Выбрать главу

На дварэ было ўжо відна. Прагнаўшы скаціну, ля варот яшчэ стаялі людзі, гледзячы ўслед старому Януку. Янук, ідучы сярод вуліцы па пяску, дзе курэўся пыл, трубіў у доўгую трубу з бяросты — гаманіў на ўсю вёску.

З начы за лесам ля Камена было ціха, і людзі натапырыліся з самай раніцы: ніхто не хацеў ісці ў хату. У кожнага на двары нехта быў: папраўляў вароты, скрыпеў асверам. Недзе рэзалі дровы, у Панка, мусіць, — піла звінела на ўсю вёску. Людзі між сабой не гаварылі, і было неяк надта ціха. У некага рана пахла з коміна дымам. Гарэлі смалякі, і дым добра быў чуваць на дварэ.

Ці не пажар дзе? — людзі падымалі галовы і пазіралі на вуліцу.

Толькі Янук трубіў, не сціхаючы, ля лесу — сёння ён пагнаў кароў за Карчаваткі на пасеку. Адтуль, дзе схавалася скаціна, ішлі ў вёску партызаны — былі ўжо блізка ля Боганчыкавай хаты, заняўшы ўсю вуліцу.

Таня бачыла іх з двара, ідучы ў хату. Выгнаўшы карову, яна нават не прыткнулася ля варот: маці недзе і стаіць у парозе ля вушака, не адышоўшыся. Не дойдзе сама да ложка. І чаго ўставала... Магла клікнуць яе, Таню. Яна, Таня, не так ужо моцна спіць і сама прачнулася б, калі б Янук затрубіў ля хаты. Янук у кожнага ля варот трубіць — будзіць... Трэба скарэй завесці маці да ложка, каб лягла, і падаць ёй пад галаву падушкі. Яна тады як сядзіць усё роўна, і яе не блажыць...

З двара было чуваць, як кашляе ў хаце ў парозе маці...

Таня была ўжо ля самых сеначак, калі далёка над лесам, у тым канцы вёскі, якраз пад загуменне, узляцела ракета. Чырвоная і яркая, што мак. Вісела над пустымі азяродамі ў Панка на гародзе і, калі падала, доўга яшчэ блішчала, як шкляная. Таня бачыла ракету першы раз.

Стала раптам ціха, як у вушку. Не бразгалі на вуліцы вёдры, у Панка на дрывотні сціхла піла. Нават маці не было чуваць у сеначках. Толькі тахкала ў грудзях: тах, тах, тах...

Тады за вёскай, на загуменні, загрымела моцна і не сціхаючы — здалося, зусім блізка, бы ў Панка ў хаце звалілася што са сцяны на падлогу ці перасоўвалі лавы.

А-а-а-а... — захлебястала за лесам у канцы вёскі і за ракой на могілках.

Ускочыла над Панковымі азяродамі і пагасла яшчэ адна чырвоная ракета; нехта нема закрычаў на вуліцы, пасля там заплакалі дзеці.

— Што ж гэта, дачушка? Дзе-е-е ты-ы?.. — маці, нямогучы, лавіла рукамі вушак у сеначках: ішла на двор.

— Ма-ама... — як нешта адарвалася ў Тані ўсярэдзіне — яна загаласіла, бегучы да маці.

Каб не падхапіла яе пад паху, яна б упала на жвір ля парога, дзе стаяла дзежачка з вадой.

У хаце маці прывалілася на лаву ля стала, дыхала з сябе, выціраючы рукой мокрыя шчокі, і глядзела праз акно ў гарод.

— Чыё гэта на загуменні гарыць, дачушка?.. Агонь над нейчай страхой ускочыў. Дзе ж гэта? Што ж гэта будзе, дачка? Не плач, дачка, не плач... Не трэба плакаць. Нядужа я зусім, але мне лепш, не блажыць. Бяжы, дачка, запрагай кабылу. Калёсы на гародзе. Сена з ляжэек скінеш пад паветку. Глядзі, што людзі робяць. Панка клікні, паможа. А я буду вузлы збіраць. Не плач, дачка, не плач, ты ўжо не малая. Што міру — то і бабіну сыну. Будзем, як і ўсе... Бяжы, дачка... — Маці ўстала з лавы і, кашляючы, пайшла да печы, дзе стаяў ложак. — Дыхаць займае. Чохаўка напала... Бяжы...

Таня ніяк не магла адарваць локці ад падаконніка. На двары ля хлева замахаў крыллямі, выцягнуўшы шыю, чырвоны Панкоў певень — крычаў. Яна яго не пачула. Павярнулася пасля і глядзела, як маці ўзяла за рагі пасцілку з ложка і стала вытрасаць на хаце ад пылу.

«Падушкі будзе звязваць...»

Стралялі, здавалася, недзе блізка: у канцы вёскі і за грэбляй ля могілак. Таня ніколі не чула, каб так блізка стралялі. Яе схапіў холад: ляскалі зубы, усё ў хаце, здавалася, было халоднае, што зімой на дварэ. Яна бачыла праз акно, як ля маста за аселіцай ходзяць партызаны...

На ложку ўжо ляжалі звязаныя ў рудую пасцілку падушкі.

— Глядзі тады ў хаце, дачка... Збяры ўсё з судніка ў абрус. А я пайду Панка клікну, запражэ... — Маці, узяўшыся за грудзі, ішла да парога.

Тады Тані стала горача, бы на яе лінулі вару.

«Маці паваліцца можа...» — падумала яна і закрычала:

— Ма-ма!..

— Запрагай тады, дачка, сама і пад'едзь да ганка. Я лахманы яшчэ з куфра збяру. Нічога ж не схавалі дагэтуль, апушчэнства наша. На вачах усё... Не баўся, дачка...

Маці падышла да куфра, што стаяў ля акна ад гароду, і падняла века.

Таня кулем вылецела ў сенцы: там на шафарні ляжала збруя. Несучы яе перад сабой у гарод, дзе стаялі калёсы, яна думала, што ў іх жа новая дуга, якую даў зімой Панок, калі зламалі старую, возячы дровы. Дуга тоўстая, сукаватая, на яе не надзенеш гуж, трэба браць аглабню пад паху. А хто пасля паможа засупоніць хамут?..