Янук зноў затупаў ля воза, пасля павярнуўся і ўтаропіўся на яе. Вочы яго, блакітныя, што ў дзіцяці, глыбока запалі, сталі вільготныя і глядзелі балюча-балюча... Ён паднёс руку да грудзей і схаваў даланёй чорныя гузікі ў кашулі. Здавалася, што яго раптам моцна ўкалолі. Хацеў нешта сказаць і не мог — дрыжала толькі ніжняя вусна, — тады нагнуўся над калясьмі:
— Ёска... Тваю маць...
Ён пагладзіў Алёшу сваёй доўгай рукой па галаве — рука яго зусім не слухала, — тады замычаў. Наста ніколі не чула, каб Янук так мычаў: як жывёла, якой нешта баліць. Янук пачаў кратаць Алёшу за плечы. Пасля ўзяў пад грудзі, хочучы, мусіць, падняць на рукі...
— Ёска... Ёска... Тваю маць...
Алёша выслізнуў у яго з рук і ўпаў на мяхі...
— Гэ-э-эй!.. Чаго астаўбуніліся? — клікаў знізу ад логу Боганчык. — Паганяйце... Здурнелі, ці што? Чаго спёрліся?..
Наста ўбачыла, што Боганчык звярнуў свайго жарабка з дарогі. Крычыць, не злазячы з воза. Далёка ўжо наперадзе, ля самага логу. Відаць, паганяў свайго шкадаванага, не глядзеў, калі пачалі страляць.
— Ёска... Ёска... — мычаў ля калёс Янук...
— Іван!.. Сюды!.. Мужчыны!.. Хлапца забіла... — Наста адвярнулася ад калёс і памахала пярэднім рукой. Пасля адышлася на дарогу, наперад каню, і стала махаць хусткай, зняўшы з шыі і сціснуўшы яе ў кулаку. Калі раптам на ўвесь голас замычаў ззаду ля воза Янук, яна адвярнулася, і яе ўсю аж страсанула... На калёсах, падкорчыўшы пад сябе ногі, сядзеў Алёша і цёр кулакамі вочы... Яго стрыжаная галава блішчала ад поту і была чырвоная, што рак.
— Спаў... Задаўлю!..
Наста падбегла да воза і схапіла сухі лазовы дубец, якім Алёша паганяў каня. Дубец быў зламаны, адваліўся ля самай рукі: яго, мусіць, зламаў, хаваючы пад сябе, Алёша.
— Шчаня!.. Каб збіў, збіў на порхаўку. Гэта ж падумаць, — яна махала хусткай, змятаючы з мяхоў пыл.
Алёша, мусіць, успомніўшы, дзе ён, схапіўся дзвюма рукамі за лейцы. Конь яго застагнаў і таргануў хамут: яму цяжка было скрануць з месца воз.
...За Алёшавымі калясьмі пайшоў, асцярожна ступаючы па каменні, стары Янук. Атрасаў з падала кашулі пясок і паказваў дзясны — усміхаўся.
Буланчык сам не крануўся за падводай, і Наста вярнулася да свайго воза.
— Гэта ж падумаць-падумаць... Так заснуць... Сэрца хацела парвацца... — яна падняла лейцы з дарогі. Буланчык наравіўся, і яго трэба было паганяць. — Гэта ж падумаць... — яна тузала за лейцы, спаганяючы злосць, тады пачула, што дрыжаць ногі. Спыніла каня і палезла на мяхі.
«Шчаня... — падумала яна зноў пра Алёшу. — Нацягаўся і спаў як забіты: закалыхала на грэблі. Не звёў вачэй і ён усю ноч са старымі разам. Малыя цяпер што старыя...»
Наста пачула, што і сама як спіць: галава цяжкая, хоць ты яе падпірай, і ўваччу некуды едзе ўніз і поле з ячменем і дарога... Яна тады выпрасталася на мяхах і ўхапілася рукамі за ляжэйку.
— Наста! Настуля!.. — клікаў Боганчык з логу. Было відаць, як ён адышоўся ад воза. — Паганяй... Таню параніла...
Наста саскочыла з калёс.
Наперадзе на дарозе стаялі ўсе падводы.
3
Таня ўжо аж на грэблі апомнілася, што не зачыніла ў хаце дзвярэй. І ў хаце і ў сеначках. У сеначках яны бразнулі аб сцяну — і прыстылі: кожны раз завальваліся за вушак; а ў хаце як раз'ехаліся, калі Таня піхнула іх, бегучы з двара, так недзе і стаяць. Чорныя, старыя, на дзве палавіны. Адна палавіна адчыняецца аж да новай лавы ля стала, якую зрабілі партызаны, — зімой летась доўга стаялі, іх было многа, і ім не хапала месца сядзець, — другая, калі яе адхінуць, закрывае ў парозе суднік з міскамі. Дзверы ў хаце цяжкія, Таня іх стала адчыняць сама ўжо, як падрасла.
Маці недзе ляжыць у запечку на ложку пад кажухом. Пад галавой у яе дзве падушкі, каб было вышэй. Яе трасе, а дзверы насцеж. І з вуліцы ўсё недзе відаць...
«Так забыцца... Як малая ўсё роўна. Хоць бы маці накрычала... Дык ляжыць і плача...»
Таня пачынае злаваць і тады тузае за лейцы кабылу. Але ўспамінае пасля, як у маці дрыжаць плечы, калі яна плача, і ёй шкода яе — аж сціскаецца нешта ў грудзях. Маці яшчэ ўчора раніцай была зусім нядужая і не хацела ехаць з вёскі ў Карчаваткі, гнала яе, Таню, адну. Разбудзіла додніцай — толькі яшчэ віднелася. Падышла да парога: там было свяжэй, расхінула дзверы і стаяла, прываліўшыся да вушака.
— Уставай, дачка, не ляніся... — гаварыла яна, нямогучы. — Карову прагані. Янук трубіць. Не магу на нагах стаяць ані. Галава вядзе. Кроў з рота пайшла. Мне ўжо лягчэй, не бойся... Уставай, дачка, чапурыся. І слухай, што Панкі робяць. Пойдзеш з усімі, я адна дома астануся... Дыхаць не дае ніяк. Колькі сталі ў плячах...