Узгоеная салома ў кароўніку праціўна пахла мышамі, на загуменні, здалося, чуваць былі галасы, і ён, асцярожна ступаючы па саломе, пайшоў да дзвярэй: баяўся, што яго могуць застаць з «эфкай».
З чыстага сіняга і высокага неба з-пад белага сонца, якое ўжо ладна адарвалася ад лесу, сыпалася гарачыня: на шчокі, на закасаныя рукі, на босыя ногі. І ўсюды было ціха: у вёсцы, на ферме, на загуменні. Дубаўцы пакінулі вёску, відаць, додніцай — зняліся і пайшлі. Не было чуваць ні гоману, ні крыку, ні бразгату, як перш; не ляпалі вароты, не кракталі асверы і не валілі на зямлю густыя чорныя дымы ад смаляных дроў. У дадатак — не рыкала скаціна, не галяшылі пеўні, нават птушкі не пелі. Вёска — як вымерла. І ў гэтай цішыні і спакоі паднялося раптам на загуменні між дробнага бульбоўніку воблачка сівога пылу, павісла над дарогай, якая вяла за гумны ў канец вёскі, і з-пад яго, як мышы з-пад капы сена, пачалі выскокваць дзеці — Вайды ўсе да аднаго, — беглі на ферму, як на пажар. Відаць, заспалі...
Першы, адарваўшыся ад астатніх, растапырваў шырака ногі, як перакідваў сажань, сам Вайда Толя — Бізуня. Ён ужо добра быў відаць на загуменні: стрыжаная пад машынку з адрослымі шчотачкай, як атава пад плотам, валасамі, з шырокім тварам — блішчыць на сонцы, з вузкімі прыплюснутымі вачыма. Яму было дванаццаць гадоў — на два гады старэйшы за яго, Пашку Жарскага. Звалі яго Бізуня: у Даўгынаве, дзе яны жылі перш усёй сям'ёй, пакуль яго старэйшы брат не перайшоў з паліцыі ў партызаны, Вайда Толя краў у паліцаяў патроны, за што яго, злавіўшы, паліцаі лупілі бізунамі, пасля чаго ён стаў заікацца: «П-па-лучыў б-бізуня...» Яго і сталі зваць Бізунем... Яго брата высачылі паліцаі, і ён перабег у партызаны. Яны ўсе, Вайды, ратуючыся, перабеглі тады разам з Даўгынава ў Замошша: бацька — высокі худы Вайда Ігнась; маці — маленькая, тоўсценькая, кругленькая, з чырвонымі поўнымі шчокамі — Вайда Анеля; пасля дзеці, маладзейшыя адзін аднаго гады на два — Вайда Толя, Вайда Казя — чорненькі, пузаценькі, касы на адно вока, рослы, Толю па плячо, гадоў дзесяці; Вайда Збысь — цененькі, як дубчык, з выцмуглым ладным носам, са светлымі, як у Анелі, валасамі: Ігнась быў чорны; Вайда Здзісь — святлейшы за Збыся, з поўненькімі, як у маці, шчокамі — пускаў увесь час з носа і рота бурбалкі, у доўгай палатнянай кужэльнай кашулі да калень, без штаноў: большыя насілі пафарбаваныя ў мучанічніку чорныя палатняныя штонікі; і Вайда Рымуся — светленькая, вочкі сіненькія, чыстыя; валосікі беленькія, дробненькія; шчочкі, пальчыкі на руках і калені вымазаныя ўсягды ў гразь; у такой жа самай палатнянай, толькі вузенькай і кароценькай — сагнецца — усё відаць — сукянёшцы. Беглі яны з Даўгынава праз Вілію і праз лес ноччу — у Ігнася двое на руках, у Анелі двое, Вайда Толя бег сам — не схапіўшы нічога з хаты: ратаваліся. Не пабеглі б — іх бы ўсіх расстралялі і спалілі б разам з хатай... Іх паставілі партызаны да старой Петрусіхі; вёска іх прытуліла, і яны, прыбегшы ўвосень, пражылі ў Замошшы зіму і вясну, выжылі і налета: не пайшлі з вёскай на Палік, асталіся ля дому ў Цянях у балоце — і выжылі. Усе з вёскі, хто не пайшоў на Палік, і ён, Пашка Жарскі з хворай маці, — уцалелі. Старэйшага сына Вайдаў забілі недзе зімой, калі бралі гарнізон у Мільчы: прывязлі на санях і ўнеслі ў хату адубелага. У вёсцы іх усіх звалі Вайдамі, а каб не блытаць аднаго з адным, да Вайды дабаўлялі імя: Вайда Толя, альбо Вайда Тудзеля — пасля паліцэйскіх бізуноў ён заікаўся і не выгаворваў словы: на кудзелю гаварыў тудзеля; Вайда Казя, Вайда Збысь, Вайда Здзісь, Вайда Рымуся, альбо Айдарымуся; нават старых, бацьку і маці, звалі Вайда Ігнась і Вайда Анеля. Жылі яны пасярод вёскі, а ён, Пашка Жарскі, з канца, ля самай фермы. Калі пайшлі дубаўцы, ён і пашастаў першы па кароўніку, апярэдзіўшы Вайду Толю — Бізуню — і набіўшы патронамі запазушша. Патроны можна было яшчэ «падзяліць»; пасля, паклаўшы патрон на пляскаты камень, лупіць па ім другім пляскатым каменем з высокага частаколу: страляць на ўсю вёску, а «эфку» Бізуня адразу забярэ...