Выбрать главу

Ён толькі цяпер убачыў, што ў Лінкі на галаве была пілотка з газеты, маленькая, трымалася на самай макаўцы, як прылепленая.

Дзяўчынкі дугалі нагамі, выгіналіся, прысядалі, «факстроцілі», крычалі «злева» і перабягалі адна да другой.

«Малыя — што старыя...» — ён уздыхнуў, цяжка, на ўсе грудзі, сам не ведаючы чаму. Пасля абапёрся на дубовы вушак; зашумела ў галаве — недзе ззаду, у патыліцы. Падперла нечым шыю, не крануць было галавы. Стала цяжка дыхаць. У гародчыку закружыліся карычневыя матылькі. Ён падумаў, што з ім такога яшчэ не было, што ён можа зваліцца з ног, — хацеў закрычаць, але сціснула горла... Ён ухапіўся абедзвюма рукамі за частаколіну і сціскаў яе з усёй сілы... Пачуў пасля, што баляць пазногці, як бы хто совае пад іх чым вострым.

Ён яшчэ не ўпаў.

У яго перад вачыма кружыліся карычневыя матылькі, раслі, рабіліся вялікімі матылямі, махалі крыллем, перагіналіся і ўзляталі ў неба. Здалося, што ў вёсцы з хат пазрывалі стрэхі, падкінула ўгару і яны вісяць там, вісяць і кружацца; здалося, перагнулася вуліца, і ён тады ўбачыў далёка-далёка, недзе на краі свету, другі канец вёскі і свой пусты агарод пад раку, на якім ад пажарышча засталося толькі белае каменне... Белае як снег; блішчыць на сонцы. Пасля другі канец вёскі падняўся высока-высока, туды, дзе лёталі карычневыя стрэхі ад хат, і сюды, пад лес, на ферму, пакацілася вуліцай белае каменне. Белае, як снег... Ён нават чуў, як яно грукае, коцячыся: дуг, дуг, дуг, лясь, лясь, лясь...

Толькі б не зваліцца з ног — яно прыдушыць, засыпле. Але яно не кранула яго; яно падкацілася да ног і застыла... Каменне... Яго каменне, з яго хацішча, дзе ён некалі жыў — даўно... Сто гадоў назад... Дзе ў яго быў бацька, маці, дзе ў яго быў сын і ўнук Колечка... Дзе праз акно з хаты была відаць рака — доўгая-доўгая і белая. Белая, што каменне ля ног. Якое яно халоднае! Як лёд... Ведама, воблакі з неба, гэта ж вунь аж куды паднялася вуліца ў тым канцы... Ён гладзіў яго рукамі, — яно было халоднае і шорсткае, і, калі доўга гладзіў яго, балелі пазногці...

Тады яму раптам здалося, што ён маленькі-маленькі пабег у поле ў Земфонд за авечкамі. На выспе гарыць агонь, ля агню яго бацька — стары, няголены, у заношанай картовай кашулі. Восень, мароз сцяў зямлю, на полі груда, белая груда, а па ёй разбрыліся авечкі. Пасвяцца па зялёнай руні... А рунь зялёная і ў белым інеі. Цёпла ля агню, і хочацца капаць зямлю, — выкідаць наверх, на самую выспу, жоўты пясок. Але мароз сцяў зямлю ў камень, і ад таго баляць пазногці, калі доўга грабеш пясок...

Пасля ён неяк падумаў, што гэта не ён, малы, быў з бацькам на полі, а Колечка, з ім жа, дзедам. І гэта не ён, а Колечка так любіў корпацца на выспе ў жоўтым пяску...

Раптам ён адчуў, што яму холадна, і ўспомніў, як у Земфондзе, не на выспе, а бліжэй да вёскі, дзе былі бульбяныя ямы, пасля апошняй блакады ў партызанскім акопе знайшоў кажух. Кароткі кажух, да калень, заплесніўся быў ужо, але з добрых аўчын і цёплы. У яго ён хутаўся ўжо дзве зімы, калі начаваў у канюшні ля коней у праварыне ці склеў у сушылцы.

Ён добра помніць, што тады, пасля блакады, калі ў вёсцы нікога не было і калі летам стаяла такая цішыня, што шумела ў вушах, хадзіў адзін па вогнішчах і партызанскіх акопах, чакаючы, што з Паліка вернуцца людзі, сын Міша і Колечка... Колечка ўжо быў тады, калі з Леснікоў уцякалі на Палік, такі, як цяпер дзеці Шульгі... І ў яго за плячыма была маленькая белая торбачка... З сухарамі. Торбачкі многа ў каго былі за плячыма... У маленькага Колечкі торбачка... Усё адно як да авечак у поле выпраўлялі...

З Паліка не вярнуліся ні Міша, ні нявестка, ні Колечка. Ён іх перастаў чакаць... Ён пасля неўзлюбіў белыя торбачкі, не мог на іх глядзець, калі ў іх насыпалі аўса і давалі коням леспрамгасаўскія возчыкі. Тады ў яго пачынала шумець у галаве.

Калі ён успомніў пра коней, успомнілася чамусьці, што недзе на свеце — ён забыў, што гэта ля яго ў гародчыку, — ёсць танцы. Носяцца ў крузе карычневыя матылькі-людзі, носіцца ён сам, яго сын Міша з нявесткай і Колечка...

Колечка... Ён добра помніць яго твар — белы-белы і белую галоўку. Белыя рукі... Не, Колечка не быў белы. Але чаму ён у памяці белы-белы?