Калі ў яго зноў залопала ў галаве, ён, не чакаючы, памалу апусціўся на ложак, на разгоеную старую салому.
Над ім зноў шумеў лес.
1963
«Эфка»
1
«Эфку» знайшоў Пашка Жарскі ў кароўніку пад саломай пасля дубаўцаў.
Дубаўцы — партызаны брыгады Дубава, — выйшаўшы з блакады з Паліка, перайшлі праз раку Дзвінасу і сталі ў Замошшы: панабіваліся бітком у хаты і хлявы; на ферме занялі два пустыя з пачатку вайны доўгія кароўнікі пад лесам. Кароўнікі былі застолены жэрдзем і саломай, старой, даваеннай — уцеплены на зіму; салому, рассунуўшы жэрдзе ў адным і ў другім кароўніку, дубаўцы паскідалі на цвёрды, убіты яшчэ калгаснай скацінай дол, узгаілі і ляглі на яе аблогай на цэлы тыдзень. Змучаныя пасля прарыву, яны храплі на ўсю ферму, днём на гарачым чэрвеньскім сонцы пад чыстым сінім небам яны, падняўшы з-пад плота старое доўгае пашчапанае карыта, вычасанае з сасновага камля, з якога да вайны паілі скаціну і якое, лежачы высака пад плотам, не згніло, раздзяваліся дагала і мыліся, як у лазні. Мылі і адзежу, шэрую, жоўтую, бурую ад крыві, і сцялілі яе на дзядзінцы на дзірван — сушылі на сонцы.
Замошша было, лічы, пустое: ратуючыся ад немцаў, пайшло перад блакадай за Дзвінасу на Палік і цяпер пасля прарыву варочалася дамоў па адным, па два чалавекі ў дзень — перасохлы ручай пасля навальніцы збіраўся па кропельцы, і было відаць, што не збярэцца. Дубаўцы былі галодныя і ў пустых хатах падымалі ўсё ўверх дном, шукаючы, што б можна было ўзяць на зуб: жменю жыта ў лубачцы ў шафарні ці парослую бела-сінімі расткамі аж у калена старую бульбу ў варывеньках. Пасля немцаў і гэта цяжка было знайсці: адны чыстыя хаты і вытаптаныя рудыя парасчыняныя двары, усыпаныя белым курыным пер'ем і доўгенькімі жоўтымі гільзамі ад нямецкіх вінтовак, густа, кучкамі, не ступіць: колюць ногі. Дубаўцы тады пайшлі па гародах і па жоўтых ад пяску загонах пад соснікам, пайшлі з доўгімі шампаламі ад пэтээраў — паролі зямлю, шукаючы закапаныя — схаваныя ад немцаў — куфры і кадзі з жытам. Знайшоўшы, сушылі жыта на бляхах у печы, малолі па чарзе ў жорнах дзень і ноч, саставіўшы аўтаматы дзе-небудзь у парозе: учынялі хлеб у дзежах, закасаўшы рукавы, і, не даўшы яму добра падысці, клалі на драўляныя лапаты буханкі і неслі ў натопленыя печы ў дымны і чадны ад памяла дух. Гарачыя яшчэ, не даткніся, буханкі кроілі на ацеслівыя лусты, накладалі на бляхі і ставілі ў печ — сушылі сухары.
І так — па ўсёй вёсцы.
Напакаваўшы сухарамі рэчмяшкі — палатняныя торбачкі з папрывязанымі знізу за ражкі аборкамі і сціснутымі зверху пятлёй — і падчысціўшы на градах пад хлявамі зялёную лапушыстую мультанку і леташняе сухое пучча на гарышчах, дубаўцы праз тыдзень зняліся і пайшлі назад у свой раён: Віцебск, казалі, быў ужо заняты нашымі.
Пасля іх асталіся раскопаныя ямы ля лесу з парасчынянымі парожнімі куфрамі, запыленыя мукой жорны ў сенцах, павыскрабаныя дзежачкі і чыстыя, прапахлыя падгарэлым ржаным хлебам бляхі на прыпечках.
І разгоеная салома ў кароўніках, дзе яны спалі.
У разгоенай саломе ў першым кароўніку Пашка Жарскі і знайшоў «эфку». Новенькую, чорненькую, як жук, з бліскучым рычажком і колцам на бліскучым, аж пырскаў на сонцы, шпяньку; з чырвоненькім пахнючым, калі адкруціш, запалам усярэдзіне. «Эфка» была рубцаватая і цяжкая: апусціў за пазуху — выцягнула з-пад дзяжкі кароценькую старую чорную картовую рубашку і грукнула аб зямлю, як камень.
«Эфку» ён знайшоў не адразу. Прыбегшы ў кароўнік самы першы, нават апярэдзіўшы Вайду Толю — Бізуню, ён доўга поўзаў па саломе на каленях, падымаючы яе пластамі і перасяваючы рукамі дробную пацяруху — у вочы і ў горла лез чорны, едкі пляснівы пыл ад перацёртай саломы. Спачатку трапіліся пад пальцы патроны ад нашага аўтамата — кароценькія, з тупымі насамі, яны ляжалі ў жмені, як боб; калі ён падносіў іх да вачэй — блішчэлі пад сонцам, што праціснулася праз дзіркі ў страсе, як жар. Ад іх, здавалася, было горача ў пальцы, і ён доўга не дзяржаў іх на далоні — сыпаў за пазуху, дзе яны ціхенька бразгалі і свяжылі голае цела холадам, што каменьчыкі. Пасля пачалі трапляцца патроны ад нашай вінтоўкі, чырванаватыя, з кулямі, афарбаванымі на кончыках у чорнае з чырвоным, з чырвоненькімі, залітымі фарбай капсулямі на пятцы. Ад патронаў абвісла рубашка на жываце — вось-вось вышмыкнецца з-пад дзягі, як усё роўна ад агуркоў, нарваных з чужых град, але ён сыпаў і сыпаў і кароценькія і доўгія патроны за пазуху, як струкі гароху. Пад рукі трапіліся кавалкі бінту, рудога, акрываўленага; складны ножык — паляцеў за пазуху, бразнуўшыся ціха аб патроны; бітыя друзалачкі толу, як цэру з бярозы; разабраны дыск ад ручнога кулямёта — дзве чорныя талеркі; стаптаны нямецкі чаравік з цвічкамі на падэшве і з дротам замест шнурка; жоўтая папера; кавалачак бікфордавага шнура, апаленага, пустога, — усё адлятала набок пад сцяну: ад іх не было радасці. Радасць была толькі ад новых, жоўтых, відаць, нядаўна скінутых з парашутам патронаў. І калі нарэшце ён знайшоў «эфку»: апёрся даланёй пад саломай, як на камень, ён ухапіў яе і, як патроны, кінуў за пазуху: каб раптам ніхто не згледзеў. Але рубашка вышмыкнулася з-пад дзягі, і разам з «эфкай» пад ногі на салому вытрасліся патроны. Падперазаўшыся нанава, ён хуценька сабраў за пазуху патроны, а «эфку» трымаў у руцэ, як вялікае качча яйка падняў з купіны на балоце з гнязда. Толькі не блакітнае, а чорнае...