...Яму хацелася спаць. Учора ўсю ноч калясіў па балоце на Плавах, выбіўся аж на луг пад пушчу, пабываў ля крыніцы, а нідзе не было і звання таго жарэбчыка, перазімка. Ён быў ад сівой маленькай кабылы-сібірачкі, такі ж малы і шалёны — скура на ім гарэла.
Толькі пад самую раніцу, калі на Плавах закурэўся туман і лагі сталі белыя, як ад снегу, жарэбчык заіржаў у Земфондзе на пасецы: залез у грэчку.
«Лезе пад ваўкоў... Зарэжуць — не адробіш да смерці».
Пад раніцу, калі Піліпёнак заняў і пагнаў жарэбчыка да коней, усхадзіўся вецер; сыры і востры, ён працінаў да касцей. Было холадна ў ногі, і зябла спіна. Тады, раніцай, пад ветрам зашумеў лес. Зноў — густа і нудна, і зноў па спіне пайшоў шорах, як і раней, пачалі бегаць мурашкі. Ён адчуў, што яго водзіць галава.
«Воўк іх рэж, гэтых коней...»
Так ён і сказаў сёння раніцай начальніку ўчастка, чулі ўсе возчыкі, — запрагаліся ехаць на тралёўку.
Начальнік маўчаў, заняты быў, ці што? І Піліпёнак, не падымаючы на яго вачэй, зноў сказаў: «Воўк іх рэж!» — і пайшоў на дарогу, што вяла ад канюшні да Леснікоў.
Ён пагойдваўся на ложку — пад ім шамацела старая салома — і думаў, што, калі ён ішоў сёння да Юлькі, здавалася, не было і ветру, а так шумеў лес... А можа, і тады, калі ён зганяў з грэчкі жарэбчыка, не было ветру?.. Мо стала холадна ад таго, што вымак, поўзаючы па кустах?
На дварэ быў дзень і свяціла сонца. На падлозе ля парога блішчэла жоўтая вышчарбленая квадратная паласа — ад акна, якое рогам закрывала старая Юльчына шырокая шафа. Яму, калі ён, расплюшчыўшы вочы, утаропіўся ў падлогу, здалося спачатку, што там валяецца далікатная новая жоўтая хустка з загнутым ражком. І яму тады захацелася падняць яе з-пад ног («Такое дабро топчуць»). Ён выпрастаўся, з-пад падбародка ў яго выкаўзнуліся рукі і, матлянуўшыся, апусціліся на калені. Недзе ў парозе на судніку, дзе была пасуда, бразнула і зазвінела нешта шкляное.
Падняўшы рукі, ён доўга цёр пальцамі вочы, аж пакуль яны не сталі балець. Яму здалося яшчэ, нібыта трапіў у цёмную, як ноч увосень на начлезе, хату, дзе па сценах ходзяць жоўтыя кругі. Жоўтыя і чырвоныя, як полымя ноччу ад агню з печы, ліжуць сцены. Ён адчуў, што і пальцы ў яго шорсткія-шорсткія, як старая яловая карына... Перад вачыма ў яго ўсё яшчэ вісела шэрае, што туман, павуцінне. Ён выпрастаў тады пальцы і правёў далонямі па твары. Падумаў, што не помніць, калі бачыў сябе ў люстэрку. Можа, перад самай вайной. Але ўспомніў, што і тады ў яго быў лоб увесь у складках і на шчоках пажаўцела скура. Пачалі расці дробныя сівыя валасы каля самых вачэй, хаваючы маршчыны. Цяпер яму здалося, што твар яго шорсткі, цвёрды і халодны, як камень, і яму стала на нейкую хвіліну шкада чагосьці далёкага-далёкага і зрабілася ўсяму горача. Успомнілася чамусьці самае высокае месца ў бары за Леснікамі, дзе людзі капалі жоўты пясок і ямы; белае каменне — валуны, і сырая-сырая зямля... Ён нават пачуў, як яна пахне... Гэта самае першае, што ён, мусіць, пачаў помніць малы, бо прападаў на выспе дзень і ноч... Яму здалося цяпер, што ён зусім дзіця, як і Колечка, яго ўнук. Тады адразу падумаў, што трэба было падстрыгчы бараду хоць бы ножніцамі, калі не пагаліць. Схадзіць бы да Федзі, у яго ёсць яшчэ даваенная машынка, і ён перад лазняй заўсёды стрыжэ леспрамгасаўцаў, за што яны скідваюцца па рублю і п'юць з ім самагонку. Леспрамгасаўцы-возчыкі любяць піць. Але ж дзе ты таго Федзю ўпросіш: ён ад цямна да цямна ў магазіне. Калі няма возчыкаў ці баб з Леснікоў ля прылаўка, ён, замкнуўшыся ў кладоўцы, грукае нечым там увесь дзень. Каб толькі падпільнаваць Федзю, калі будзе лазня. Але ж цяпер лета, начальнік участка даўно не мыўся, відаць, купаецца ў Віліі, калі ездзіць да возчыкаў. То хіба і яму, Піліпёнку, лезці ў раку на старасці? Не, у ваду ён не палезе, ён вунь як баіцца змачыць на начлезе на Плавах ногі. Толькі ж каб узяў ды напаліў для сябе аднаго лазню. Чурак там цяпер процьма. Але ж так на ўчастку ніхто яшчэ не рабіў.
Зноў пачалі дугаць нагамі, бегаючы на дварэ вакол хаты: дуг, дуг, дуг. Скрыпелі вароты, што былі ў гародчыку, — відаць, на іх каталіся, насеўшы, дзеці.
Калі ён стаў на ногі, у яго зашумела і залопала ў галаве, падперла ззаду шыю — не выпрастаеш. Тады ён падумаў, што віною ўсяму дзеці.
«Так грукаць... Піскляты. Галаву адбіць можна... Хату абярнуць можна...»
Ён падаўся да парога, цярэбячы рукою худыя грудзі. Ішоў памалу, думаючы, што пачынае балець галава і вунь як цягне на сон. І не сціхае шум, як бы вісіць зашыты ў мяшку там, пад столлю, дзе шасток з цыбуляй. Ён гэтыя два гады не любіў так свой чорны з магазіна хлеб і чырвоныя «падушачкі», як сон. У сне ён бачыў выспу, парытыя ў сырым пяску ямы і малога сябе. У сне над ім ніколі не шумеў лес, не было коней і не было так нудна. Не балела сярэдзіна і не трэсліся рукі. У сне ён бачыў Колечку...