З-пад дзягі ў яго выехала чорная, колькі ўжо разоў не мытая картовая кашуля, напялася, як накінутая на абруч, і калі ён, ідучы, махаў рукою, чуў, што яна здубела, як мокрае на марозе. У сенцах ён доўга не мог знайсці клямкі, а знайшоўшы, доўга не мог адчыніць дзвярэй, пакуль не здагадаўся, што яны, мусіць, аселі. Падняўшы іх і адкінуўшы да сцяны, ён выйшаў на падворак і ўбачыў, што, мусіць, сваім грукам спалохаў і прагнаў ад ганка белых Юльчыных курэй, і яны адскочылі аж пад асвер, дзе ляжала пасцілкі са дзве растрэсенага сена. Успомніў, што Юлька загадала раніцай дзецям «ганяць з панадворку куры». Прыхінуўшыся да сцяны, ён заўважыў, што падгніло з двара ў старой Юльчынай хаце бярвенне і што між пазоў вісіць сухі мох чортведама якой даўнасці; падумаў, што Юльцы вунь як трэба перасыпаць хату і што ёй цяжка нанасіць на плячах травы карове на ўсю зіму, хоць Юлька і маладая — па гадах яго дачка. І памагчы ёй няма каму: жыве з малой. Знайшоўся, калі былі партызаны, Юльцы муж, але пасля вайны пра яго ні слуху ні духу, відаць, кінуў бабу, бо казалі, што бачылі яго аднаго разу на рынку.
На дварэ ярка свяціла сонца — біла ў вочы, — і ён, засланяючыся далонню, падаўся да частаколу; у цяні, дзе сцяна, не было за што трымацца. Між частаколу з гародчыка на двор лез агрэст і калоўся ў пальцы; ён адрываў тады рукі ад частаколін і цёр пальцамі аб злубянелую кашулю.
Пакуль дадыбаў да варотцаў у гародчык, задыхаўся, — сэрца трапяталася, як у птушкі, ад поту змоклі і лоб і бровы. Ён прыхінуўся да старога дубовага вушака, на якім віселі варотцы, і доўга яшчэ не мог угледзець, што ж робіцца ў гародчыку: з-за маладога дубка, што рос ад вуліцы, па вачах сцябала калючае сонца, як хто махрамі ручніка.
Ён тады апусціў вочы долкі.
Убачыў, што з прыходу ад варотцаў было чыста падмецена і пасыпана жоўтым пяском. Пяском былі спырсканы і камлі дуба, і маладой яшчэ грушы-дзічкі. На пяску валялася прытаптанае абабітае зялёнае лісце ад бэзу і чаромхі. Тут жа, пад самымі варотцамі, стаяў жоўты ржавы магазын ад старога, даваеннага яшчэ ліхтара, з якім у Лесніках хадзілі ўночы на ферме вартаўнікі; валяліся парожнія бутэлечкі з-пад адэкалону, карабкі ад запалак, на шчарбатым сподачку ляжалі пакрышаныя грушы-дзічкі. Воддаль, пад прызбай, ляжаў чырвоны круглы камень ад старых Юльчыных жорнаў, якія яна купіла ў вайну і ў якія насілі да яе мліва з усіх Леснікоў. На камені сядзела Юльчына Лінка (ён заўважыў яе толькі тады, калі падняў галаву), плячыма да яго. Схіліўшы калматую белую галоўку на плячо і закінуўшы нагу на нагу, яна дзвюма рукамі расцягвала вялікі гармонік, зроблены з цэлай газеціны, перабірала на далонях пальчыкамі і лапатала на чым свет стаіць:
Ён доўга лыпаў вачыма, пасля, падняўшы рукі, пачаў церці вочы пальцамі, як і тады ў хаце. Праклятая шэрая павуціна вісела і тут, недзе перад самым носам, і ён ніяк не мог яе змахнуць.
Ён цяпер нічога не бачыў, чуў толькі, што дугаюць і дугаюць нагамі.
«Піскляты...» — падумаў ён і, яшчэ не ведаючы, што стане рабіць, падаўся адшчапіць кручок ад варотцаў у гародчык.
Яго, мусіць, яшчэ ніхто не згледзеў: у гародчыку былі заняты сваім.
Юльчына Лінка расцягвала на ўсе рукі папяровы гармонік, а ля самай прызбы (ён толькі цяпер убачыў іх) на ўбітай дарожцы пад старым разгатым бэзам круціліся ў парах дзяўчаткі. Дзве пары — чатыры дзяўчынкі. Адну з іх, самую меншую, ён не пазнаў, трое ж былі дочкі Юльчынай суседкі Шульгі, якая рабіла на ўчастку дарожніцай і не мела мужа. Іх пазнаў ён адразу: яны былі як блізняты, усе чорнагаловыя з бліскучымі чорнымі вачыма і ў аднолькавых сукеначках з карычневага пакамечанага і палінялага корту. У валасы яны пазапляталі белыя стужкі, відаць, падраўшы на палосы паркалёвую хустку, акрамэскі ад якой віселі на частаколе. Босыя ногі іх былі чыста вымыты, і да іх паналіпала жоўтага пяску. Ашчапіўшы адна адну за плечы, яны круціліся і тупалі па ўбітай сцежцы нагамі: дуг, дуг, дуг...
«Танцы...» — чамусьці першае падумалася яму; пасля ён падумаў, што яны зусім яшчэ малыя. Юльчына Лінка то хоць хадзіла ўжо ў школу, зіму ці дзве, ён добра не помніць... А Шульга... Адной трэба было ўжо, відаць, і пайсці, але маці летась яшчэ не пусціла: не было з кім пакінуць меншых. Ён доўга думаў, што яны ж яшчэ зусім малыя і што ім за гэтыя танцы трэба было ўсыпаць дзягі. Пасля яму неяк стукнула ў галаву, што ў іх усё гэтак жа, як і ў Лесніках на вечарынках. Ён, Піліпёнак, помніць, як колькі тут дзён назад, калі прыязджалі ў вёску салдаты на машыне вазіць снапы, справілі на ферме вечарынку. На дварэ, на дзядзінцы. Тады гэтак жа, як цяпер Юльчына Лінка, сядзеў ля плота на камені маладзенькі салдат і расцягваў белы гармонік, тады гэтак жа, як цяпер дзеці, танцавалі з салдатамі на дзядзінцы леснікоўскія дзяўчаты...