Сівая мыш з белым вушкам бегла хутка, яны ледзь паспявалі за ёй. Мінуўшы першы кароўнік — не пабегла ў расчыненыя дзверы пад разгоеную салому — яна павярнулася да свірна. Вайда Толя быў ужо дагнаў яе і занёс над ёй нагу, каб ціскануць апошні раз, не пабаяўшыся востранькіх зубоў, але яна і на гэты раз вышмыкнула ў яго з-пад пяты і шуснула пад свіран — якраз тым месцам, дзе нядаўна ляжаў распластаны на траве Пашка Жарскі. Вайда Толя як бег за мышшу, так і расцягнуўся на траве, высалапіўшы язык і выцягнуўшы пад вугал руку, як кот лапу, каб учапіцца за мыш кіпцямі. Здурнеў, ці што? Пасля раптам аціх, выпрастаўся роўненька, што прут, застыў, нават сліна перастала цячы ў яго з рота, застылі і ўсе, нагнуўшыся над ім, тады памалу пачаў адсоўвацца назад, і ўсе згледзелі, як ён, стаўшы на калені, падняў з зямлі руку... У руцэ была чорненькая з наліплай сырой зямлёй, сівой патрухай і дробненькім павучыннем «эфка». З белага бліскучага рычажка і кругленькага колца ім усім сцебанула па вачах яркае калючае сонца...
— Б-бляха... — Вайда Толя вышчарыў зубы, вочы ў яго ўтапіліся недзе за шчокі ад радасці; ён хацеў падняцца з калень на ногі, але яму на плечы скочыў Пашка Жарскі, і яны, счапіўшыся, пакаціліся клубком па траве пад плот у лебяду і канаторжнік. Толькі рука ў Вайды Толі была выцягнута з «эфкай», заціснутай у пальцах, і яе, намагаючыся, хацеў вырваць Пашка Жарскі. Яны качаліся па траве — пад плот у лебяду і назад на дарогу на каменне, — саплі, дзёрлі ногцямі адзін аднаму рукі, шыю, шчокі і не маглі даць адзін аднаму рады. За імі бегалі ўслед усе меншыя Вайды — ад свірна да плота і назад пад свіран. Вайда Толя змогся на траве, соп; лавіў, каб сцяць Пашку Жарскага за горла, і не мог; на мокрыя ад поту твары ім абаім паналіпала пяску, насыпалася ў рот, і яны плявалі адзін на аднаго і не маглі адплявацца. Скруціліся ў адно, нібыта хто іх аплёў калючым дротам — каб, здавалася, і хацеў разняць — не разнімеш. Толькі рука з заціснутай «эфкай» адтапырвалася далей, і за ёй цягнулася другая рука — карацейшая — вось-вось дастане да маленькага бліскучага колца...
«Эфка» грукнула на дарозе аб камень. Бразнула колца...
— Лажысь!.. — закрычаў Вайда Толя нейкім дзікім голасам. Тады яны адразу адпусцілі адзін аднаго і ўскочылі на ногі. «Эфка» асталася ў Вайды Толі.
— Станавісь!.. — закамандаваў ён. — Цяпер увесь Вір мой. Б-бляха... — вочы ў яго зноў паявіліся з-пад шчок і загарэліся. Заміргалі павечкі, атрасаючы пясок. Пасля ён пакруціў «эфку» ў далонях і пачаў здзьмухваць з яе пясок і дробненькую травіцу. Пад сонцам на далані ў яго «эфка» чарнелася, як сажа...
2
Вада ў Віры была чорная, круціла пад вербалозам белую, як ад сырадою, пену і блішчэла, пераліваючыся на сонцы, каструбаватай луской. Здавалася, вялікая рыбіна б'ецца між берагоў і дыхае вялікімі жабрамі.
Рака цякла з далёкай пушчы, віляла часта між старасвецкіх альшэвін на лагах і балотах, пакідаючы на загібах круглыя глыбокія цёмныя віры. Самы большы, Вір — і лог ля яго і балота звалі Вірам — быў недалёка ад вёскі за балотцам — старым разгатым лазняком і маладым альшэўнікам. На ім яны вымазалі ў рудую гразь босыя ногі аж па калені.
У рацэ вяліся шчупакі, плоткі, яльцы, ментузы; ля вёскі на мялейшым — сліжыкі, якіх калолі відэльцамі і лавілі рукамі — прыціснеш зверху жменяй — і дастаеш разам з пяском; курмялі і сіляўка — гэтых лавілі кошыкамі. У Вір ніколі ніхто не лез ні з сеткай, ні з броднем — было глыбака, хата, казалі, магла схавацца: ні Вайда Толя, Ні Пашка Жарскі ні разу не дасталі дна, калі, купаючыся, давалі з берага нырца.
З берага цяпер добра было відаць, як глыбака ў чорным Віры, падсвечаным знізу жоўтым дном, хадзіла плотка — касякамі.
Не крануты касой перастоены лог блішчэў пад ранішнім сонцам павучыннем і пераспелай мятліцай. Ад разагрэтага за лета балота пахла наўкола рабінкай і валяр'янавым коранем; з сівога неба ляніва змахвалі смугу застылым крыллем засмяглыя за свой век канюхі. Пасля адтуль, дзе кружылі канюхі, пайшлі самалёты — зусім блізка за ракой над балотам, — на іх былі знаць чырвоныя зорачкі. Самалёты заслалі ўсё неба; ад іх пабег цень па сівым лагу і па бліскучым Віры.
Пішчалі Збысь са Здзісем; аставалася ззаду Рымуся, і на яе крычаў Вайда Толя. Тады яна даганяла іх: прабяжыць, стане, выцера ад гразі ножкай ножку і зноў даганяе Вайду Казю, каб схапіць яго за руку. У ручцы ў яе было шчаўе — як сціснула ў жменьку на загуменні, так і не выпускала. Змарыўшыся, яна засела ў балоце, і яе нёс на руках Вайда Казя.
Падбегшы да Віру, яны ўселіся на нізкі бераг і, апусціўшы ногі ў ваду, паласкалі іх ад свежай гразі; адна толькі Рымуся не даставала з берага ножкамі да вады. Памыўшы ногі, адбегліся недалёка, як на хату, за сухі бугарок, парослы сіўцом і вобаратнікам — адаслаў Вайда Толя, — і ляглі, павытыкаўшы адтуль галовы, як ваўчаняты з ямы. Сам ён мітусіўся ўсю дарогу, калі ішлі да Віру. І цяпер бегаў па беразе, як сабака; зачырванеўся, з твару ў яго цёк пот і з рота сліна на рукі і на чорную «эфку». Ён выціраў пахвілінна то пот, то сліну, то «эфку». Яе ён сціснуў у нейкім палахлівым утрапенні ў свае доўгія дзіцячыя пальцы — была відаць толькі бліскучая дужка і маленькае колца — біла па пальцах.