Тады Колечка стаў карычневы, як дзеці Шульгі, і закружыўся ў танцы. Маленькі-маленькі і раптам вялікі, як Міша, а тады зноў маленькі. Яго падхапіла пад пашкі тая маленькая дзяўчынка, якой не ведаў ён, Піліпёнак, якая, мусіць, была дачкой Юльчынай сястры, — прыехала з горада і давай дугаць нагамі: дуг, дуг, дуг. Пасля адбеглася ад яго некуды далёка-далёка на вуліцу, аж у той канец вёскі, і закрычала:
— А я балетніца!.. А я балетніца!.. — і пусцілася адтуль у скокі на адной назе, стоячы на белым камені.
Камень каціўся проста на Колечку...
— Колечка!.. Ко-леч-ка!.. Тваю маць!..
Яму стала шкада Колечкі, яму здалося, што на Колечку коціцца з таго канца вёскі, дзе былі могілкі, смерць.
— А я балетніца!.. А я балетніца!.. — на камені была Юлька, уся ў белым, пасля — ягоная, Піліпёнкава, бабка, якой ён зусім ужо не помніць, пасля — маці. Ён хацеў крыкнуць: мама! Яму так захацелася крыкнуць «мама!». Ён даўно-даўно такога не крычаў, — сто гадоў. Але на камені быў ужо нехта чужы, пасля сталі скакаць адна за адной бабы з усіх Леснікоў.
— А я балетніца!.. А я балетніца!.. А-ля-ля!.. — каціўся і каціўся белы камень, проста на Колечку. Над каменем круціліся стрэхі, пазрываныя з хат.
Колечка стаяў адзін, ужо не ў гародчыку, а за Леснікамі на выспе, і ў яго на плячах была белая торбачка. Стаяў там, адкуль кожны дзень два гады чакаў яго Піліпёнак, чакаў, што ён будзе ісці і весці за руку Мішу...
— Колечка!.. Сынок!.. — ён закрычаў і выцягнуў уперад рукі, і тады адразу знік белы камень, тады памчаўся, запрэжаны ў калёсы, белы конь. Леспрамгасаўскі Баян, шалёны, раз'ятраны, на якім ездзіў начальнік участка. Памчаўся проста на выспу, на Колечку. На сонцы блішчэлі, як агонь, белыя колы ў калёсах.
— Колечка!.. — выцягнуўшы рукі, ён кінуўся пад калёсы.
Выпусціўшы частаколіну, Піліпёнак падаў на каменне пад прызбай.
«Янук!.. Янук!..»
Яго клікала Юлька, а яму здавалася, што ён бег з вёскі, бег, як толькі мог, на выспу, на ўчастак, дзе былі яго коні, яго сушылка, у якой зімой цёпла і ціха трашчаць у печы дровы, — і гэта Юлька хоча вярнуць яго.
«Янук!.. Янук!..» Здавалася, над полем вечар і крычыць, плачучы, груган, здавалася, за ім, Януком, бегла ўся вёска, бег Федзя і начальнік участка. Яны смяяліся, што стары Янук звар'яцеў па Колечку... Яны лавілі яго ў лейцы, як ён, Янук, часта лавіў са сваім напарнікам на Плавах начальнікавага Баяна. Яны крычалі яшчэ, што не дадуць больш яму глядзець коней, што ён здурнеў, што яго не пусцяць на ўчастак, не пусцяць начаваць у сушылку... А ён быў рады, што бяжыць з вёскі, ён ім крычаў, што ён ніякі не вар'ят, што Колечка яго жывы. І што яго, Янука, ніхто не можа прагнаць ад коней, бо ў яго ж нікога, нікога няма, толькі коні, і што яго не прагоняць з сушылкі, бо дзе ён тады будзе жыць. Да Юлькі ў вёску ён ніколі ўжо не вернецца, бо там ёсць дзеці, бо дзеці спраўляюць танцы, а з імі няма Колечкі.
Яны яго ніколі б не дагналі, каб не дождж. Дождж урэзаў ужо ля самага лесу...
Калі ён расплюшчыў вочы, убачыў над сабой Юльчыну ў чырвоныя клеткі хустку, пасля — яе вялікія-вялікія вочы. Калі яна адхінулася, ён убачыў неба, высокае-высокае, з белымі маленькімі воблачкамі, як насенне малачаю. Там, недзе ўгары, было сонца. Яшчэ ён убачыў над загуменнем цяжкія белыя хмары. Яны паўзлі на вёску. Пад імі над галавой дрыжала груша-дзічка, на малым дубе былі зялёныя жалуды, на адцвілай дзікай грушы завязаліся зялёныя збаночкі. На частаколіне ля яго віселі дзіцячыя хустачкі.
Ён крануў рукою, каб за што зачапіцца і ўстаць, — намацаў ля сябе паперыну. Убачыў пасля, што гэта пакамечаны гармонік з газеты.
Калі яму памагла падняцца Юлька і ён сеў, — угледзеў ля сваіх ног перавернуты дагары магазын ад ліхтара; пад ім ляжала, прыціснутая, папяровая пілотка.
На двары было ціха і пуста, па сене ля студні хадзілі куры, у куточку, між частаколам і хатай, збіліся ў кучу дзеці і пазіралі на яго, як спалоханыя птушаняты. Ён убачыў, што ў іх чорныя, у гразі і ў крыві, паабдзіраныя ногі.
«Бегалі па Юльку на поле, дзе жнуць», — падумалася яму.
Ідучы па двары і абапіраючыся на частакол, ён бачыў, як за ім ідуць ззаду дзеці і маўчаць.
Ля ганка яго падхапіла пад руку Юлька, і ён змог яшчэ азірнуцца назад. Варотцы ў гародчык былі расчынены, а там, дзе ён ляжаў, скакала на адной ножцы незнаёмая дзяўчынка. У руках у яе быў пакамечаны папяровы гармонік.
І тады ён успомніў усё, што здарылася, і ўжо на парозе заплакаў на ўсе грудзі — сіпата і хрыпла.
Дзеці прыйшлі за ім аж у хату і пасталі ў парозе, ззаду за Юлькай.