Выбрать главу

— Б-бляха!.. Згінайце галовы і растапырвайце падалы... Рыба мая!.. — закрычаў ён і чмякнуўся на сівец за бугарком. Разам з ім чмякнулася і цяжкая ад патронаў чорная сумка, акручаная бліскучым ланцужком. Згледзеўшы, што ён нешта збіраецца рабіць з «эфкай», да яго папаўзлі ўсе Вайды; ён, мацюкнуўшыся, адагнаў іх назад ад бугарка.

Пачуўшы крык і тузаніну на беразе, на лагу запішчалі кнігаўкі. Насіліся як учадзелыя; над бугарком апускаліся нізка-нізка да зямлі, гатовы былі зачапіць крыллем галовы.

— Па в-ворагу!.. Пяском па чэрапе!.. — закрычаў Вайда Толя высокім, асіплым ад страху голасам і, ускочыўшы на калені, выцягнуў уперад правую руку з «эфкай» — рука дрыжала, і траслася «эфка», зачапіўся вялікім пальцам левай рукі за колца, тузануў яго з усёй сілы, якую толькі меў... Ён ніколі не кідаў «эфкі», але ведаў, што пасля гэтага будзе стрэл, пачуўшы які, трэба размахнуцца і кідаць гранату, не дзяржаць ні секунды... Але над вухам трэснуў такі востры і дзяркаты стрэл, якога ён ніколі не чуў, страляючы і з пісталета і з вінтоўкі — здалося, сарвала з галавы чэрап, — і ён, забыўшыся на ўсё, спалохаўся і, замест таго каб тут жа шпурнуць «эфку» ў Вір пад вербалоз, а самому ўпасці на зямлю за бугарок і ўткнуць галаву ў сівец, прарэзліва закрычаў і адкінуў яе ад сябе, як усё роўна гадзюку, якую раптам выцягнуў з-пад карча. «Эфка» пакацілася з бугарка і схавалася ў белай дзяцельніцы, як дзікае качаня, уцякаючы з гнязда.

Ён ведаў, што яна вось-вось рване, і, падняўшыся на ногі, скочыў з берага ў раку. Ля Віру пад высокім берагам было намыта белага пяску — астраўком: там можна было стаць, купаючыся, адтуль можна было даць нырца. Ён і скочыў туды, на пясок пад бераг. Згледзеў яшчэ, як з-за бугарка паказаліся дзіцячыя галовы...

— Хавайся, б-бляха!.. — крыкнуў ён і захліпнуўся ад свайго крыку.

І хай бы ён лепш не крычаў...

Вайды, усе чацвёра, спужаўшыся, падняліся на бугарку, каб перабегчы пад бераг — туды, дзе схаваўся ён. З ім — смялей...

Іх, усіх чатырох, у яго на вачах як усё роўна карова языком злізала... Выбуху ён не пачуў — заткнула толькі вушы нечым гарачым...

Калі ён пасля вылез з-за берага, на зямлі, дзе схавалася была ў дзяцельніку «эфка», у неглыбокай ямцы блішчэла ўскалочаная чорная гразь. Белыя галоўкі дзяцельніцы ля яе былі чырвоныя ад крыві... На бугарку, на белым сіўцы, валяліся кавалачкі парудзелага палатна ад адзежы — хліпалі пад ветрам — і ляжала Рымусіна маленькая беленькая — сышла кроўю — ручка па локаць з заціснутым у жменьку прывялым шчаўем з загумення...

З-за бугарка падняўся на ногі Пашка Жарскі — не пабег хавацца пад бераг і астаўся жыць.

З чорнай ямкі доўга ішоў сівы дым. Над логам шалелі ад крыку кнігаўкі, сабраўшыся як усё роўна з усёй зямлі — угары ад іх ажно краталася неба. Чорныя канюхі падняліся да самага сонца і згарэлі...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Хавалі Вайдавых дзяцей назаўтра. Вайда Ігнась з Анеляй думалі пахаваць іх у адным дамаўі — дзе возьмеш дошкі, — але вёска не захацела, заўпарцілася. І тады Вайда Ігнась зняў на ферме ў першым кароўніку адны і другія дзверы і збіў са старых дошак чатыры маленькія дамаўі.

Іх аднеслі на могілкі і закапалі бабы — восем баб, якія знайшліся ў вёсцы. Вайда Ігнась і Анеля дамаўя не неслі — у вёсцы свае не насілі ніколі ні дамаўя, ні вечка...

Вайда Толя на могілкі не пайшоў: прагналі бабы «з воч далоў...».

3

Цэлы тыдзень Вайда Толя не выходзіў нікуды з дому.

Праз тыдзень праз вёску пайшлі нашы. Гаварылі, што яны — і танкі і машыны — ужо даўно ідуць па шашы з Плешчаніц на захад, але праз вёску яны пайшлі толькі цяпер: праехала легкавая машына з адкрытым верхам, з афіцэрамі ў бліскучых жоўтых пагонах — на каленях у афіцэраў ляжалі аўтаматы — і за машынай, пачакаўшы, пайшоў абоз. Паркі коней, шэрыя, у яблыкі, чорныя, гнядыя, запрэжаныя з аднаго боку дышля і з другога, цягнулі вялікія калёсы з вялікімі заднімі коламі — вышэй плота. На калёсах, адкрытых і прыкрытых брызентам, ляжалі зялёныя скрынкі і скрыначкі, катушкі кабелю, нечым поўна набітыя мяхі, вяроўкі, шлеі, катлы, вёдры, кацялкі... Зверху на мяхах ківаліся аўтаматы з жоўтымі прыкладамі і брызентавымі рамянямі і сядзелі высока на скрынках салдаты ў выгаралых гімнасцёрках з пакамечанымі пагонамі, у злінялых пілотках, расхрыстаныя, загарэлыя, чорныя з твару, вусатыя, з пасівелымі валасамі. У вёсцы яны не станавіліся; паварочвалі адразу да маста, але не ехалі на мост, а зварочвалі з дарогі і, пераехаўшы брод — паілі коней, — падымаліся з ракі і ехалі берагам аж на выганчык. Падвод было многа, яны занялі і альшэўнік, і лог па гэты бок ракі ля вёскі, і выганчык на тым баку аж да балота. Якраз вечарэла, сонца садзілася за вёску, і ў вячэрняй цішыні заржалі распрэжаныя коні; забразгалі цуглі і вёдры, зазвінелі глухім звонам катлы, застукалі тапары, затрашчаў на балоце альховы сухастой і задымілі на адным і на другім беразе ракі агні над катламі.