Выбрать главу

Нанач на лог і на выганчык лёг туман, схаваў з вачэй і коней і калёсы, толькі доўга яшчэ — да самай недзе поўначы — гарэлі агні за ракой: уверх высака ляцелі іскры і доўгія цёмныя цені калыхалі густы туман і мрок. Доўга былі чуваць адтуль людскія галасы.

І хацелася Пашку Жарскаму пайсці туды — пабегчы з двара і сядзець упобачкі з салдатамі ля агню, як перад вайной з калгаснымі начлежнікамі, сцюцюрыўшыся, падагнуўшы да грудзей калені і паклаўшы на іх галаву.

Але Пашка не пайшоў: ён цяпер баяўся ісці з двара, а ў хаце стагнала хворая маці.

Усю ноч іржалі ў тумане коні. Раніцай усходам сонца абоз зняўся і неяк надта хутка схаваўся на грэблі. Туман над пустым выганчыкам падняўся ўгару, і было відаць, як на начных вогнішчах курыцца сівы дымок.

Калі абоз з'ехаў з грэблі, усюды стала пуста і ціха: на лагу, на выганчыку і ў вёецы. І ў гэтай цішыні з туманам і з лёгкім ветрыкам, што пацягнуў з-за ракі, на дварэ запахла вараным мясам — густа і востра, як пахла ў партызан з гаршка, калі яны даставалі яго з печы і садзіліся ў хаце за стол.

Пашка Жарскі не выцерпеў: забыўшыся, што яго нікуды не пускае маці, сарваўся з двара і пабег гародам на лог. На лагу за платамі былі зблэчана трава і знаць сляды ад падкоў і калёс, курэла вуголле ў вогнішчах, валяліся драўляныя парожнія скрыначкі, кабель, шлеі ад збруі, вёдры і — ?! — ленты з патронамі ад нямецкіх кулямётаў... Доўгія, расцягнутыя, як змеі, халодныя і мокрыя ад расы... Ён іх не браў — ад яго яны нідзе не дзенуцца: ляжаць пад самым плотам. Мінаючы яшчэ нешта драўлянае, жалезнае, драцянае, нагрувашчанае ў кучы, ён бег да вогнішча, якое тлела на самым беразе ракі і над якім быў відаць здалёку вялікі чорны кацёл. Перакуліў нагамі вядро — яно было парожняе і паляцела, забразгаўшы, з берага ў раку.

Кацёл быў яшчэ цёплы — можна было пагрэць халодныя раніцай рукі, — і на дне ў ім ляжалі вялікія — па мужчынскаму кулаку — кавалкі мяса...

«Каніна...» — падумаў ён: калі бег, бачыў, што ля плота ляжаў зарэзаны маладзенькі конь... Ён падумаў яшчэ, што каніны ў вёсцы ніколі не елі, але, успомніўшы, адразу забыўся на гэта: ад голаду падводзіла духі.

Кавалак мяса быў цёплы і салодкі, і з яго капаў тлушч — на грудзі — на рубашку, на штаны, на траву пад ногі; пацёк па руках пад рукавы аж да локцяў...

— Стой! Р-рукі ўверх! Б-бляха... Тут-то ты мяне не абскакаў. З-заморак... Каніну я ўжо еў. На выганчыку за ракой...

Аглянуўшыся, Пашка Жарскі ўбачыў, што перад ім стаіць Вайда Толя, нацэліўшы на яго наш аўтамат з круглым дыскам, з жоўтым прыкладам, з брызентавым рамянём — такія ляжалі ўчора вечарам на калёсах у ваенных.

Вайду Толю Пашка не пазнаваў: на галаве ў яго была выцвілая белая пілотка, на грудзях з аднаго і з другога боку віселі шырокія, у дзве столкі, пафарбаваныя ў ваенны колер металічныя шчыты, якія, мусіць, вешалі салдаты сабе на грудзі, каб не прабіла куля, і якіх, мусіць, забыліся тут на лагу разам з аўтаматам. На шчыты з-за альшэўніку свяціла сонца — стаяла якраз над Вірам — і сцёбала па вачах, як шырокім ручніком. Пашка аж заплюшчыўся...

— К-канчай жорці... Б-бляха... На аўтамат і страляй у грудзі... — Вайда Толя пастукаў кулаком у шчыты, і яны азваліся сухім стальным звонам. — Цяпер мяне ніякая зараза не возьме. Не брала і не возьме... Можаш начапіць і сабе. Там іх, гэтых шчытоў, — Вайда Толя паказаў за раку, — груды. На ўсю вёску хопіць... А аўтаматаў больш няма-а... Аўтамат быў толькі адзін. Б-бляха... Патронаў поўны дыск. Блішчаць, як капейкі...

Вельмі хаделася ўзяць аўтамат, Пашка Жарскі аж выпусціў з рук на траву недаедзены кавалачак каніны... Аўтамат быў цяжкі — не ўдзяржаць дзвюма рукамі.