Выбрать главу

Толькі цяпер Пашка Жарскі згледзеў, што Вайда Толя быў як «камандзір»: цераз плячо ў яго вісела кірзавая сумка, у ёй, чуваць было, нешта бразгала: можа, яго пісталет з патронамі, а можа, пазбіраныя на дарозе адумыслыя круглыя каменьчыкі, якія ён пускаў з пушчалкі. Ад сумкі, прычэплены з аднаго і з другога боку, звісаў беленькі бліскучы нямецкі ланцужок-шомпал. Дагэтуль у яго не было ні сумкі, ні ланцужка. Чым не камандзір? Не хапала толькі пісталета збоку, як у партызан, і гранаты, якую можна было пакласці ў мяшэчак і павесіць на жываце на дзягу... Ён ніколі яшчэ не меў сваёй гранаты і цяпер, відаць, думаў яе знайсці: рваўся ў кароўнікі. Прыплюснутыя вочы ў яго гарэлі, шырокі твар сцякаў потам, з разяўленага рота, з абвіслай ніжняй губы цякла сліна — яму на рукі і на сумку.

Ён пабег наперадзе да першага кароўніка і расчыніў адны і другія дзверы, каб было відней. Адзін толькі Вайда Казя з задзёртым падалом астаўся стаяць у парозе — дзяржаў патроны, — астатнія Вайды і з імі Пашка Жарскі з крыкам і піскам кінуліся ў салому і сталі падкідаць яе ўгару і рукамі і нагамі, падняўшы праз хвіліну пыл, што свету не было відаць.

Патроны ніхто не знаходзіў.

— Смар-ркачы! — крычаў Вайда Толя. — Хрэн з імі, з патронамі... Грайснаты шукайце... — у яго ўпіраўся ў зубы, не месцячыся ў роце, доўгі язык, і ён каверкаў словы. — Рукамі зверху мацайце. Грайснаты цвёрдыя, як каменне...

Сам ён, лёгшы на спіну, пачаў качацца па саломе ад сцяны да сцяны, і разам з ім качалася яго чорная кірзавая сумка і белы ланцужок. Качаліся па саломе і ўсе Вайды, гледзячы на яго; качаўся і Пашка Жарскі; пасля, узлаваўшыся, падкідалі салому вышэй галоў, перасыпалі патруху на пальцах; перааралі нагамі і перабаранавалі пальцамі ўвесь першы кароўнік — ніякага ўлову: гранат не было. Знайшлі толькі два пагнутыя жоўтыя патроны ад нямецкай вінтоўкі, і ўсё.

— П-падпаліць бы к чортавай мацеры!.. Толькі няма чым... — Вайда Толя вылаяўся, як стары, адшпіліў сумку, адагнуў пругкае кірзавае вечка, высыпаў з яе дробненькае белае каменне пад ногі, і Вайда Казя перасыпаў яму ў сумку патроны з падала. Вайда Толя зашпіліў сумку і яшчэ раз вылаяўся:

— У д-другі к-кароўнік, б-бляха... Не знойдзеце грайснаты — галаву адкручу кожнаму і зад заткну, як затычкай...

І ў другім кароўніку паднялі салому і пыл. Качаліся, перасявалі праз пальцы мякіну, кашлялі і перхалі, наглытаўшыся трухі, але не знайшлі ні гранат, ні патронаў. У другім кароўніку ў саломе былі толькі бінты — рудыя, чырвоныя ад свежай крыві, скомканыя ў жмуты і расцягнутыя на ўсе рукі; валяліся кавалкі ваты, рудой, аж чорнай, пахлі ёдам і яшчэ нечым едкім і горкім. Гарката лезла ў нос і шчыпала ў горле.

У другім кароўніку ў дубаўцаў, відаць, ляжалі адны раненыя.

— П-падпаліць усё к ч-чортавай мацеры... Б-бляха...

Пад саломай у другім кароўніку былі адны мышы — і вялікія, і малыя. Шэранькія, буранькія, з маленькімі бліскучымі чорнымі вочкамі, яны пішчалі пад саломай і беглі з-пад ног да сцен у норы. Падымала ўгару босыя ножкі — адну, тады другую — і пішчала, як мышы, маленькая Рымуся.

Узлаваўшыся, што нічым не ўдалося пажывіцца ў двух кароўніках, Вайда Толя пачаў душыць мышэй — таптаў босымі нагамі. Згледзіць мыш, падскочыць, ступіць нагой, пакаўзнуўшыся на ёй, жывой, як на лёдзе, і, лаячыся, валіцца ў салому. Мышы кусаліся, акрывавілі яму пальцы на назе, і ён звярэў, мацюкаўся і крычаў на ўвесь кароўнік. Цяпер усе глядзелі толькі на яго: пасталі і ўтаропіліся. Для Вайды Толі, здавалася, нічога цяпер на свеце больш не было: толькі мышы. Забыўся ён на патроны, якія бразгалі ў яго ў сумцы; на гранаты, якія ўсю вайну шукаў, так і не знайшоўшы; ён цяпер, як прагавіты кот, душыў мышэй — расціскаў босай пятой — і, хапаючы за хвост, кідаў іх у дзверы — дзецям пад ногі. Вялікую сівую мыш з белым, як у малацэ, вушкам ён ніяк не мог задушыць — ступаў пятой, а мыш вышмыквала з-пад яе, што ў ката з лап; ён злаваў, мацюкаўся, і ў яго з рота яшчэ больш цякла сліна. Мыш з белым вушкам пішчала на ўвесь кароўнік; закрычаў і ён нема: па вялікім пальцы на назе ў яго пацякла кроў. Ён пабег на двор, на траву, кульгаючы і падскокваючы на адной назе, і яны ўсе пусціліся за ім. Згледзелі, што па траве, расхінаючы лісце падарожніку, бяжыць сівая мыш з белым вушкам. Вайда Толя цяпер баяўся ўжо прыціскаць яе нагой, падымаў з зямлі каменне і кідаў у яе, не могучы лучыць.