раку на выган, дзе пасвіліся коні. Юлька яго ніколі не праганяла, чулі нават, як яна казала яму, што ён можа жыць у яе ў першым пакоі (там жа ніхто не начуе), але ён не ішоў. Толькі часам — з суботы на нядзелю, калі за яго на начлег ездзіў напарнік, Піліпёнак мыўся тады самы апошні ў лазні — сушылцы для чурак, — якую сам паліў і ў якой грэў каменнем у бочках з-пад селядцоў ваду. Першым мыўся начальнік участка, які любіў хвастацца, не баяўся чаду і якому трэба было ехаць дадому аж за пяць вёрст; потым — мужчыны-рабочыя, што заставаліся на ўчастку, пасля Юлька з бухгалтаркай з канторы, і, калі была цёплая вада, мыўся і Піліпёнак. Пасля лазні апранаў новую фуфайку, якую яму выдаў Федзя вясной з магазіна, і ішоў у вёску. Ішоў начаваць перад нядзеляй у хату да Юлькі, на той ложак, які стаяў ля самага парога ў запечку і на якім гэтулькі праляжаў ён «пасля прастуды».